https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Як фарміраваўся этнас


Ад ранейшых часоў, калі я працаваў у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у мяне засталіся розныя абавязкі, так сказаць, грамадскага характару: удзельнічаць у рабоце савета па абароне літаратуразнаўчых дысертацый, выступаць апанентам на пасяджэннях іншых саветаў. Што казаць, часам сустракаюцца працы апісальныя, проста сумныя. Слухаючы іх абмеркаванне, іншым разам узнікае жаданне дастаць з партфеля кніжку і незаўважна пачытаць нешта больш цікавае. Ды этыка не дазваляе: трэба ж мець уласную думку пры галасаванні.

Аднак пры першай сёлетняй абароне ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі па спецыяльнасці “этнаграфія, этналогія і антрапалогія” такое жаданне не магло ўзнікнуць, таму што тэмы дысертантамі былі выбраны першасныя, матэрыял абагульняўся раней невядомы або нераспрацаваны і таму наводзіў на роздум. Юрый Внуковіч упершыню ў беларускай навуцы комплексна ахарактарызаваў “Літоўскую этнічную групу Рэспублікі Беларусь” ( па маім меркаванні, групу лепш было б называць супольнасцю). А Ірына Вырва выбрала тэму, вонкава чыста навуковую, далёкую ад сучаснасці: традыцыйныя жывёльныя вобразы ў беларускім і нямецкім фальклоры.

І, тым не менш, праца І. Вырвы, як і Ю. Внуковіча, выклікала вялікую цікавасць у зале, атрымала высокую ацэнку кіраўнікоў дысертантаў і афіцыйных апанентаў. Што датычыцца даследавання пра літоўцаў, то ўсе падкрэслівалі яго наватарскі характар. Спынюся толькі на адным аспекце. Усе ведаюць, што ў Гродзенскай вобласці — Астравецкім і Воранаўскім раёнах — ёсць энклавы (тэрыторыі масавага пражывання) карэннага літоўскага насельніцтва (Гервяты, Рымдзюны, Гіры, Пеляса). Але для многіх было навіной, што літоўскія вёскі (Малькаўка, Суслаўка, Каменка, Каралёўск, Сафейск і іншыя) існавалі і існуюць на Магілёўшчыне ды Віцебшчыне. Адкуль яны там узяліся? Ю. Внуковіч ўстанавіў, што калі ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя беларусы масава, вёскамі перасяляліся ў Сібір, то тыя землі зноў жа вёскамі куплялі літоўцы, у якіх перанаселенасць была яшчэ большая, а цана на зямлю яшчэ вышэйшая. У 1920–1930-х гадах у гэтых паселішчах існавалі нацыянальныя калгасы, дзейнічалі літоўскія школы і клубы. Для іх у Мінску выдавалася газета “Raudonasis artojas” (“Чырвоны араты”), падручнікі і мастацкія кнігі. З гэтых вёсак выйшлі многія літоўскія дзеячы (напрыклад, колішні старшыня Савета Міністраў Літоўскай ССР Юозас Манюшыс — з Малькаўкі).

Скрупулёзна даследаваў дысертант гісторыю і паўсядзённы побыт карэнных літоўцаў Гродзеншчыны, якія захавалі многія больш традыцыйныя рысы мовы, фальклору, рамёстваў, чым насельніцтва ў этнічнай Літве, якое іх ужо згубіла. Дарэчы, пра гэта падрабязна гаворыцца ў зборніку “Гервечай=Гервяты”. У Рымдзюнах дзейнічае Літоўскі культурна-асветніцкі цэнтр з паралельнымі літоўскай і беларускай школамі, музейнай экспазіцыяй, мастацкім калектывам. А ў Гервятах літоўская мова гучыць у неагатычным касцёле, акружаным сапраўдным батанічным садам. З гэтай святыняй звязаны лёс многіх дзеячаў літоўскай культуры, арцыбіскупа Сцепанавічуса.

У сваім выступленні на абароне я падкрэсліў, што праца Ю.Внуковіча павінна пакласці пачатак цэлай серыі падобных этналагічных даследаванняў. На чарзе — польская, украінская татарская, яўрэйская і іншыя супольнасці і нават грэкі, якія кампактна пражываюць у Маладзечне.

Ірына Вырва нібыта на ніякія сенсацыі не прэтэндавала. Яна ўзяла вельмі архаічныя беларускія фальклорныя вобразы каня, ката, казы і параўнала іх з аналагічнымі постацямі нямецкага фальклору. Паміж імі нечакана аказалася вельмі многа агульнага, характэрнага толькі для гэтых двух непамежных народаў, што цяжка паддавалася лагічнаму тлумачэнню.

І тут мне прыгадалася сенсацыйная кніжка рускага даследчыка Міхаіла Галдзянкова “Русь, іншая гісторыя: Украіна, Беларусь, Літва”, толькі што выдадзеная ў Мінску. Аўтар задумаўся над пытаннямі: чаму жыхары Навагрудчыны аж да 1950 года называлі свае землі Літвой, чаму Пушкін называў Літвой Беларусь? І, абапіраючыся на многія ранейшыя крыніцы, прыйшоў да вываду, што тэрмін Літва ўтварыўся… на поўначы Германіі — там, дзе на марскім узбярэжжы горад Лютэнбург. А потым славяне-літвіны перасяліліся на сённяшнія беларускія землі, раней занятыя балтамі і, яшчэ даўней, угра-фінамі. Раней, як вядома, гістарычная Літва распасціралася аж да Оршы, сённяшняя ж этнічная Літва іменавалася тады Жамойцю, Жмуддзю або Самагіціяй.

Таму лёгка было даводзіць мне ў сваім выступленні, што дысертацыя Ірыны Вырвы — атожылак сапраўднай даследчыцкай “залатой жылы”. Застаецца цяпер “дробязь”: параўнальным чынам устанавіць, а як жа гэтыя архаічныя вобразы каня, ката і казы (а яшчэ свінні і авечкі) трактуюцца ў фальклоры лужыцкіх сербаў і кашубаў, якія засталіся як славянскія народы на сваёй прарадзіме, у казках рускіх, польскіх, індыйскіх. Карацей, вырысоўваецца цэлы навуковы кірунак, які дапаможа больш дакладна вызначыць, дзе ж знаходзілася прарадзіма беларусаў.

Такім чынам, Літва — і гістарычная, і этнічная — выступіла ў абодвух даследаваннях ў ролі своеасаблівага мосціка паміж Усходам і Захадам, славянскім і германскім светам. Абедзве працы будуць садзейнічаць высвятленню генетычнага паходжання і этнічнага складу сённяшняй беларускай дзяржавы. А зразумелае становіцца больш блізкім.

Адам Мальдзіс
Голас Радзімы
2010


 

Кoличество переходов на страницу: 1633


Комментарии