https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларускае таварыства дружбы народаў адзначае сваё 90-годдзе


«Мы промні зорнай службы. Нам верыцца здаля, што стане Домам дружбы ўся зямля» — гэтыя прыгожыя словы паэта Сяргея Панізніка, пакладзеныя на музыку Эдуарда Зарыцкага, гучаць у гасцінным Доме дружбы ў беларускай сталіцы на пачатку кожнай імпрэзы. Гэтымі радкамі з гімна можна акрэсліць і мэты працы Беларускага таварыства дружбы народаў і культурнай сувязі з замежнымі краінамі — грамадскай арганізацыі, якая «кватаруе» ў гэтым знакавым будынку. Сёння таварыства — другая па ўзросце пасля Чырвонага Крыжа грамадская арганізацыя Беларусі — адзначае сваё 90-годдзе.

Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася са старшынёй прэзідыума Беларускага таварыства дружбы Нінай ІВАНОВАЙ і распытала пра асноўныя мэты працы арганізацыі, яе старых і новых сяброў, а таксама даведалася пра міжнародныя праекты, якія пакуль чакаюць сваёй рэалізацыі.

Ад класікаў пачатак

— Мы заўсёды з гонарам падкрэсліваем, што Таварыства культурных сувязяў было ўтворана па ініцыятыве вядомых літаратараў — Янкі Купалы, Якуба Коласа, Міхася Чарота, Цішкі Гартнага і іншых. Мэтай арганізацыі ад пачатку была вызначана папулярызацыя беларускай культуры, беларускасці, традыцый нашага народа за межамі краіны і, адпаведна, папулярызацыя духоўных здабыткаў іншых народаў у Беларусі. Выключэннем сталі толькі часы Вялікай Айчыннай вайны, калі таварыства не працавала. Мяне асабіста ўражвае тое, што нашымі папярэднікамі былі людзі, чые імёны «звіняць», — выдатныя творцы ў музыцы, літаратуры, мастацтве, тэатры: Ларыса Александроўская, Стэфанія Станюта, Рыгор Шырма, Генадзь Цітовіч, Уладзімір Алоўнікаў, Андрэй Макаёнак, Іван Мележ, Анатоль Анікейчык, Максім Танк, Васіль Быкаў... і пералік можна доўжыць. Старшынямі таварыства ў свой час працавалі пісьменнікі, якіх ведаюць не толькі ў Беларусі, але і далёка за межамі нашай краіны.

Праз нашу арганізацыю свет пазнаў беларускую культуру: менавіта па камандзіраванні таварыства дружбы з канцэртамі за мяжу выязджалі творчыя калектывы, якія сёння лічацца карыфеямі ў сваім жанры: Дзяржаўны ансамбль танца, «Купалінка», «Харошкі», «Крыжачок» і многія іншыя. Лёс гэтых калектываў склаўся вельмі добра, і мы часам жартуем, што наша таварыства адыграла выключную ролю ў іх жыцці.

Сябры і партнёры

— Ганарымся тым, што і сёння ў нашай арганізацыі працуюць сапраўдныя рыцары народнай дыпламатыі — аўтарытэтныя, шматгранныя, высокай культуры людзі. Яны задзейнічаны ў розных структурах: сёння ў складзе таварыства дружбы 40 суполак, якія наладжваюць сяброўскія стасункі з рознымі замежнымі краінамі; дзясяткі партнёраў за межамі краіны, што садзейнічаюць папулярызацыі там беларускай культуры. У працы нашага таварыства можна вылучыць чатыры асноўныя праграмы. Культура — самая першая і важная, традыцыйная. Маем праграму міжнароднага рэгіянальнага супрацоўніцтва (яе мэта — парадненне гарадоў), а таксама гуманітарную і маладзёжную праграмы.

З некаторымі замежнымі партнёрамі шмат гадоў дапамагаем раёнам, якія пацярпелі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Напрыклад, з фондам «Дзецям Чарнобыля» зямлі Ніжняя Саксонія (Германія) 20 гадоў супрацоўнічаем па пастаўцы апаратаў ультрагукавой дыягностыкі ў медыцынскія ўстановы Беларусі, павышэнні кваліфікацыі медыкаў. За гэты час у нашу краіну перададзена звыш 200 апаратаў. Зараз мы рыхтуемся да дзён беларускай культуры ў Ніжняй Саксоніі — неўзабаве балетная трупа Музычнага тэатра выязджае на гастролі. Іх канцэрты пройдуць у дзевяці гарадах зямлі.

Работа на імідж

— Ёсць людзі, якія працуюць за грошы; ёсць асобы, якія прагнуць славы. Але ў нашым таварыстве людзі працуюць на імідж краіны, на тое, каб яшчэ вышэй узняць годнасць беларусаў. Усе яны маюць асноўную працу, сем'і, іншыя клопаты, тым не менш у нас у таварыстве за сімвалічную падзяку яны шчыруюць так, нібыта атрымліваюць вялікі заробак.

Напрыклад, таварыства «Беларусь — Швейцарыя» ўзначальвае акадэмік, знаны мастак Георгій Паплаўскі; Сяргей Панізнік, вядомы паэт, перакладчык, журналіст, шмат гадоў кіруе таварыствам «Беларусь — Латвія». З намі працуе і міністр культуры Барыс Святлоў: ён стаў старшынёй таварыства «Беларусь — Вялікабрытанія», яшчэ калі быў рэктарам БДУКіМ, але і атрымаўшы прызначэнне на пасаду міністра, наша таварыства не пакінуў. А старшыня праўлення Пріорбанка Сяргей Касцючэнка актыўна працуе ў таварыстве «Беларусь — Аўстрыя», ажыццяўляе значныя і маштабныя праекты. Таварыства «Беларусь — Польшча» ўзначальвае пісьменнік, гісторык Анатоль Бутэвіч — ён на сваіх імпрэзах абавязкова падкрэслівае супольную мінуўшчыну нашых краін. Дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ Віктар Шадурскі кіруе таварыствам «Беларусь — Францыя» і праводзіць вялікую работу сярод моладзі.

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі ўзначальвае таварыства «Беларусь — Украіна». Вельмі прыемна, што з намі працуе сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч, мы ганарымся гэтай пераемнасцю пакаленняў, зацікаўленасцю. Сын класіка, пачынальніка нашай літаратуры ўзначальвае таварыства «Беларусь — Ірландыя», ладзіць прыгожыя і незвычайныя святы для моладзі. Вядомы драматург Аляксей Дудараў працуе ў кірунку наладжвання сяброўскіх стасункаў з Літвой. Анатоль Талкачоў, галоўны ўрач Мінскага дыягнастычнага цэнтра, кіруе таварыствам «Беларусь — Куба». Прафесар Іван Чарота ўзначальвае таварыства «Беларусь — Сербія», дырэктар радыёстанцыі «Беларусь» паэт Навум Гальпяровіч актыўна працуе ў галіне наладжвання дыялогу Беларусі з Арменіяй. Цяжка сёння ўявіць сабе Дом дружбы без грунтоўнага, таленавітага, эмацыянальнага Міколы Мятліцкага — паэта, старшыні таварыства «Беларусь — Славакія».

Адметна, што і «ветэраны» нашага таварыства сёння актыўна працуюць. Дагэтуль на імпрэзах бывае і дапамагае іх рыхтаваць былы намеснік старшыні прэзідыума Беларускага таварыства дружбы Ніна Нерад. Сёння яна на пенсіі, але цікавіцца нашай працай. Дапамагае і старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп.

Ад грамадскіх ініцыятыў — да дзяржаўных праграм

— Мы вельмі ганарымся тым, што дзяржаўныя дзеячы, якія прыязджаюць у Беларусь з краін-партнёраў, не прамінаюць сваёй увагай Беларускае таварыства дружбы.

Цесна і плённа супрацоўнічаем з Міністэрствам замежных спраў Беларусі, адчуваем яго моцную падтрымку. Вельмі прыемна, што ў многіх выпадках інтарэсы таварыства пераплятаюцца з дзяржаўнымі праграмамі і наша дзейнасць прыносіць карысць на дзяржаўным узроўні. Больш за тое, я лічу, што любая дзяржаўная справа, нават самая важная, без падтрымкі грамадскасці, грамадскіх структур непаўнавартая і звужаная. Таму нават тыя культуралагічныя мерапрыемствы, якія мы ладзім у Доме дружбы, — таксама падтрымка дзяржаўнай праграмы па фарміраванні станоўчага іміджу нашай краіны. Там, дзе ведаюць пра Беларусь, нашы станоўчыя якасці, можна чакаць зусім іншага стаўлення да ініцыятыў з нашага боку. Мы для іх ужо не чужынцы.

Наладжваць стасункі з краінамі-суседзямі досыць проста. Але і з далёкімі ў геаграфічных адносінах дзяржавамі ладзіць дыялог нескладана. Мы супрацоўнічаем з Кубай, Індыяй, Кітаем. Адзінае, што стрымлівае, — гэта адлегласць. Для арганізацыі гастроляў нашых творчых калектываў, рэалізацыі сумесных праектаў патрэбны вялікія грошы. Гэта нам не пад сілу. Тым не менш стараемся падтрымліваць кантакты хаця б віртуальна. А калі ў Беларусь прыязджае, напрыклад, кубінскі выканаўца, ён абавязкова будзе з канцэртам у Доме дружбы. Нам важна, каб ведалі, што ў Мінску ёсць такі «прытулак» для замежнікаў і разумелі, што тут цікавяцца культурай іншых народаў.

Што ў планах?

— Задумак шмат. Пазнавальна-азнаямленчыя мерапрыемствы, «круглыя сталы», канферэнцыі, сустрэчы з нашымі партнёрскімі арганізацыямі. Але часам жыццё нібыта само прапануе новыя задачы, ідэі, ад якіх грэх адмаўляцца. Адна з такіх задумак — вялікі беларуска-аўстрыйскі культурны праект, разлічаны на два гады. Для нас справа гонару падрыхтаваць яго.

Рыхтуемся да вельмі значнай падзеі наступнага года — 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін Беларусі з рознымі краінамі. Студзень і люты 1992 года былі вельмі «ўраджайнымі» на плённыя кантакты. Тады наша маладая рэспубліка актыўна наладжвала сувязі. Такія падзеі дазваляюць звярнуць увагу на Беларусь з розных пунктаў гледжання. Гэта і культура, і міждзяржаўны, грамадскі дыялог, і перспектывы супрацоўніцтва. Вядома, у гэтым кірунку будуць вялікія дзяржаўныя праграмы, але і мы далучымся да святкавання, будзем з любоўю і павагай гаварыць пра розныя краіны, разважаць пра тое, што яшчэ можна зрабіць для ўмацавання ўзаемаадносін у розных сферах.

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

zviazda.by 



 

Кoличество переходов на страницу: 878


Комментарии