https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Вязень Асьвенціму Захар Тарасевіч: «Я пастаянна ежджу на паклон на гэтыя вялікія могілкі без магіл»


Былы малалетні вязень Асьвенціма гарадзенец Захар Тарасевіч дагэтуль носіць лягерны нумар на руцэ – 149801. Калі пачалася вайна, сям’я жыла ў вёсцы Лесіны Ўшацкага раёну Віцебскай вобласьці. Усе жыхары вёскі дапамагалі партызанам і падпольшчыкам.

У 1943-м была карная апэрацыя, частку жыхароў вёскі расстралялі, астатніх пагналі ў канцлягер, распавядае Захар Тарасевіч:​

«Напэўна, няма іншай такой сям’і ў Беларусі, каб у Асьвенціме адразу 5 чалавек там засталося: маці, дзьве сястры (старэйшая сястра была цяжарная, у лягеры нарадзілася дзіця, пляменьнік-немаўлятка), брат… Адзін я застаўся ў жывых. І я пастаянна ежджу на паклон на гэтыя вялікія могілкі без магіл. Езьдзіў і на 50-годзьдзе вызваленьня, і на 55 гадоў, і на 60, на 65. І зараз вось складаю рэчы ў сумку». ​

Захару Тарасевічу 81, але ён добра памятае ўсё, што адбывалася зь ягонай сям’ёй больш за 70 гадоў таму. Зь Беларусі ў Асьвенцім прыгналі 6 эшалёнаў: 5 – зь Віцебску і адзін – зь Менску. Праз браму Асьвенціму сям’я Захарэвічаў – маці і пяцёра дзетак – прайшлі 29 верасьня 1943 году. Выжыў у тым жудасным пекле толькі адзін 10-гадовы Захар. Вызвалілі яго 18 лютага 1945-га. Гэта ўжо стаўшы дарослым, Захар зразумеў, што насамрэч адбывалася ў лягеры сьмерці, якія там праводзіліся экспэрымэнты над людзьмі. ​

У 1943 годзе ў Асьвенціме быў арганізаваны «Інстытут гігіены войскаў СС», які ачоліў лекар Ёзэф Мэнгеле па мянушцы «Доктар Сьмерць». Беларускіх дзетак, якіх прывезьлі ў Асьвенцім, не спалілі ў печы крэматорыю, як гэта рабілі з дарослымі, а разьмясьцілі ў жаночым бараку: ​

«Выйшлі мы з вагонаў, дзеці былі наперадзе. І ён падышоў са сваёй сьвітай і кажа: «Паглядзіце на гэтых зьверанят: усе белазубыя, блакітнавокія, ніводнага дзіцяці ў акулярах». І ўпершыню ў Асьвенціме дзяцей не адправілі ў газавую камэру, а пачалі праводзіць досьледы. І ён так стараўся, што зь дзесяці дзетак у жывых заставаўся толькі адзін. Нас замацавалі за вайсковым шпіталем і бралі кроў. Кожную раніцу прыходзім – стаяць насілкі, накрытыя шэрай коўдрай. Карацей, выпампоўвалі ўсю кроў зь дзяцей». ​

У дзевяцігадовага Захара за месяц кроў бралі 8 разоў. Ягоныя гадавалая сястра Антаніна і пяцігадовы брат Уладзімер ня вытрымалі жудасных экспэрымэнтаў, памерлі ў лягеры. Захару пашанцавала, яго перавялі ў польскі працоўны лягер Патуліцу, потым у дзіцячы канцлягер у Лодзь. Там ён даведаўся пра сьмерць маці і старэйшай сястры Аляксандры. З усіх шасьці Тарасевічаў, якія пабывалі ў «Інстытуце гігіены войскаў СС» у Асьвенціме, ацалеў толькі Захар. ​

Пасьля вайны, у Барысаўскім дзіцячым доме, Захара знайшоў бацька, якому пашчасьціла ацалець у Асьвенціме і Бухэнвальдзе. Яны пераехалі на Гарадзеншчыну. Захар Тарасевіч атрымаў адукацыю, стаў інжынэрам-энэргетыкам, прайшоў шлях ад майстра да начальніка мэханізаванай калёны. ​

Цяпер Захар Захаравіч Тарасевіч ачольвае Гарадзенскую арганізацыю вязьняў фашысцкіх канцлягераў. У Асьвенцім прыяжджае рэгулярна. ​

У 1995 годзе ва ўрачыстасьцях з нагоды 50-годзьдзя вызваленьня Асьвенціму браў удзел Аляксандар Лукашэнка. Захар Тарасевіч узгадвае: ​

«Калі было 50-годзьдзе вызваленьня, я сустракаўся з Аляксандрам Рыгоравічам мімаходзь. Калі скончылася афіцыйная частка і пачалося ўскладаньне вянкоў, Беларусь была першая, усклалі вянок, і побач быў столік з кнігай ганаровых гасьцей. Ён падышоў, каб зрабіць запіс, мы закрычалі: «Аляксандар Рыгоравіч!» Ён кажа: хлопцы, у мяне тут праграма напружаная, не магу я тут затрымацца, пагаворым дома». ​

Дома так і не пагаварылі.​

Сёлета ў Асьвенцім выпраўляюцца паўтара дзясятка беларусаў – былых вязьняў Асьвенціму зь Віцебску і Горадні. З кожным годам іх становіцца ўсё менш.

Іна Студзінская
Радыё Свабода, 26 студзеня 2015


 

Кoличество переходов на страницу: 640


Комментарии