70 гадоў таму, 27 студзеня 1945 года, савецкія войскі пад камандаваннем Маршала Савецкага Саюза Івана Сцяпанавіча Конева вызвалілі Асвенцім (нямецкая назва Аўшвіц) - буйнейшы нямецка-фашысцкі канцэнтрацыйны лагер і лагер смерці ў Другую сусветную вайну. Па ступені прадуманасці, тэхнічнай арганізаванасці, масавасці і бязлітаснасці знішчэння людзей Асвенцімскі лагер пераўзыходзіў усе вядомыя гітлераўскія лагеры смерці.
Дзень вызвалення лагера ўстаноўлены Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый як Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту.
Канцлагер быў створаны ў маі 1940 года на тэрыторыі акупіраванай Польшчы каля гарадка Асвенцім, паблізу Кракава. Тэрыторыю займаў прыблізна 500 га і быў разлічаны на адначасовае знаходжанне 250 тыс. чалавек. Асвенцім меў 45 няштатных рабочых каманд і філіялаў. Лагер прызначаўся для масавага знішчэння людзей з выкарыстаннем дасягненняў тэхнікі (крэматорыі і газавыя камеры).
Канцэнтрацыйны лагер складаўся з трох лагерных комплексаў: асноўнага лагера, лагера смерці Біркенаў (польская назва Бжазінка; існаваў у студзені 1942 года - лістападзе 1944 года) і лагера, дзе выкарыстоўвалася праца вязняў на ваенныя патрэбы Германіі. Лагер быў абнесены двайной драцяной агароджай, па якой прапускаўся электрычны ток высокага напружання.
Пачынаючы з 1940 года ў Асвенцім прыбывала да 10 эшалонаў з людзьмі ў дзень. Вязняў, як правіла, падзялялі на групы. Першая група, якая складала прыкладна тры чвэрці ўсіх прывезеных, адпраўлялася ў газавыя камеры на працягу некалькіх гадзін. У гэту групу ўваходзілі ўсе, хто быў прызнаны непрыдатным да работы, перш за ўсё дзеці, старыя, жанчыны. Другая група зняволеных адпраўлялася на рабскую работу на прамысловыя прадпрыемствы розных кампаній. Трэцяя група, у асноўным блізняты і карлікі, адпраўляліся на розныя медыцынскія эксперыменты, у прыватнасці да доктара Ёзэфа Менгеле, вядомага пад мянушкай "анёл смерці". Чацвёртая група, пераважна жанчыны, адбіралася для выкарыстання немцамі ў якасці слуг і асабістых рабоў, а таксама для сартавання асабістай маёмасці зняволеных, якія прыбывалі ў лагер.
Савецкія грамадзяне, першыя эшалоны якіх прыбылі ў Асвенцім 7 кастрычніка 1941 года, знаходзіліся на асабліва строгім рэжыме. У лістападзе 1942 года - маі 1944 года ў Асвенцім былі вывезены амаль 5700 вязняў з Гродна, Мінска і Віцебска.
Зняволеныя лагера падзяляліся на класы, што было візуальна адлюстравана нашыўкамі на адзенні. Шэсць дзён у тыдзень, акрамя нядзелі, зняволеныя былі абавязаны працаваць. З 1940 па 1945 год у комплексе Аўшвіца былі прыпісаны да фабрык каля 405 тыс. зняволеных. З іх больш як 340 тыс. памерлі ад хвароб і збіванняў або былі пакараны смерцю. Праца вязняў выкарыстоўвалася на прадпрыемствах "І.Г.Фарбеніндустры", Крупа, заводах сінтэтычнага бензіну і іншых. Работу вязень павінен быў выконваць бягом, без секунды адпачынку. Тэмпы работы, мізэрныя порцыі ежы і пастаянныя пабоі павялічвалі смяротнасць. Забітых або змучаных вязняў, якія не маглі самі перамяшчацца, валаклі або везлі ў лагер на тачках. У гэты час для іх каля варот лагера іграў духавы аркестр, які складаўся з вязняў.
Асвенцім з'яўляўся адным з цэнтраў, дзе шырока праводзіліся розныя "вопыты" для пошуку сродкаў біялагічнага знішчэння людзей. Тут існавалі спецыяльныя бальніцы, хірургічныя блокі, гісталагічныя лабараторыі, у якіх праводзіліся "медыцынскія эксперыменты" над жывымі людзьмі. У Асвенціме ўпершыню на савецкіх ваеннапалонных у канцы 1941 года выпрабоўвалі газ "Цыклон Б", у выніку ўздзеяння якога загінула 600 савецкіх ваеннапалонных і 250 польскіх вязняў, у асноўным хворых. Вопыт быў прызнаны паспяховым, і памяшканне морга ў будынку крэматорыя было пераканструявана ў газавую камеру.
У лагеры існавалі асобныя блокі, у якіх праводзіліся пакаранні для парушальнікаў правіл лагера. Людзей па 4 чалавекі змяшчалі ў так званыя "стаячыя камеры" памерам 90 на 90 см, дзе ім даводзілася стаяць усю ноч. Больш жорсткія меры падразумявалі марудныя забойствы: тых, хто правініўся, або саджалі ў герметычную камеру, дзе яны паміралі ад няхваткі кіслароду, або марылі голадам да смерці. Паміж блокамі знаходзіўся катавальны двор, дзе зняволеных мучылі і расстрэльвалі.
У Асвенціме, акрамя дарослых, знаходзіліся дзеці, якіх накіроўвалі ў лагер разам з бацькамі. Большасць дзяцей гінула ў газавых камерах адразу пасля прыбыцця ў лагер. Астатнія пасля строгага адбору накіроўваліся ў лагер, дзе падпарадкоўваліся тым жа строгім правілам, што і дарослыя.
У 1943 годзе гітлераўцы ўвялі татуіроўку нумара вязня на руцэ. Немаўлятам і маленькім дзецям нумар наносілі часцей за ўсё на бядро. У залежнасці ад прычын арышту вязні атрымлівалі трохвугольнікі рознага колеру, якія разам з нумарамі прышываліся на лагернае адзенне.
Аснову харчавання зняволеных складала гнілая агародніна. У сярэднім людзі працягвалі на такім харчаванні каля трох месяцаў. Ніжняй бялізны і шкарпэтак вязні не насілі. Зняволеным дазвалялася карыстацца туалетам два разы ў суткі. На выкарыстанне туалета прадастаўлялася не больш за трыццаць секунд і не больш як трыццаць секунд на гігіенічныя працэдуры. Мыцца дазвалялася вязням вельмі рэдка, вада была толькі халодная і доступ да яе ў вязня быў усяго на працягу некалькіх хвілін у дзень.
Асаблівую ролю адыграла так званая "зондэркаманда" - зняволеныя, якія даставалі целы з газавых камер і пераносілі іх у крэматорый. Попел вязняў выкідвалі ў сажалкі на тэрыторыі лагера або выкарыстоўвалі ў якасці ўгнаенняў.
Дакладную колькасць загінуўшых у Асвенціме ўстанавіць немагчыма, паколькі многія дакументы былі знішчаны. Акрамя таго, немцы не вялі ўлік ахвяр, якія накіроўваліся ў газавыя камеры непасрэдна пасля прыбыцця. Паводле даных з розных крыніц, за гады вайны нацысты знішчылі ў газавых камерах і спалілі ў чатырох крэматорыях ад 1,5 да 4 млн чалавек амаль з усіх краін Еўропы і акупіраванай тэрыторыі СССР.
Нягледзячы на жорсткі рэжым, у Асвенціме і яго філіялах да 1942 года існавалі падпольныя групы Супраціўлення. У кастрычніку 1944 года адбылося няўдалае ўзброенае паўстанне вязняў. За ўсю гісторыю Асвенціма было зроблена каля 700 спроб уцёкаў, 300 з якіх увянчаліся поспехам, аднак калі хто-небудзь уцякаў, то ўсіх яго сваякоў арыштоўвалі і адпраўлялі ў лагер, а ўсіх зняволеных з яго блока забівалі. Гэта быў вельмі дзейсны метад недапушчэння спроб уцёкаў.
У момант вызвалення ў Асвенціме знаходзілася амаль 7,6 тыс. вязняў. Чырвоная Армія, якая вызваляла лагер, знайшла на няспаленых немцамі складах каля 7000 кг валасоў, упакаваных у мяшкі. Гэта былі тыя астаткі, якія лагерныя ўлады не паспелі прадаць і адправіць на фабрыкі. Аналіз, праведзены ў Інстытуце судовых экспертыз, паказаў, што на іх ёсць сляды сінільнай кіслаты - атрутнага кампанента, які ўваходзіў у састаў "Цыклона Б". З чалавечых валасоў нямецкія фірмы выраблялі кравецкую бартоўку.
У 1947 годзе тэрыторыя лагера была аб'яўлена музеем, быў пабудаваны мемарыяльны комплекс. Пазней лагерныя пабудовы Асвенціма былі адноўлены, у іх размешчаны мемарыяльны музей, які ўключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Помнік-мемарыял ахвярам Асвенціма адкрыты ў 1967 годзе на тэрыторыі лагера Бжазінка. Паміж руінамі двух крэматорыяў пабудаваны ланцуг звязаных адзін з адным каменных саркафагаў і пластычных фігур, у стрыманай апрацоўцы якіх выступаюць рысы чалавечых цел. Слупападобны аб'ём галоўнага помніка, увянчаны плітой чорнага граніту, асацыіруецца з трубой крэматорыя.
У 2015 годзе адзначаецца 70-годдзе вызвалення канцлагера "Асвенцім". Беларуская дэлегацыя прыме ўдзел у прысвечаных гэтай даце мерапрыемствах у Польшчы. Беларусь будзе прадстаўлена афіцыйнай дэлегацыяй на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Польшчы Аляксандрам Авяр'янавым. Паводле інфармацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі, у бягучым годзе асноўны акцэнт зроблены на ўдзеле ў мерапрыемствах у Асвенціме былых вязняў лагера смерці. Сярод іх ёсць і тыя, хто цяпер пражывае на тэрыторыі Беларусі. Яны таксама атрымалі запрашэнні на мерапрыемствы, якія пройдуць у Польшчы 27 студзеня.
БЕЛТА, 27 студзеня 2014
БЕЛТА, 27 студзеня 2014
Кoличество переходов на страницу: 647
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |