https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Васіліса Марзалюк: «Жаночая барацьба больш жорсткая і грубая»


Васіліса — той выпадак, калі стэрэатып пра аднабокасць і абмежаванасць унутранага свету спартсменаў выглядае глупствам. Гэта зразумела ўжо праз некалькі хвілін гутаркі з дзяўчынай, якая паспяховая ў спорце, абаяльная ў жыцці, разумная сама па сабе і адчувае навакольны свет вельмі тонка. Спартсменка, якая займаецца барацьбой, выходзіць на дыван, каб змагацца за перамогі, таму дзейнічае там даволі жорстка, а па-за межамі спартыўнай залы яна звычайны чалавек, які цікавіцца мастацтвам, модай і вандроўкамі. У момант падрыхтоўкі да свайго галоўнага старту — Алімпійскіх гульняў, Васіліса Марзалюк расказвае пра запаветную мару, «барцоўскае братэрства» сярод дзяўчат і пра тое, які мужчына павінен быць побач з моцнай жанчынай.

«Маім самым доўгім захапленнем былі танцы»

Даволі рэдкае і настолькі прыгожае імя Васіліса атрымала ад сваіх бацькоў, яе назвалі ў гонар прабабулі. Імя прыйшло да нас са старажытнагрэчаскай мовы, ад мужчынскага Васіль і азначае — царыца, царская.

— Трэнер кажа, што гэта паўплывала на мой характар, — адзначае Васіліса, — ува мне ёсць нешта ўладнае. Некаторыя спрабуюць называць мяне Вася, але я лічу, што гэта зусім не падыходзіць да майго вобраза.

Сярод сваіх галоўных рыс характару дзяўчына называе справядлівасць, мэтанакіраванасць і дабрыню.

— Шмат хто кажа, што я складаны чалавек, а я проста не люблю падпарадкоўвацца абставінам, — здзіўляецца дзяўчына. — Мне падабаецца, калі ў мяне ёсць план і я трымаю ўсё пад кантролем. Варта здарыцца форс-мажору і я пачынаю нервавацца, не люблю, калі адбываецца нешта несправядлівае, а я не магу гэта выправіць.

Такое абвостранае пачуццё не заўсёды дапамагае мне, людзі кажуць, што гэта жыццё і несправядлівасць паўсюль, але ў мяне іншае бачанне.

У дзяцінстве дзяўчына не марыла пра вялікія спартыўныя здзяйсненні і не мела вялізнага жадання авалодаць канкрэтнай прафесіяй, але момант, калі Васіліса ўпершыню задумалася пра адказ на пытанне «кім хоча стаць» памятае вельмі выразна.

— Неяк я каталася на веласіпедзе з іншымі дзецьмі, і ўсе казалі, што хочуць стаць касманаўтамі, я таксама адказала так, — успамінае Васіліса. — Шчыра скажу, я не памятаю, кім хацела быць. Вучылася «на выдатна», са спортам у мяне ў школе таксама ніколі не было праблем. Тата спрабаваў аддаваць мяне ў розныя спартыўныя секцыі, але маім самым доўгім захапленнем у дзяцінстве, напэўна, былі танцы. Потым пайшла на барацьбу, яна мне спадабалася, і я засталася тут. Цяпер вельмі рада, што так атрымалася ў маім жыцці.

«У Рыа будзе настрой на «золата»

Пасля свайго першага буйнога поспеху на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы ў 2005 годзе (там дзяўчына заваявала бронзавую ўзнагароду) у кар'еры Васілісы адбыўся непрыемны інцыдэнт, з-за якога на 2 гады ёй давялося пакінуць вялікі спорт.

— Я сышла не з-за свайго жадання, таму адчувала эфект незавершанага дзеяння, гэта на мяне вельмі ціснула, хацелася поўнай самарэалізацыі, даказаць, што я яшчэ на нешта здольная. У такія моманты ў многіх спартсменаў з'яўляюцца праблемы, дэпрэсіі, я не выключэнне. За час перапынку паспела і ў клубы пахадзіць і трэнерам папрацаваць, але жаданне вярнуцца заўсёды было велізарным. Мяне добра падтрымалі і ў матэрыяльным і ў псіхалагічным плане, трэнеры былі зацікаўлены ў маім вяртанні на дыван, таму яно адбылося.

Аднак перамогі да Васілісы вярнуліся не адразу, маса праведзенай работы, слёз і намаганняў, першы п'едэстал на топ-турнірах пасля перапынку здарыўся толькі ў 2011-м. У гэты год Марзалюк стала другой у Еўропе і трэцяй у свеце. Потым дзяўчына выступіла на Алімпійскіх гульнях у Лондане, дзе было крыўднае паражэнне ў барацьбе за бронзавы медаль. Але не ў духу Васілісы апускаць рукі, у наступным алімпійскім цыкле спартсменка працягнула паказваць добрыя вынікі і заваявала сабе яшчэ адну пуцёўку на галоўныя старты чатырохгоддзя.

— Цяпер узмоцнена рыхтуюся да Гульняў у Бразіліі, — расказвае спартсменка, — наперадзе яшчэ некалькі збораў і турнір у Польшчы, які будзе апошнім перад Алімпіядай. У Рыа ў мяне павінен быць адэкватны настрой на медаль, на «золата», на перамогу. Зараз не адчуваю асаблівага хвалявання, яно зусім непатрэбнае, не трэба браць на сябе лішнюю адказнасць. Лепш падысці да Алімпійскіх гульняў як да звычайнага старту. Хоць, вядома, гэта самыя важныя спаборніцтвы, і ўсе спартсмены 4 гады па вялікім рахунку рыхтуюцца менавіта да іх. Мы людзі мэтанакіраваныя, губляць нам няма чаго, таму будзем паказваць тое, на што здольныя.

Тым больш у мяне ўжо ёсць вопыт выступлення ў Лондане, можа быць не зусім удалы... Але, як звычайна пасля пройгрышу, мы зрабілі работу над памылкамі, я старалася змяняцца і расці.

Васіліса Марзалюк выступае ў вагавай катэгорыі да 72 кг, бясспрэчна барацьба не самы грацыёзны від спорту, але дзяўчына супраць, калі яго называюць не жаночым. Яна параўноўвае паядынак спартсменак з сутычкай дзвюх тыгрыц.

— Жанчыны больш непрадказальныя і эмацыянальныя, чым мужчыны, таму ў нас часта бывае, што лідар можа прайграць. Таксама жаночая барацьба больш жорсткая і грубая, чым мужчынская. Часам спартсменкі карыстаюцца забароненымі прыёмамі, могуць за валасы пацягнуць. Гэта выбар кожнага — я, напрыклад, вяду сумленную гульню, таму імкнуся такімі рэчамі не карыстацца. За межамі дывана мы ўсе маем зносіны, бо сустракаемся і на зборах, і на спаборніцтвах з самага дзяцінства.

Як у мужчынскай барацьбе, так і ў жаночай існуе паняцце «барцоўскае братэрства», мы сапраўды вельмі дружныя.


«Спартсмены — гэта фанатыкі»

Васіліса адзначае, што па-за межамі дывана ёй ніколі не даводзілася ўжываць фізічную сілу, каб абараніць сябе ці даказваць справядлівасць. Наогул, у жыцці дзяўчына выглядае вельмі па-жаноцку, а акрамя спорту цікавіцца мастацтвам і модай.

— Спартсмены — гэта фанатыкі, людзі якія любяць сваю справу, — разважае Васіліса. — Яны вывучаюць усё, пачынаючы з харчавання, заканчваючы драбнюткімі тэхнічнымі дэталямі свайго віду спорту. Гэта лагічна. Калі ты хочаш чагосьці дасягнуць, павінен цалкам гэтаму аддавацца. А калі дасканала будзеш вывучаць адну справу, то ў цябе наўрад ці знойдзецца час для іншых інтарэсаў, гэта можа быць толькі павярхоўна. Такая гісторыя ў мяне з мастацтвам, гэта проста маё захапленне.

Мне падабаецца сюррэалізм, для мяне гэта нешта такое выдуманае, паглядзеўшы на твор, шмат што можна прыдумаць самому сабе. Ведаю, што ў адной з кавярняў у Мінску праходзяць вечарыны, куды могуць прыходзіць ахвотныя і маляваць, хачу як-небудзь наведаць гэтае мерапрыемства.

А наогул я люблю Сальвадора Далі, мне падабаецца яго вар'яцтва.

Што тычыцца падарожжаў, то раней у якасці сваёй любімай краіны я заўсёды называла Італію. Цяпер у мяне трошкі памяняўся погляд, там усё гістарычнае, усюды класіка, а мне сёння больш уласцівы мадэрнізм. Хочацца рабіць і бачыць нешта новае, звязанае з сучаснасцю, новымі тэхналогіямі. Мне здаецца, мы павінны жыць у духу з часам.

Люблю моду, сукенкі, прыгожую вопратку. Сёлета хацела схадзіць на Belarus Fashіon Week, але мяне не было ў гэты час у краіне, сачыла за ёй на адлегласці. Бачыла, што ў нас ёсць нядрэнныя, цікавыя дызайнеры.

Пра Васілісу можна з упэўненасцю сказаць: разумніца, прыгажуня і вельмі моцны чалавек. Які мужчына павінен быць побач з такой дзяўчынай?

— На гэта магу адказаць адным словам — надзейны. Каб па жыцці можна было ісці разам з упэўненасцю.

Напярэдадні Алімпійскіх гульняў Васіліса заклікае беларускіх заўзятараў падтрымаць нашу каманду і адзначае, што для спартсменаў гэта вельмі важна.

— Мае галоўныя заўзятары — гэта, безумоўна, бацькі, бабуля, мае трэнеры, такіх людзей шмат, вылучыць кагосьці канкрэтна складана. Бывае, нават мяне пазнаюць на вуліцах, у крамах, таксі, але я да гэтага стаўлюся спакойна, я такі чалавек, што не люблю паказуху, мне нашмат больш крыўдна за тое, што барацьба ў нас непапулярны від спорту.

Маё апошняе пытанне да Васілісы было звязана з яе запаветнай марай, і на яго яна, здаецца, адказвае з найбольшай упэўненасцю.

— Я мару пра «золата» Алімпіяды, зараз усё маё жыццё, увесь мой побыт накіраваны на гэта.

Біяграфічная даведка

Васіліса Марзалюк нарадзілася ў 1987 годзе ў Лагойску. У 2005-м заваявала бронзавы медаль чэмпіянату Еўропы. У 2006-м была дыскваліфікавана на два гады за выкарыстанне забароненых прэпаратаў. У 2011 годзе стала сярэбранай прызёркай чэмпіянату Еўропы і бронзавай прызёркай чэмпіянату свету. У наступным годзе заваявала бронзавы медаль чэмпіянату свету, але на Алімпійскіх гульнях у Лондане стала толькі 5-й. У 2013 годзе заваявала бронзавы медаль чэмпіянату Еўропы. У 2015-м стала чэмпіёнкай Еўрапейскіх гульняў, у верасні гэтага ж года стала бронзавай прызёркай чэмпіянату свету ў Лас-Вегасе і заваявала ліцэнзію для Беларусі на АГ-2016.

lobazhevich@zviazda.by



 

Кoличество переходов на страницу: 673


Комментарии