https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


“Жыццёвы меланж” Радзіма Гарэцкага


вокладка кнігі
У выдывецтве "Кнігазбор" пры падтрымцы МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” выйшла кніга Радзіма Гарэцкага, вядомага беларускага грамадскага дзеяча, вучонага.
Перапляценне лёсаў і падзеяў, убачанае праз прызму сваіх адчуванняў - гэта жыццёвы меланж выбітнага Беларуса – Радзіма Гарэцкага. І гэтым ён дзеліцца з усімі намі ў кнізе нарысаў, эсэ, мініяцюр-назіранняў ды лірычных зацемак, якая пабачыла свет літаральна гэтымі днямі ў выдавецтве “Кнігазбор” і выйшла пры падтрымцы МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

“Жыццёвы меланж” - чаму аўтар абраў такую назву для сваёй кнігі? Адказ мы знойдзем у яго прадмове. Як вядома, Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі - не толькі беларускі грамадскі дзеяч, але і слынны беларускі геолаг, акадэмік НАН Беларусі, які вельмі любіць сваю прафесію. Таму нядзіўна, што для вызначэння жанраў сваіх твораў ён пазычыў паняцце з гэтай цікавай навукі - геалогіі. Там меланж абазначае геалагічнае цела, складзенае з разнастайных парод, якое мае досыць цікавую структуру і спалучае самыя розныя колеры. Такі меланж утвараецца пры стрэсавых з’явах, напрыклад, калі адзін вялікі блок зямной кары насоўваецца на іншы. Але гэта - меланж геалагічны, а жыццёвы меланж - гэта адлюстраванне ўсяго, што было важным у жыцці, што знайшло свой адбітак у нашай памяці.

Выданне гэтай кнігі сталася сапраўды выдатнай падзеяй, якою адзначыўся юбілейны для Радзіма Гарэцкага месяц: 7 снежня яму споўнілася 85 гадоў. Матэрыял для гэтага грунтоўнага 648-старонкавага тома пісаўся цягам апошніх 20 гадоў, хаця першапачаткова гэта не задумвалася як кніга. Ідэя ж кнігі належыць Галіне Тварановіч, якая разам з Янам Чыквінам цягам некалькіх гадоў публікавала лірычную прозу Радзіма Гарэцкага на старонках часопіса “Тэрмапілы” і заахвочвала яго на напісанне новых твораў.

У кнізе таксама змешчаныя здымкі Радзіма Гарэцкага разам з тымі людзьмі, аб якіх ён піша. А гэта цэлы шэраг выдатных постацяў, беларускіх геолагаў, пісьменнікаў, грамадскіх, палітычных, культурных дзеячаў… Сярод асобаў, якім прысвечаныя творы кнігі, - Іван Чэрскі, Максім Танк, Іван Мележ, Заір Азгур, Алесь Адамовіч, Адам Бабарэка, Барыс Кіт, Васіль Быкаў, Янка Брыль, Аляксандр Махнач, Пётра Садоўскі, Станіслаў Шушкевіч, Хведар Нюнька, Генадзь Бураўкін, Леанід Лыч, Уладзімір Пузыня, Ніл Гілевіч,  Анатоль Вярцінскі, Міхась Чарняўскі ды многія, многія іншыя.

Гэтая кніга будзе цікавая самаму шырокаму колу чытачоў. Неўзабаве яна з’явіцца ў крамах Мінска і іншых гарадоў Беларусі.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
19 снежня 2013
 
Дата публикации:20.12.2013
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:2155
 
Ключевые слова:
Беларуская літаратура Радзім Гарэцкі “Жыццёвы меланж”
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме