— Антрапалогія заўсёды судатыкалася да медыцыны, многія нашы вядомыя антраполагі прыйшлі ў гэтую навуку з медыцыны, толькі ў нашым аддзеле такіх трое, у тым ліку і я. Першапачаткова перад намі была пастаўлена задача развіваць этнічную антрапалогію беларусаў, апісаць антрапалагічны тып беларусаў, паколькі пра яго тады мала што ведалі. Мы выкарыстоўвалі розныя падыходы, розныя методыкі, вывучалі не толькі марфалагічныя (фізічныя) паказчыкі, але прымянялі і генетычныя маркёры. Паколькі мы самі прыйшлі з медыцыны, то імкнуліся пашырыць класічную антрапалогію, дапоўніць яе новымі паняццямі. Вывучалі біялагічныя асаблівасці сучаснага насельніцтва.
Антрапалогія цесна звязана і з экалогіяй. У антрапалогіі нават існуе асобны кірунак — экалагічная антрапалогія. Увогуле, першымі ўплыў экалагічнага асяродку вызначылі менавіта антраполагі. Наяўнасць на нашай планеце розных рас пацвярджае той факт, што розныя кліматычныя ўмовы, змяненні асяродку пражывання аказваюць відавочны уплыў і на марфалагічны воблік чалавека, і на яго фізіялагічныя паказчыкі. Усё гэта ў сукупнасці і абумоўлівае разнастайнасць чалавечай папуляцыі.
У нас асаблівую актуальнасць экалагічная антрапалогія набыла пасля таго, як пачала праяўляцца яўная зменлівасць асяродкавых фактараў, звязаная з ростам антрапагенных нагрузак, і ў прыватнасці — з наступствамі чарнобыльскай аварыі. Мы, антраполагі, вывучаем чарнобыльскую праблематыку на працягу апошніх 15 гадоў. З 1995 года разам з медыкамі праводзім штогадовую міжнародную навукова-практычную канферэнцыю "Экалогія чалавека ў постчарнобыльскі перыяд", распрацавалі аднайменную сумесную навуковую праграму, выдаём штогадовыя зборнікі "Экалагічная антрапалогія" (які можна назваць летапісам зменлівасці чалавека і асяродку яго пражывання пад уплывам наступстваў Чарнобыля) і "Актуальныя пытанні антрапалогіі", дзе, апроч іншых тэм, таксама закранаем медыцынскую антрапалогію і экалогію чалавека.
Адсочванне змяненняў, якія аказвае асяродак пражывання на чалавечы арганізм, — выключна важная задача, бо вышэйназваныя змяненні адбіваюцца не толькі на знешнасці, але і на схільнасці да пэўных захворванняў (гэта вывучае эндагенная экалогія). У плане здароўя адной з самых сур'ёзных нашых постчарнобыльскіх праблем доўгі час быў рост колькасці захворванняў шчытападобнай залозы ў дзяцей. Гэта адзінае захворванне, якое прама і дакладна звязана з Чарнобылем (да выбуху на ЧАЭС у нас фіксаваліся адзінкавыя такія выпадкі і тое — не кожны год, а пасля катастрофы адразу пачаўся значны рост). Сёння такой тэндэнцыі ўжо не прасочваецца, мы справіліся з сітуацыяй, але супакойвацца пакуль што рана. Яшчэ працягваецца паўраспад радыеактыўных элементаў. Той жа плутоній пры паўраспадзе дае амерыцый — значна больш небяспечны і радыеактыўны элемент. Навуковыя даследаванні ў гэтым кірунку працягваюцца.
ІМ: — У адной з нашых мінулых размоў мы параўналі знешнасць сярэднявечнага беларуса і нашага сучасніка і зрабілі выснову, што наша нацыя, як і чалавецтва ў цэлым, набліжаецца да эстэтычнага ідэалу...
— Гэта сапраўды так. Нашы продкі былі больш прысадзістыя, але з веку ў век касцявая сістэма чалавека патанчалася, змяняліся прапорцыі. Напрыклад, тая ж акселерацыя цяпер праяўляецца не павелічэннем даўжынных памераў цела, а лептасамізацыяй (памяншэннем папярэчных аб'ёмаў — шырыні плеч, сцёгнаў) і грацыльнасцю (патанчэннем шкілета). Мы паступова набліжаемся да мадэльнага тыпу знешнасці. Апроч таго, можна сцвярджаць, што ў нас акселерацыя апошнім часам набыла лакальныя варыянты. Напрыклад, вёска сёння актыўна акселеруецца, а ў гарадах гэты працэс затухае. Што самае цікавае: затухае ранняе палавое выспяванне. Тлумачэння гэтаму мы пакуль не знайшлі, але станоўчыя вынікі будуць відавочнымі — прыціхнуць сацыяльныя супярэчнасці, якія ўзнікалі з-за ранняга пачатку падлеткамі палавога жыцця і звязаных з гэтым праблем. Пакуль што акрэсленая тэндэнцыя больш яўна праяўляецца ў гарадах, але мы мяркуем, што з часам яна дойдзе і да вёскі.
...Збіраючы матэрыялы па фізічным развіцці беларусаў, мы складаем нарматыўныя шкалы (табліцы), дзе змяшчаем асноўныя сярэднія паказчыкі. Шкалы абнаўляюцца кожныя 5-10 гадоў (папярэднія былі зроблены 10 гадоў таму). Параўнальны аналіз звестак дае падставы сцвярджаць, што лептасамізацыя ў нашым грамадстве прасочваецца даволі яўна. Акрамя таго, у апошняе дзесяцігоддзе значна больш стала выяўляцца крайніх адхіленняў ад нормы. Увогуле, усе прыкметы папуляцыі размяркоўваюцца наступным чынам: сярэдні варыянт (норма) звычайна складае 70 працэнтаў, а на абедзве "крайнасці", як правіла, прыпадае па 15 працэнтаў. Гэта тычыцца і росту, і масы цела, і іншых паказчыкаў. У нас крайніх адхіленняў стала больш. Пакуль што простым вокам такія змены не заўважныя. Яны становяцца бачнымі пры правядзенні падлікаў. З часам гэтая тэндэнцыя можа як акрэсліцца больш яўна, так і затухнуць. Рабіць прагнозы тут цяжка. Адзінае, што магу сказаць: павелічэнне колькасці крайніх варыянтаў можа быць следствам пагаршэння экалогіі, вынікам уздзеяння сацыяльных фактараў і інш.
ІМ: — У першую чаргу гэта тычыцца дзяцей, дарослыя менш падвержаны зменам?
— Менавіта. Таму апошнім часам мы больш грунтоўна вывучаем зменлівасць фізічных паказчыкаў і стану здароўя нашых дзетак. У 90-х гадах мы дапамагалі ў распрацоўцы стандартаў адзення і абутку. Тады вывучалі ўсе групы насельніцтва — ад дашкольнікаў да сталых людзей (між іншым, да 90-х увесь наш абутак шылі па ўзорах 1926 года, хоць форма ступні за такі працяглы перыяд значна змянілася).
Пасля абнаўлення лінейкі памераў прайшло 20 гадоў. Нашы прапорцыі яшчэ больш змяніліся, наспела пара чарговага — і больш грунтоўнага — перагляду стандартаў адзення і абутку. Гэтае пытанне сёння надзвычай актуальнае, бо мадэлі, якія выпускаюць айчынныя прадпрыемствы лёгкай вытворчасці, не адпавядаюць фігурам спажыўцоў. Асабліва церпяць ад гэтага дзеці і людзі сталага ўзросту. Няма дастойнага выбару гардэробу і ў людзей з пышнымі формамі. Як бачыце, вывучэнне марфалогіі, антрапаметрыі застаецца актуальным і сёння.
Увогуле, пры нашых даследаваннях мы выкарыстоўваем канстытуцыянальны падыход, вывучаем агульную канстытуцыю, дзе вылучаем астэнічны тып з паніжаным тлушчаадкладаннем, гіперстэнічны з павышаным тлушчаадкладаннем і нормастэнічны, а таксама прыватную канстытуцыю, куды ўваходзяць даследаванні па групах крыві, дэрматагліфіка (пальцавыя ўзоры) і інш. Яны таксама маюць вялікае значэнне пры дыягностыцы захворванняў, выяўленні псіхалагічных асаблівасцяў. Напрыклад, па пальцавых узорах можна вызначыць тэмперамент чалавека. Нашы даследаванні паказалі, што завітковыя ўзоры з'яўляюцца прыкметай моцнага тыпу нервовай дзейнасці. Петлі характарызуюць моцны, але замаруджаны тып (флегматыка), а дугі — паказчык меланхалічнасці, слабай нервовай сістэмы.
Як бачыце, дэрматагліфіку мы разглядаем у сукупнасці з псіхалагічнымі асаблівасцямі чалавека. Гэта вельмі важна, бо можа дапамагчы пазбегнуць нервовых зрываў, прадухіліць дэвіянтныя паводзіны. Напрыклад, псіхіятр Мендзелевіч лічыць, што найбольш схільнымі да дэвіянтных паводзін з'яўляюцца меланхолікі і халерыкі.
ІМ: — Ці розняцца беларусы ў плане дэрматагліфікі ад іншых народаў?
— Як правіла, не. У беларусаў, як у прадстаўнікоў еўрапеоіднай расы, часцей сустракаюцца петлевыя ўзоры (ў жанчын) і завітковыя (у мужчын). У межах Беларусі па дэрматагліфіцы вылучаецца рэгіён Заходняга Палесся, дзе працэнт петляў яшчэ вышэй. Лічыцца, што гэта звязана з праблемай славянскага этнагенезу — славяне рассяляліся ў асноўным праз заходнія тэрыторыі.
ІМ: — Апошнім часам усе нашы мужчыны праходзяць абавязковую "пракатку" пальцаў для папаўнення базы органаў правапарадку. Антраполагі будуць мець доступ да гэтай картатэкі?
— Яна нас не асабліва цікавіць. Па-першае, у нас саміх ёсць значная база — 10 000 адбіткаў. Па-другое, мы прымяняем якасна іншы падыход — разглядаем псіхалагічныя адметнасці і ўвязваем іх з дэрматагліфікай. Нам да кожнага адбітку патрэбны яшчэ і псіхалагічны партрэт, таму мы карыстаемся псіхалагічнымі тэстамі.
ІМ: — Якое практычнае прымяненне могуць атрымаць вынікі вашых даследаванняў?
— У перспектыве такая інфармацыя можа стаць карыснай пры правядзенні прафадбораў і прафарыентацый.
Хачу адзначыць, што даследаванне знешнасці ў сукупнасці з псіхалагічнымі тэстамі мае вялікае значэнне і для развіцця новай маладой навукі — сацыёнікі. Яна вывучае магчымасці хуткага пазнання псіхалагічных якасцяў індывіда для стварэння гарманічнага калектыву, які зможа эфектыўна функцыянаваць. У ЗША нават існуе практыка вызначэння сацыянічных тыпаў жаніха і нявесты, каб забяспечыць гарманічныя трывалыя адносіны ў шлюбе. На постсавецкай прасторы сацыёніку пакуль што найбольш актыўна развіваюць кіяўляне і пецярбуржцы.
ІМ: — Дзякуй за размову.
Гутарыла Інга Міндалёва
Звязда
3 снежня 2010
Кoличество переходов на страницу: 1963
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |