Эва Мозэс Кор, якая дзіцём перажыла экспэрымэнты нацысцкага доктара Ёзэфа Мэнгеле, распавяла пра свой жахлівы досьвед у канцлягеры Асьвенцім.
«Мы вольныя!»
Пасьля дзевяці дзён жорсткіх баёў паблізу канцлягеру незвычайная цішыня запанавала над той часткай Асьвенціму, дзе 10-гадовая Эва Мозэс Кор, прысеўшы на кукішкі зь сястрой-блізьнячкай Мірыям, чакала нейкага вырашэньня. Адносны спакой быў парушаны пад канец дня.
«У барак убегла нейкая жанчына, крычачы на ўвесь голас: „Мы вольныя! Мы вольныя! Мы вольныя!“ Так, гэта была цудоўная вестка. Гэта гучала выдатна» — кажа Кор.
Але мінула яшчэ паўгадзіны, пакуль да Кор поўнасьцю дайшло, што яна сапраўды ўратаваная. Быў дзень 27 студзеня 1945 году. Удалечыні, празь сьнежную завею, яна ўбачыла «шмат людзей, і ўсе яны былі загорнутыя ў белае, у маскхалаты».
«Яны ўсьміхаліся ад вуха да вуха, — кажа яна. — І самае важнае для мяне было тое, што яны не былі падобныя на нацыстаў. Мы падбеглі да іх. Яны далі нам цукеркі, печыва, і абдымалі нас. Такі быў мой першы смак свабоды».
Кор, якой цяпер 80 гадоў, і яе сястра былі сярод прыблізна 7000 вязьняў, вызваленых Савецкай Арміяй з нацысцкага лягеру сьмерці 70 гадоў таму.
Яна таксама зьяўляецца адным з нешматлікіх вязьняў-дзяцей, якім удалося перажыць Асьвенцім пасьля мэдычных экспэрымэнтаў аднаго з найбольш лютых нацысцкіх злачынцаў, Ёзэфа Мэнгеле.
Увечары таго самага дня, як прыгадвае Кор, савецкія салдаты 60-й арміі Першага Ўкраінскага фронту прыйшлі ў барак, дзе яна зь сястрой жылі. «Яны пілі гарэлку, танцавалі шмат рускіх танцаў, а мы станавіліся ў кола і пляскалі ім», — распавяла Кор нашаму радыё.
Салдаты вярнуліся праз два ці тры дні зь вялікімі камэрамі і своеасаблівай просьбай: яны папрасілі дзяцей, каб тыя зноў надзелі сваю паласатую канцлягерную форму ды ўзнавілі шэсьце па лягеры.
З гэтай рэканструкцыі паходзяць адзіныя здымкі з побыту абедзьвюх дзяўчатак у Асьвенціме: на кінастужцы відаць, як яны ідуць паперадзе групы дзяцей, побач з маці, якая нясе сваё дзіця ў турэмнай робе.
Ня ўсе пагадзіліся надзець паласатыя апраткі зноў, але Кор кажа, што для яе і ейнай сястры-блізьнячкі была своеасаблівая «студзеньская лёгіка» ў тым, каб гэта зрабіць.
«Я сказала сваёй сястры: на дварэ холадна, давай надзенем яшчэ адзін пласт адзеньня. Так мы і зрабілі. А потым яны здымалі нас, як мы ідзем паміж двума радамі калючага дроту», — успамінае Кор.
«Мы засталіся адны»
Эва і Мірыям прыехалі ў Асьвенцім са сваёй маці, бацькам і дзьвюма старэйшымі сёстрамі ў траўні 1944 году, правёўшы чатыры дні ў быдлячым вагоне, з тысячамі іншых габрэяў, якіх прывезьлі ў канцлягер з гета Шымлеў Сільваньей у румынскай Трансыльваніі.
На гэтак званай «сэгрэгацыйнай плятформе» ў Асьвенціме блізьнячкі бачылі сваю сям’ю апошні раз. Іхныя бацька і сёстры зьніклі ў натоўпе, тым часам як маці моцна трымала блізьнячак за рукі.
Сярод чалавечых крыкаў і брэху сабак да іх падышоў немец у мундзіры і спытаўся ў маці, ці дзяўчынкі сапраўды былі блізьнятамі. Іхная маці запытала, ці блізьняты — гэта добра? Немец адказаў, што добра. Калі маці сказала яму, што Эва і Мірыям сапраўды блізьнячкі, дзяўчатак вырвалі зь яе абдымкаў.
«Усё, што мне запомнілася з гэтага моманту — працягнутыя ў адчаі маміны рукі, калі яе адцягвалі ад нас, — сказала Кор. — Я нават не пасьпела разьвітацца зь ёю. Насамрэч я не разумела, што бачу яе апошні раз».
Сёстры-блізьнячкі ніколі не даведаліся пра лёс сваіх бацькоў і сясьцёр.
«У Мірыям і ў мяне ўжо не было сям’і, — сказала Кор ў нядаўнім інтэрвію. — Мы засталіся адны і зусім ня ведалі, што з намі будзе далей».
«Я адмовілася паміраць»
Дзяўчатак далучылі да прыблізна 1500 параў двайнятаў для мэдычных экспэрымэнтаў у Асьвенціме пад кіраўніцтвам Мэнгеле, чыя жудасная практыка прынесла яму мянушку «Анёл сьмерці».
Сёстры, як і многія з гэтых блізьнятаў, былі паддадзеныя пакутлівым дасьледаваньням, ін’екцыям і розным генэтычным экспэрымэнтам. У адрозьненьне ад большасьці, аднак, Эва і Мірыям не памерлі.
Кор успамінае, што яе аддзялілі ад сястры і ўпырснулі ёй невядомае рэчыва, ад чаго яе тэмпэратура шыбанула ўгору.
Шмат гадоў пасьля канцлягеру, распавядае Эва Кор, Мірыям сказала ёй, што на працягу гэтага часу лекары Асьвенціму назіралі за ёй, як быццам яны нечага чакалі. Кор прыйшла да высновы, што калі б яна памерла ад ін’екцыі, лекары забілі б Мірыям, каб правесьці параўнальнае ўскрыцьцё.
Яна таксама прыгадвае словы Мэнгеле пасьля таго, калі яе хапіла ліхаманка.
«Сьмеючыся з сарказмам, ён сказаў: Шкада, што яна такая маладая. Ёй застаецца ўсяго два тыдні жыцьця. Я ведала, што ён мае рацыю. Але я адмовілася паміраць. І я зрабіла сабе маўклівае абяцаньне, што дакажу доктару Мэнгеле, што ён памыляецца. Я выжыву і ўзьяднаюся з маёй сястрой Мірыям».
«Маё дзяцінства прапала»
Эве і Мірыям удалося перажыць мэдычныя экспэрымэнты і апошнія адчайныя намаганьні нацыстаў зьнішчыць вязьняў Асьвенціму перад вызваленьнем.
Kор кажа, што яна цудам выжыла, калі за тыдзень да вызваленьня лягеру савецкімі войскамі чатыры нацысцкія ахоўнікі пачалі паліваць вязьняў кулямётным агнём.
Пасьля вызваленьня лягеру сёстры былі першапачаткова аддадзеныя пад апеку мясцовых манашак, якія далі дзяўчынкам «шмат цацак».
«Гэта для мяне было даволі крыўдна, таму што яны не зразумелі, што я больш не дзіця і ўжо не гуляю з цацкамі, — сказала Кор. — Я ўпэўненая, што яны хацелі як лепш, але яны сапраўды не разумелі, што насамрэч мы перажылі ў нашым узросьце 11 гадоў. Я ніколі потым не гуляла з цацкамі. Маё дзяцінства прапала ў Асьвенціме назаўжды».
Пасьля побыту ў лягеры для ўцекачоў дзяўчаткам удалося вярнуцца ў свой дом у румынскай вёсцы Порц, дзе іх сям’я мела сельскую гаспадарку да часу, пакуль іх у 1944 годзе не перасялілі ў гета вугорцы, якія былі саюзьнікамі нямецкіх нацыстаў.
Кор мела надзею, што калі ёй і Мірыям удалося выжыць, то, магчыма, выжыў і нехта іншы зь сям’і. Але яны знайшлі свой сямейны дом пустым і абрабаваным. «Гэта, верагодна, быў найбольш сумны дзень у маім жыцьці. Таму што я так моцна спадзявалася, што нехта ўсё ж выжыў», — сказала яна.
«Вольная ад Асьвенціму»
Сёстры эмігравалі ў Ізраіль ў 1950 годзе. Кор кажа, што толькі там яна была ў стане заснуць спакойна першы раз пасьля таго, як вугорцы занялі іх вёску дзевяць гадоў да таго.
«Я нарэшце спала бяз страху, што мяне заб’юць за тое, што я габрэйка», — сказала яна.
Яны абедзьве зь Мірыям наладзілі жыцьцё, павыходзілі замуж і нарадзілі дзяцей, і Кор у 1960-м годзе пераехала ў Злучаныя Штаты з амэрыканскім мужам, які таксама перажыў Галакост.
Да сваёй сьмерці ў 1993 годзе Мірыям мела праблемы з ныркамі, якія, на думку Kор, былі выкліканыя экспэрымэнтамі Мэнгеле. Да сёньняшняга дня, аднак, яна ня ведае, якія ўколы рабілі ёй у канцлягеры.
Ужо пасьля сьмерці сястры Kор пастанавіла зрабіць нешта, што яна апісвае як яшчэ адну форму вызваленьня: дараваць нацысцкім катам.
У 1995 годзе, падчас адзначэньня 50-й гадавіны вызваленьня Асьвенціму, Кор адчытала паказаньне, падпісанае нацысцкім доктарам Гансам Мюнхам, якога яна папрасіла пацьвердзіць жахі, чыненыя нацыстамі ў Асьвенціме.
«Для мяне было важна, каб гэта быў нацысцкі лекар, а не габрэй, які выжыў, або нехта з вызваліцеляў, — успамінае Кор. — Таму што рэвізіяністы заўсёды казалі, што ўсё гэта было выдумкай габрэяў, і калі я сустрэнуся зь некім з гэтых рэвізіяністаў, я магу сунуць яму гэты дакумэнт у твар. Такая была мая ідэя».
Пасьля адчытаньня сьведчаньня нацысцкага лекара Kор абвясьціла, што яна выбачае нацыстам. Гэтая заява выклікала супярэчлівыя рэакцыі, з увагі на маштабы злачынстваў, учыненых падчас Галакосту. Яна, аднак, кажа, што яе рашэньне насамрэч не датычыла вінаватых.
«Тое, што я адкрыла ў сабе, зьмяніла маё жыцьцё, — кажа яна. — Я выявіла, што я маю сілу, каб дараваць. Ніхто ня даў мне гэтую сілу, і ніхто ня мог адабраць яе ад мяне. Яна была толькі мая, і я магла скарыстацца ёю, як хацела».
Kор, якая ад 1960 году пастаянна пражывае ў штаце Індыяна, кажа, што яна нават вырашыла дараваць Мэнгеле, якога яна і яе сястра перажылі. Мэнгеле памёр у 1979 годзе ў Паўднёвай Амэрыцы, дзе жыў, пазьбягаючы арышту і судовага перасьледу на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў.
«І калі я даравала Мэнгеле, найгоршаму зь іх усіх, я магу таксама дараваць усім, хто калі-небудзь мяне пакрыўдзіў», — сказала яна.
Прабачэньне, дадала Кор, вызваліла яе ад «трагічнага мінулага»:
«Я стала вольнай ад Асьвенціму, і я стала вольнай ад Мэнгеле».
Радыё Свабода, 26 студзеня 2015
Кoличество переходов на страницу: 595
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |