https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


З ініцыятывы ЮНЭСКА наступны, 2015 год абвешчаны годам палітычнага і грамадзкага дзеяча, дыплямата і кампазытара Міхала Клеафаса Агінскага


Падстава - 250-гадовы юбілей неардынарнай асобы.
Як выглядае маёнтак аўтара самага вядомага палянэзу

Два дзясяткі гадоў жыцьця Агінскага шчыльна зьвязаныя зь Беларусьсю: пасьля ўдзелу ў паўстаньні Тадэвуша Касьцюшкі, эміграцыі ў Эўропу і наступнай рэабілітацыі імем расейскага імпэратара Аляксандра І, цягам 1802–1822 гадоў вялікая сям’я Агінскіх жыве ў радавым маёнтку Залесьсе непадалёк ад Смаргоні.

Менавіта тут створаны музычны вянец ягонай творчасьці — палянэз ля-мінор, больш вядомы як «Разьвітаньне з Радзімай».

Як рухаецца падрыхтоўка да круглай даты?


Абноўлены фасад маёнтка ўжо здалёк уражвае сваёй ненатуральнай бельлю — адчуваецца, што фарба яшчэ зусім сьвежая. Раней пабудовы былі амаль не відаць за кустоўем. Але пасьля таго як у ахвяру прынесьлі ня толькі зьдзічэлую расьліннасьць, а нават цэлую «сьцяну» старой алеі, позірку адкрываецца ўвесь палацавы комплекс. Зрэшты, пры бліжэйшым разглядзе высьвятляецца, што працы яшчэ далёкія ад завяршэньня — як па зьнешнім пэрымэтры, так і ўнутры. Здаць аб’ект меркавалася яшчэ да канца 2011 году, але спачатку фінансавы крызіс, а потым ягоныя наступствы істотна адкарэктавалі ранейшыя пляны. Да таго ж, як кажа навуковы кіраўнік праекту рэканструкцыі, архітэктар Людміла Іванова, перабудоўваць давялося нашмат больш, чым падавалася адпачатку:

«Будынак зьнешне хоць і выглядаў адносна трывалым, але стан яго нават з нацяжкай нельга было назваць „нармальным“. Бо тое, што стаяць сьцены, яшчэ нічога ня значыць. Насамрэч канструкцыі пасьпелі разбурыцца — асабліва за папярэднія паўтара дзясятка гадоў, як працы па кансэрваваньні былі цалкам спыненыя. То бок усе нясучыя канструкцыі, кроквенныя сыстэмы, вокны, дзьверы папсаваліся, таму ўсё гэта давялося замяняць другім наваратам, наноў замацоўваць. Мабыць, бачылі, што сьцены давялося дзесьці крыху разбураць, часткова ўзмацняць, перакладаць. Наноў адбудаваная аранжарэя, пад якую прыйшлося капаць катлаван, заліваць падмурак. У складзе новага будаўніцтва — таксама домік садоўніка і пры ім кацельня. Аб’ём досыць вялікі».

Як вядзецца, не абышлося без элемэнтаў «глябалізму». Нават неспрактыкаваным вокам відаць, наколькі навабуд аранжарэі выпірае над астатнімі пабудовамі, узяўшы на сябе ролю дамінанты з тыльнага боку комплексу. Зрэшты, прычына таго, што адноўленая «цяплярня» істотна падрасла, простая: тут мяркуецца абсталяваць некалькі гатэльных нумароў, каб паціху акупляць дзяржаўныя выдаткі. Знаўцы ківаюць і на шклопакеты ў аранжарэі, якія зь невядомай прычыны давялося цалкам замяніць на іншыя, ды на лішак сучасных матэрыялаў у аздабленьні інтэр’ераў. Відавочна, што вырашана зэканоміць на гадзіньніку на імправізаванай вежачцы над галоўным уваходам. Пакуль што ў будаўнікоў не дайшлі рукі да капліцы, млына, альтанкі, сажалкі, што зарасла тваньню, ды іншай навакольнай тэрыторыі. Зрэшты, як кажуць мясцовыя жыхары, можа, яно і на лепшае — хоць нешта захавае аўтэнтычныя рысы.

Куратары праекту рэстаўрацыі не сумняюцца, што за год, які застаўся да 250-гадовага юбілею Міхала Клеафаса Агінскага, маёнтак будзе цалкам упарадкаваны. Чакаецца, што на ўлазіны зьбяруцца госьці з усёй Эўропы. Зрэшты, як кажа колішні навуковы супрацоўнік філіі музэя Агінскага пры Дзяржаўным музэі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Сяргей Верамейчык, стаўленьне да асобы палітыка, дыплямата і кампазытара дагэтуль неадназначнае.

Некаторыя дасьледчыкі лічаць, што ідэя ЮНЭСКА абвясьціць 2015-ты годам Агінскага таго ня вартая. Выглядае, што ў зачараванае кола Агінскі трапіў яшчэ пры жыцьці: так, Польшча ня можа дараваць яму службу на карысьць Расейскай імпэрыі, а Расея — ягонае паўстанцкае мінулае:

«Магчыма, што гэта і насамрэч так. Проста мы ўсе жывём, як гэта кажуць, фантомнымі болямі, шмат яшчэ дасталася нам у спадчыну ад гэткага дзяленьня на „нашых“ і „нянашых“. Нават у Польшчы ёсьць некаторыя гісторыкі, якія наагул ня лічаць Міхала Клеафаса Агінскага знанай асобай — перадусім з-за таго, што спачатку ён ваяваў пад штандарамі Тадэвуша Касьцюшкі, а потым стаў сэнатарам у расейскага імпэратара Аляксандра І. Хоць гэта, як мне падаецца, збольшага заскарузлыя эмоцыі, састарэлыя меркаваньні.

Сёньня на такія рэчы трэба глядзець крыху іншымі вачыма. Але выглядае, што крыўды не праходзяць. І, магчыма, менавіта з-за ранейшых крыўдаў тыя ж расейцы з Санкт-Пецярбургу — а з гэтым горадам, у тым ліку ў залескі пэрыяд, у Агінскага зьвязана вельмі шмат — ня лічаць яго за асобу, вартую асаблівай увагі. Але хто іх там разьбярэ...»

За часамі Агінскага ў Залесьсе зьяжджалася самая перадавая інтэлігенцыя з усёй Эўропы — знаныя навукоўцы, музыкі, літаратары, мастакі, сябры-паўстанцы. З-за сваёй элітарнасьці маёнтак, інфраструктуру якога гаспадар закладаў, зыходзячы перадусім з уласных густаў, атрымаў характэрную назву — Паўночныя Атэны. Як сьведчаць архіўныя зьвесткі, імпрэзы тут мелі загадзя прадуманую праграму з тэатралізаванымі дзеямі і выступамі музыкаў.

Рамантычны антураж вялікасьвецкай сядзібы адбіўся на яе абліччы — невялікая па мерках тагачасных магнатаў, яна захоўвала поўную архітэктурную гармонію з паркам і возерам. У ціхіх куточках сядзібы былі ўсталяваныя памятныя камяні ў гонар Тадэвуша Касьцюшкі і гувэрнэра Жана Ралея, імёнамі дачок называліся альтанкі і кветкавыя клюмбы, на забаву дзяцей і гасьцей былі адгароджаныя два зьвярынцы.

Залатыя дзянькі Паўночных Атэнаў скончыліся разам зь небясьпекай, якая навісла над гаспадаром. У 1822 годзе пачаліся арышты сябраў Таварыства філяматаў і філярэтаў, зь якімі шчыльна кантактаваў Агінскі. Каб не спакушаць лёс, ён просіцца ў царскага ўраду выехаць на лекаваньне за мяжу, магчыма, не падазраючы, што шляху назад ужо ня будзе.

Да пачатку ХХ стагодзьдзя ў Залесьсі гаспадарылі нашчадкі па лініі дачок Агінскага Амэліі ды Эмы. Але далейшыя геапалітычныя падзеі шматкроць перапрафілёўвалі колішнюю рамантычную мясьціну. У Першую ўсясьветную вайну тут месьціўся вайсковы шпіталь 10-й расейскай арміі. У расейска-польскую вайну сядзіба таксама служыла сховам для расейскіх вайскоўцаў. Тым ня меней новыя гаспадары здолелі прывесьці частку пабудоваў у належны стан, і ў больш-менш прыстойным выглядзе маёнтак захоўваўся аж да «вызвольнага паходу» Чырвонай арміі.

За саветамі ў «вернутым народу» палацы разьмясьціўся дом адпачынку для менчукоў, а падчас Другой усясьветнай вайны тут раскінулі шпіталь для чырвонаармейцаў. У паваенны час, да пачатку 1960-х, у сьвецкіх харомах атабарыўся дом адпачынку работнікаў прамкаапэрацыі, які ў 1961-м быў ператвораны ў дом інвалідаў і састарэлых. А ў 1970-х маёнтак вызвалілі ад нядаўніх насельнікаў ды перадалі на балянс аб’яднаньня «Смаргоньсылікатабэтон». Кіраўніцтва заводу ня надта дбала пра «культурны баляст», і Паўночныя Атэны ўступілі ў фазу «глыбокай замарозкі» — пабудовы занепадалі, паркі зарасталі пустазельлем, маёмасьць бязьлітасна расьцягваў мясцовы люд.

Але цяпер ужо ёсьць спадзяваньне, што празь дзьве сотні гадоў пасьля таго, як Міхал Клеафас Агінскі стварыў райскі куточак на асобным кавалачку беларускай зямлі, Залесьсе зноў ажыве. Прынамсі дзякуючы турыстам.

Радыё Свабода, 25 ліпеня 2014
 
Дата публикации:25.07.2014
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1341
 
Ключевые слова:
Міхал Агінскі Залессе Туризм Реставрация Юбилей
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме