Усе гэта ведаюць. І маюць выбар — як жыццём распарадзіцца. Выбар быў і ў Багдановіча. І цяпер, ведаючы яго лёс і ўяўляючы жыццёвыя магчымасці, якія ў яго маглі б быць, давайце паспрабуем уявіць выбар Багдановіча з пункту гледжання сучаснага беларуса. Ён жа ствараў дзеля будучыні — дзеля нас з вамі. Больш за 100 гадоў прайшло. Ці гатовы мы разумець свайго паэта цалкам — чыста па-чалавечы? У чым мы падобныя, ці не падобныя на яго?
Уявіце: юнак, які жыве ў Расіі, чамусьці ўзгадвае свае карані і вырашае пачаць размаўляць так, як на радзіме. На мове, незразумелай (і калі пераводзіць на сучасныя рэаліі, то абсалютна "не моднай") там, дзе ён жыў. Дзівак?! Захацеў быць арыгінальным ці вылучыцца сярод аднагодкаў — сказалі б зараз. І спагадліва б дадалі: у хаце сярод блізкіх можна і па-свойму паразмаўляць. У нас цяпер усё рацыянальна. Адны словы для сваіх, іншыя — для людзей. А то і наогул — толькі іншыя... У адрозненне ад яго — адваротны працэс назіраецца ў сучасных беларусах, імкненне не ДА мовы, а імкненне АДмовы... Мы б Максіма сёння зразумелі?
Напэўна, адчуваўся ўплыў бацькі Максіма, які захапляўся беларускім фальклорам. Але ж сын пайшоў далей. На беларускай мове ён не толькі размаўляць хоча, але і пачынае пісаць. Вершы ў юнацтве — натуральная справа. Вастрыня пачуццяў, адкрыццё свету, якім хочацца захапляцца. Ці не кожны хоць бы разок паспрабаваў рыфмаваць радкі... А ў юнага Багдановіча яшчэ прыклад Максіма Горкага перад вачыма, які ўзышоў на расійскі літаратурны алімп (сям'я з ім была знаёмая). Можна было марыць пра вялікую літаратуру, якая да таго часу самасцвердзілася ў свеце і на пачатку ХХ стагоддзя шукала новыя тэмы. Літаратары карысталіся там павагай, былі сапраўды моднымі, гуртавалі вакол сябе эліту...
Максім Багдановіч ідзе ў літаратуру. Ён прыходзіць у тую літаратуру, якой для многіх яшчэ не было, якую лічылі правінцыйнай і не надта імкнуліся зразумець. А ён ужо тады думае пра тое, што калі ёсць асобны народ, то і свая літаратура ў яго павінна быць. Новая беларуская літаратура прарывалася да чытача са старонак "Нашай нівы", імкнучыся стварыць асяроддзе з тых, каму не абыякавая будучыня народа, з адметнай культурай, непадобнай на суседнія. Гэта была праца дзеля ідэі, дзеля высокіх думак і сваіх лепшых мар, у якія яны не тое што верылі — яны працавалі на іх здзяйсненне, не дазваляючы сабе думкі, што можа не атрымацца. Працавалі за ідэю, не чакаючы хуткіх вынікаў. Тым больш — узнагароды...
Але праз сто гадоў мы ж ведаем, што мары на тое і мары, каб не здзяйсняцца (можа, ад таго, што мы дапускаем такія думкі, яны і не здзяйсняюцца?). Мы жывём у рэальнасці і ведаем, што працаваць трэба, каб выжыць. А ці думаў пра гэта ён: хворы, замест таго, каб кінуць усё і ратаваць жыццё, прыкласці намаганні, каб упарта і мэтанакіравана лячыцца, захоплена займаўся творчасцю... Ці зразумелі б мы сёння Максіма, які быў рэальным чалавекам (а не героем з кніг) са здольнасцю не шкадаваць сябе, з імкненнем працаваць на ідэю; ці паверылі б сёння ў тое, што такое магчыма? Хутчэй за ўсё, мы б сталі шукаць, што гэта яму дае. І хутчэй за ўсё, думалі б пра матэрыяльнае... Ці паверылі б, што самай галоўнай узнагародай для яго быў выхад твораў, выданне таго ж "Вянка", які стаў адзіным зборнікам, што ўбачыў свет пры жыцці паэта?
Ці вось яшчэ адзін момант з біяграфіі, які здаецца неверагодным асабліва зараз: жывучы ў цэнтры Расіі, дзе выспявалі грандыёзныя падзеі, ўжо тады і подых іх адчуваўся, ён, будучы вельмі цікаўным і неабыякавым маладым чалавекам, скончыўшы юрыдычны ліцэй, едзе ў Мінск. У Беларусь, якую ў тагачаснай Расіі лічылі глухой правінцыяй імперыі. Ён не лічыў — і не меркаванне іншых, а яго ўласнае перакананне было вызначальным. Яго ўласнае жаданне быць карысным там, дзе яго народ шукаў шлях самавызначэння. Максім любіў краіну, якой яшчэ не было, і гатовы быў працаваць дзеля яе.
Мы маем краіну. Але на што мы гатовы дзеля яе? І ці можам разумець сёння тых, хто мог, імкнуўся, рабіў? Ці хоць бы дзеля павагі да іх гатовы захоўваць тое, што выпястоўвалася, заяўлялася, сведчылася, гадавалася пакаленнямі таленавітых людзей, якія дагэтуль прыклад і вяршыня асоб з сапраўднай нацыянальнай эліты? Такіх, як Максім Багдановіч.
Ён быў і застаўся маладым чалавекам. Пра такіх сёння сказалі б: юнацкія мары, адарваныя ад зямлі, не маюць дачынення да жыцця. Нічога, пажыве, зразумее, што да чаго... Але пасля яго яны засталіся — і перамаглі. Маладыя мары могуць быць вельмі моцнымі, калі людзі не гатовы адмаўляцца і прыстасоўвацца да рэчаіснасці. Тады рэчаіснасць мяняецца. І ствараюцца краіны. Беларусь — гэта краіна мар Багдановіча. Але нам ёсць яшчэ над чым працаваць. Давайце пашукаем падказак у паэта.
...Так, мы вывучалі яго біяграфію. Ведаем: памёр маладым, у росквіце таленту. Паспеў мала... Але вось дзіва: пры тым, што дакладна ведаю, што яго жыццё скончылася ў 25, у маёй свядомасці Максім Багдановіч уяўляецца сур'ёзным чалавекам з багатым жыццёвым досведам, бадай што мудрацом. Можа, таму, што на большасці выяў, помнікаў ён выглядае стрыманым, сумным сталым мужчынам. Ці таму, што словы яго нараджаліся мудрасцю сэрца, яго вобраз падавалі такім? Але сутнасць Багдановіча, напэўна, у тым, што ён за дзесяцігоддзе стварыў на стагоддзі, у той час як дзесяцігоддзяў творчасці для асэнсавання можа хапіць на адзін дзень...
Ларыса Цімошык
Звязда, 9 снежня 2011
Кoличество переходов на страницу: 1201
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |