https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Мінай Шмыроў


Яркай асобай ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны быў вядомы партызанскі камандзір Бацька Мінай. Яго лёс унікальны па маштабе падзей, якія адбываліся з ім, і страшных выпрабаванняў, што выпалі на яго долю.

Бацька МінайЛегендарны Бацька Мінай - так звалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны Міная Піліпавіча Шмырова. Знакаміты партызанскі важак дзейнічаў са сваёй брыгадай на Віцебшчыне, але слава аб гэтай бясстрашнай брыгадзе яшчэ ў гады вайны разышлася па ўсёй Беларусі. І сёння прарываюцца да нас з 1942 года словы Якуба Коласа: "Паклон табе шчыры, нізкі, наш Бацька Мінай!".

Нарадзіўся Мінай Шмыроў 23 снежня 1891 года ў вёсцы Пунішча Віцебскага раёна. Дзіцем пасвіў жывёлу ў заможных сялян, потым сплаўляў па рацэ лес, працаваў у маёнтку буйнога памешчыка. Яму ўдалося скончыць толькі тры класы царкоўнапрыходскай школы, што ў той час для такіх, як ён, лічылася дастатковым. Гэта школа была адзінай адукацыйнай установай у яго лёсе - усяму астатняму Шмырова навучыла жыццё.

Знаёмства з ваеннай справай адбылося ў 1913 годзе, калі Шмырова ўзялі на службу ў царскую армію. Ён удзельнічаў у Першай сусветнай вайне. За храбрасць, праяўленую ў баях, Мінай Шмыроў быў узнагароджаны трыма Георгіеўскімі крыжамі. А ў 1918 годзе добраахвотна ўступіў у Чырвоную Армію, ваяваў супраць белагвардзейцаў Краснова, Карнілава і Юдзеніча. Мінай Шмыроў арганізаваў першы ў Віцебскай губерні партызанскі атрад, быў камандзірам атрада па барацьбе з бандытызмам, за што быў удастоены высокай на той час узнагароды - ордэна Чырвонага Сцяга.

У 1932 годзе Міная Піліпавіча выбралі старшынёй калгаса ў роднай вёсцы Пунішча, пазней яго назначылі дырэктарам ільнозавода, а потым - кардоннай фабрыкі. Усюды ён аддаваўся цалкам рабоце, хоць перад вайной памерла жонка і ўвесь клопат аб выхаванні чацвярых дзяцей таксама давялося ўзяць на сябе. Мінай уставаў на досвітку, гатаваў снеданне, адпраўляў старэйшых у школу, а сам спяшаўся на кардонную фабрыку. Адным словам, і даваеннай біяграфіі Шмырова хапіла б на цэлае жыццё.

"Бацькам" Міная Піліпавіча сталі называць былыя работнікі кардоннай фабрыкі і мясцовыя актывісты, якіх ён па заданні райкама партыі адвёў у партызаны пасля таго, як 12 ліпеня 1941 года гарадскі пасёлак Сураж быў заняты фашыстамі. Шмыроў сфарміраваў партызанскі атрад, які налічваў спачатку ўсяго 22 чалавекі. У першы ж месяц вайны гэты невялікі партызанскі атрад атрымаў баявое хрышчэнне - на ціхай рэчцы Тураўцы каля вёскі Цімохі разбіў кадравую фашысцкую часць, забіўшы каля 30 фашыстаў.

Адсюль па акупіраваных, прыціснутых гітлераўскім ботам вёсках Віцебшчыны пайшла гордая слава непакорнага Бацькі Міная, якая не давала спакою захопнікам. Народныя мсціўцы, якімі кіраваў Шмыроў, наганялі жах на акупантаў: нападалі на варожыя гарнізоны і апорныя пункты, знішчалі склады, узарвалі нафтабазу, рабілі дыверсіі на чыгунках, зрывалі карныя аперацыі фашыстаў супраць мірнага насельніцтва. Утрымлівалі плацдарм на левым беразе Заходняй Дзвіны.

Акупанты неаднаразова спрабавалі ліквідаваць партызан. За галаву Шмырова яны абяцалі карову, каня, надзел зямлі, дзясяткі тысяч марак. Але здрадніка, які паквапіўся б на варожыя сярэбранікі, не знайшлося. Страціўшы надзею расправіцца з народнымі мсціўцамі, гітлераўцы арганізавалі карную экспедыцыю, разагналі, праўда, ненадоўга партызанскі атрад, а 19 кастрычніка 1941 года ўзялі ў заложнікі малалетніх дзяцей камандзіра: Лізу (14 гадоў), Сярожу (10 гадоў), Зіну (7 гадоў), Мішу (3 гады). Іх даставілі ў Сураж, дзе пасля папярэдняга нападзення партызан знаходзіўся магутны гарнізон. Трымалі вязняў у голадзе і холадзе, давалі па лусце хлеба і крыху воды. Білі і палохалі дзяцей. Дзеці спачатку крычалі, плакалі, потым перасталі. Старэйшым дзецям гаварылі, што бацьку ўжо злавілі і павесілі, а малодшаму, Мішу, было горш за ўсіх - яму ўвесь час рабілі "вочныя стаўкі" са злоўленымі партызанамі ў надзеі, што Міша пазнае і выдасць тым самым бацьку.

Фашысты абяцалі пакінуць дзяцей жывымі, калі Бацька Мінай добраахвотна здасца ў палон. Даведаўшыся аб тым, што захапілі дзяцей, Шмыроў быў у адчаі - усяго за пару дзён да гэтага ён хацеў вывезці іх у лес, але запрацівіліся бабулі. Бацька Мінай разгубіўся: ісці на штурм Суража, як прапаноўвалі партызаны, ён не хацеў - Сураж ім было не ўзяць, а менавіта на гэта і разлічвалі фашысты. Спачатку ён хацеў здацца немцам адзін у абмен на жыццё дзяцей, потым вырашыў пакончыць з сабою, спадзеючыся, што немцы не стануць забіваць дзяцей. Але многае вырашыла запіска старэйшай дачкі Лізы, перададзеная Шмырову: "Тата, за нас не хвалюйся, нікога не слухай, да немцаў не ідзі. Калі цябе заб'юць, то мы бяссільныя і за цябе не адпомсцім. А калі нас заб'юць, тата, то ты за нас адпомсціш". 14 лютага 1942 года гітлераўцы расстралялі дзяцей, сястру Міная Шмырова і маці яго жонкі. У яго больш не засталося родных. Запіску Лізы Мінай усю вайну насіў у кішэні ля сэрца.

Пасля цяжкіх выпрабаванняў партызанскія атрады Суражскай зоны зліліся ў моцны баявы кулак - у красавіку 1942 года была створана Першая Беларуская партызанская брыгада, якую ўзначаліў Мінай Піліпавіч. Разам з часцямі Чырвонай Арміі партызаны ўтрымлівалі вядомыя "Суражскія вароты" - саракакіламетровы разрыў нямецкай лініі фронту. Праз "Суражскія вароты" на Вялікую зямлю ішлі мірныя жыхары, навабранцы, пераганялі жывёлу, вывозілі збожжа, тут жа партызаны атрымлівалі зброю, праходзілі армейскія дыверсійна-разведвальныя групы. Гэтыя "вароты" праіснавалі каля шасці месяцаў, да канца верасня 1942 года.

Партызанская брыгада Бацькі Міная стала паўнапраўным гаспадаром на сваёй тэрыторыі. Яе штаб меў тэлефонную сувязь са штабам 4-й ударнай арміі і з усімі партызанскімі атрадамі. У Суражскай, яшчэ яе называлі мінаеўскай, зоне дзейнічалі райкам партыі і райвыканкам, калгасы і саўгасы. Гэта быў востраў савецкай улады ў тыле ворага ў 1942 годзе.

Восенню Мінай Піліпавіч быў адкліканы ў распараджэнне Беларускага штаба партызанскага руху. Пасля вайны ён працаваў намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама, быў членам бюро абкама партыі, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Ён стаў першым ганаровым грамадзянінам горада Віцебска.

Радзіма высока ацаніла баявыя заслугі нацыянальнага героя беларускага народа Бацькі Міная. У 1944 годзе яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, ён узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I ступені, многімі медалямі.

Памёр Мінай Піліпавіч Шмыроў у 1964 годзе. У Віцебску і на радзіме Мінаю Шмырову ўстаноўлены помнікі, абеліск з бронзавымі барэльефамі Лізы, Зіны, Сярожы і Мішы Шмыровых устаноўлены на тэрыторыі Суражскай сярэдняй школы. Імем Міная Шмырова названы вуліцы ў Віцебску і гарадскім пасёлку Сураж, а таксама Запольская сярэдняя школа ў Віцебскім раёне. Аб лёсе Міная Шмырова і яго сям'і на студыі "Беларусьфільм" быў зняты фільм "Бацька".

У адпаведнасці з распараджэннем Савета Міністраў Беларусі ад 1 лютага 1966 года і загадам Міністэрства культуры Беларусі ад 24 сакавіка 1966 года быў створаны Віцебскі абласны музей Героя Савецкага Саюза Міная Піліпавіча Шмырова. У дні святкавання 25-годдзя вызвалення Беларусі 5 ліпеня 1969 года ён быў адкрыты.

Экспазіцыя музея знаёміць з жыццём і дзейнасцю Шмырова, гісторыяй стварэння і дзеянняў у Вялікую Айчынную вайну партызанскага атрада Бацькі Міная, Першай Беларускай партызанскай брыгады, баямі партызан па абароне Суражскай партызанскай зоны. Уключае карту-схему разгрому варожага гарнізона ў гарадскім пасёлку Сураж у 1941 годзе, схему размяшчэння партызанскага аэрадрома, дыяраму "Начны партызанскі аэрадром", зброю партызан, лістоўкі, сцягі, асабістыя рэчы, дакументы, узнагароды і фатаграфіі Шмырова і іншых партызан.

У музеі знаходзяцца дакументы аб узаемадзеянні партызан і лётчыкаў 105-га асобнага гвардзейскага ордэна Аляксандра Неўскага Панявежскага авіяпалка, аб вызваленні Віцебска і ўсёй Беларусі ў выніку аперацыі "Баграціён", пераможным завяршэнні Вялікай Айчыннай вайны.

У экспазіцыі прадстаўлены інтэр'ер рабочага кабінета Міная Піліпавіча Шмырова з мэбляй, кнігамі, асабістымі рэчамі, паляўнічы рыштунак, матэрыялы аб працоўных і творчых поспехах калектываў прадпрыемстваў і навучальных устаноў, якія маюць імя М.П.Шмырова. У парку з дубовым гаем, высаджаным былымі партызанамі, яму ўстаноўлены бюст (скульптар Заір Азгур), а таксама макет "Рэйкавая вайна", артылерыйскія гарматы і мінамёт.

БЕЛТА, 12 чэрвеня 2014


 

Кoличество переходов на страницу: 2622


Комментарии