Каталіцкі Касцёл у Германіі да 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны праводзіць у Кёльне адмысловую акцыю пад дэвізам Dona Nobis Pacem — «Дай нам супакой».
Кожны вечар з 26 па 30 верасня на паўднёвы фасад святыні праектуюцца сімвалічныя выявы і антываенныя лозунгі Peace (Мір), Never again! (Ніколі зноў!) і іншыя.
«Мы хочам выкарыстаць вядомасць катэдры і яе значэнне як самага знакамітага рэлігійнага цэнтра ў Германіі, — расказаў у каментары пробашч парафіі Герд Бахнер. — Мы хочам скіраваць зразумелае пасланне свету: Германія выступае супраць нянавісці».
«Мы хочам выкарыстаць вядомасць катэдры і яе значэнне як самага знакамітага рэлігійнага цэнтра ў Германіі, — расказаў у каментары пробашч парафіі Герд Бахнер. — Мы хочам скіраваць зразумелае пасланне свету: Германія выступае супраць нянавісці».
Аўтарамі светлавой інсталяцыі сталі два нямецкія медыядызайнеры Дэтлеф Хартунг і Георг Трэнц. Абодва мастакі разглядаюць сваю інсталяцыю як адкрыты дыялог пра вайну і свет, у якім чалавек узаемадзейнічае з архітэктурай, святлом і тыпаграфікай.
Кожны вечар, пачынаючы з 20.00, на сцены святыні транслюецца закальцаванае 15-хвіліннае слайд-шоу, якое складаецца з выяў, што рухаюцца. Транслююць выявы 19 магутных відэапраектараў.
Аўтары адзначаюць, што ў выпадку з Кёльнскай катэдрай яны не імкнуліся здзівіць гледача, паколькі знакамітая святыня сама па сабе — славутая пабудова.
«Гэты будынак, безумоўна, можа сказаць нам больш, чым мы яму, — кажа Дэтлеф Хартунг. — Але мы ўпэўнены, што спалучэнне прасторы, святла і гуку створыць вобразы, якія будуць натхняць нас на далейшыя разважанні».
Светлавое шоу суправаджаюць фрагменты класічных музычных твораў, гучаць урыўкі з рэквіема № 1 до мінор Луіджы Керубіні і Высокай Імшы Іагана Себасцьяна Баха Dona Nobis Pacem (Дай нам супакой).
У Першай сусветнай вайне загінула 17 мільёнаў чалавек. У ваенныя дзеянні былі ўцягнуты каля 40 краін свету, якія адправілі на фронт 70 мільёнаў чалавек.
Фармат светлавой інсталяцыі, які выкарыстоўвае каталіцкую святыню як частку арт-аб’екта, не з’яўляецца новым для Каталіцкага Касцёла. Так, у снежні 2015 года ў гонар пачатку Юбілейнага года міласэрнасці ў Ватыкане адбылося маштабнае светлавое шоу: фотаздымкі сусветна вядомых фатографаў праектаваліся на катэдру Святога Пятра.
Catholic.by, 28 верасня 2018