Жылі ў суседстве два Іваны.
Адзін - мудрэц -
Шукаў ва усім пачатак і канец,
Другі - прастак -
Жыў проста так.
Вось раз ідзе прастак з двара -
Касцюмчык, гальштук, папяроска.
- Куды? - пытае цёзка.
- Ды мне пара...
Вунь там у скверыку чакае
Чарнявая такая.
- Я бо гляджу - надраіў чуб.
Жаніцца думаеш?
- А хоць бы й так?
- Дык ты ж не знаеш, што такое шлюб.
- Я па-вучонаму адказваць не бяруся,
Як ажанюся - разбяруся.
- Прастак дык ён і ёсць прастак.
А я хачу спачатку разабрацца.
Цяжкая, праўда, праца,
Вунь, бачыш, колькі кніг!
Усё пра шлюб сабрана у іх
Ад самага Адама.
Дык вось мая праграма:
Пакуль да сутнасці не дабяруся -
Не ажанюся.
Ад першабытнае сям'і пачну.
- Ну-ну!
Жадаю поспеху.
- Табе таксама.
Пакуль мудрэц, сабраўшы кніжак стог,
I дзень і ноч над імі сох,
Пакуль дабраўся да матрыярхату,
Прастак прывёў чарняўку ў хату.
Яшчэ прайшло мо год ці два,
Штудзіруе разумнік том за томам,
Трашчыць аж галава,
А ўсё канца няма крыніцам невядомым.
Раз, глянуўшы на свет, разумны аж здзівіўся:
Сынок у «дурня» нарадзіўся.
***
Ішлі гады сваёй хадою...
Пад старасць наш мудрэц,
Абросшы сівай барадою,
Знайшоў-такі пачатак і канец,
Але на сівізну кудзелі
Нявесты не глядзелі.
1965
Кoличество переходов на страницу: 1870
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |