https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Мінск прэтэндуе на званне кніжнай сталіцы свету 2017 года


Аб падрыхтоўцы заяўкі на атрыманне ганаровага тытула 18 снежня ішла размова ў час круглага стала, арганізаванага рэдакцыяй газеты "Лiтаратура і мастацтва".
Званне кніжнай сталіцы свету штогод прысуджае аргкамітэт Міжнароднай асацыяцыі выдаўцоў, Міжнароднай федэрацыі кнігагандляроў і Міжнароднай федэрацыі бібліятэчных асацыяцый пад эгідай ЮНЕСКА. Яны выбіраюць горад, у якім праз два гады праходзіць шмат мерапрыемстваў, уключаючы акцыі, выстаўкі і канферэнцыі.

Тытул прысвойваецца за падрыхтоўку лепшай праграмы папулярызацыі чытання і кнігі. Пры Міністэрстве культуры ўжо створана рабочая група па падрыхтоўцы праграмы мерапрыемстваў у складзе прадстаўнікоў не толькі профільнага ведамства, але і Міністэрства інфармацыі, Міністэрства замежных спраў, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Узначальвае рабочую групу намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік.

У 2017 годзе Беларусь адзначыць 500-годдзе нацыянальнага кнігадрукавання, звязанага з дзейнасцю беларускага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны. У 1517 годзе ён выдаў у Празе першую друкаваную кнігу "Псалтыр", пазней надрукаваў ілюстраваныя Бібліі ў перакладзе на старабеларускую мову.

Паводле слоў намесніка старшыні Беларускага фонду культуры Тадэвуша Стружэцкага, праект "Кніжная сталіца свету" - вельмі аб`ёмны і складаны. "Асноўная ідэя гэтага праекта - праблема чытання, якая мае глабальны характар. Так, у многіх краінах рэалізоўваюцца праграмы па падтрымцы чытання", - сказаў Тадэвуш Стружэцкі. Ён адзначыў, што прэтэндэнтаў на ганаровае званне шмат, а прадстаўленыя праекты адбіраюцца скрупулёзна і грунтоўна. "Магчыма, цяпер мы яшчэ недастаткова адчуваем значнасць праекта. Гэта справа ўсёй краіны, а не толькі некаторых ведамстваў. Рэалізацыя мерапрыемстваў павінна ісці па ўсёй краіне з удзелам усіх зацікаўленых. Мы павінны знайсці цікавыя прапановы, каб яны былі як эпізадычнымі, так і пакідалі ўспаміны на наступныя гады. Безумоўна, гэты працэс павінен ісці больш актыўна. Дасье - базавы дакумент, які служыць асновай для атрымання статусу культурнай сталіцы, - трэба фарміраваць не вузкім колам, а з удзелам усіх зацікаўленых", - дадаў Тадэвуш Стружэцкі.

Удзельнікі круглага стала абмеркавалі шэраг прапаноў, якія маглі б увайсці ў план мерапрыемстваў праекта "Мінск - кніжная сталіца свету - 2017". Сярод іх - святкаванне 950-годдзя бібліятэкі Полацкага Сафійскага сабора, выданне збору вядомых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў замежжа. Адметнасцю праграмы можа стаць стварэнне філіяла кніжнай сталіцы ў Полацку, што будзе выгадна адрозніваць мінскую культурную сталіцу ад іншых гарадоў.

Апошні тэрмін падачы заяўкі - красавік 2015 года. "Адзін з крытэрыяў адбору - ступень удзелу ў праекце рэгіёнаў. Чым большай будзе іх актыўнасць, тым лепш для прэтэндэнтаў. Цяпер мы чакаем ад рэгіёнаў прапаноў. Мы шукаем фішку, каб адрознівацца ад іншых. У краіне ёсць набыты вопыт, як у тых, хто выдае кнігі, так і ў тых, хто іх даносіць да чытачоў, гэта значыць бібліятэк", - заўважыла галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Наталля Задзяркоўская.

У будучым магчыма стварэнне адзінага сайта, дзе будуць акумуляваны ўсе ідэі. Пакуль жа любы жадаючы можа накіроўваць свае прапановы ў Міністэрства інфармацыі і Міністэрства культуры.

Першай кніжнай сталіцай свету ў 2001 годзе стаў Мадрыд. Ганаровага звання таксама былі ўдастоены Турын, Александрыя, Дэлі, Манрэаль, Багата, Амстэрдам, Бейрут, Любляна, Буэнас-Айрэс, Ерэван, Бангкок.

18 снежня 2013, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:18.12.2013
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1657
 
Ключевые слова:
Мінск Книжная столица
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме