https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Іван Захараў


Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў камуністычнага падполля і партызанскага руху на тэрыторыі Віцебскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза, заслужаны работнік культуры БССР Іван Кузьміч Захараў нарадзіўся 31 ліпеня (13 жніўня) 1909 года ў вёсцы Ганявічы Лагойскага раёна Мінскай вобласці.

Іван ЗахараўВырас Іван Кузьміч у сялянскай сям'і. У 1931-1932 гадах Захараў праходзіў службу ў Чырвонай Арміі. У 1934 годзе, скончыўшы Вышэйшую камуністычную сельскагаспадарчую школу, стаў старшынёй сельскага Савета, адначасова займаў пасаду намесніка дырэктара, а пазней і дырэктара Чапаеўскай МТС Асвейскага раёна Віцебскай вобласці.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Іван Захараў эвакуіраваўся ў савецкі тыл, а ў лістападзе 1941 года быў накіраваны на акупіраваную гітлераўскімі войскамі тэрыторыю для арганізацыі партызанскага руху ў Асвейскім раёне Віцебскай вобласці. У Ржэве, адкуль пачаўся яго нялёгкі шлях, ён пакінуў свой партыйны білет, службовае пасведчанне дырэктара Чапаеўскай МТС Асвейскага раёна. Цяпер трактары былі здадзены, сям'я эвакуіравана, а ён, камуніст Захараў, па заданні Віцебскага абкама партыі з новымі дакументамі былога зняволенага адправіўся ў свой родны раён, у тыл ворага. Прарвацца праз лінію фронту было нялёгка. Каля Вялікіх Лук гэтага зрабіць не ўдалося, але каля Мажайска Захараў усё ж такі праскочыў. Ён добра ведаў лясны, азёрны край, размешчаны на поўначы Беларусі, яшчэ па службе ў Чырвонай Арміі. Івана Кузьміча тут многія ведалі. Гэта было добра, але і небяспечна. Нідзе не затрымліваючыся больш як на адзін-два дні, Іван Кузьміч хадзіў ад вёскі да вёскі, дамаўляючыся з вернымі людзьмі, шукаючы сувязных. Нават калі таварышы паведамілі, што на след арганізатара падполля напалі фашысты, ён прадаўжаў работу, збіраючы сілы для будучай барацьбы.

У красавіку 1942 года Захараў арганізаваў і ўзначаліў партызанскі атрад. Спачатку маючы ўсяго 11 чалавек, атрад хутка ўмацоўваўся і павялічваўся. Аўтарытэт партызан сярод насельніцтва ўзмацняўся з кожным днём. На адным з партыйных сходаў у чэрвені 1942 года па прапанове падпольнага абкама партыі быў выбраны раённы камітэт. Сакратаром яго стаў Іван Кузьміч Захараў, які займаў гэту пасаду па снежань 1943 года. У адной асобе спалучыліся партыйны кіраўнік і баявы камандзір.

Партызаны трымалі пад кантролем ужо значную частку населеных пунктаў Асвейскага раёна. 29 ліпеня 1942 года на базе атрада імя Фрунзэ (так называўся атрад Захарава) была створана брыгада імя Фрунзэ. Чатыры атрады пайшлі на новыя стаянкі. Штаб брыгады застаўся пры атрадзе Захарава.

Калі брыгада ўмацавалася і павялічылася да 1100 чалавек, вырашана было правесці аперацыю супраць буйнога гарнізона ў Каханавічах. Гэта быў важны ў стратэгічных адносінах пункт. Ён размяшчаўся на скрыжаванні дарог, якія рассякалі раён на чатыры часткі. Партызаны рыхтаваліся да масіраваных налётаў на чыгункі, а Каханавічы стаялі на іх шляху. Трэба было ліквідаваць гарнізон гітлераўцаў, які размясціўся тут.

У аперацыі ўдзельнічалі тры атрады, артылерыйскі дывізіён фрунзенцаў і адзін атрад Дрысенскай брыгады. Артылерыя выкарыстоўвалася ўпершыню. Дзейнічаць было складаней, чым у першыя месяцы: немцы ведалі аб партызанах, баяліся іх і былі напагатове. Яны сустрэлі партызан агнём з укрыццяў, запыталі дапамогі з Дрысы. Ад Дрысы да Каханавіч толькі 18 км; падмацаванне, на аўтамашынах і з артылерыяй, у хуткім часе было каля Каханавіч. Прадаўжаць бой з праціўнікам, які мае такую вялікую перавагу ў сілах, не было сэнсу. Партызаны, з цяжкасцю адарваўшыся ад праціўніка, адышлі ў лес. Але і ў гэтай кароткай схватцы праціўнік страціў больш як 70 чалавек. Чатыры партызаны загінулі смерцю храбрых. Праз некалькі дзён, пры другой спробе, гарнізон у Каханавічах быў зняты. Шлях да чыгункі стаў свабодным.

У верасні 1942 года партызаны перавялі 411 чалавек праз лінію фронту на злучэнне з Чырвонай Арміяй. З гэтай групай у падарунак нашай арміі партызаны брыгады Захарава прыслалі 110 коней і 18 кароў. У пачатку кастрычніка ў савецкі тыл былі адпраўлены 500 чалавек, а ў снежні - больш як 1000 чалавек.

У канцы снежня 1942 года фашысты сфарміравалі карную экспедыцыю. Супраць партызан пайшлі рэгулярныя воінскія часці, узброеныя артылерыяй, танкамі, бронемашынамі. Аднак атрады вытрымалі грозную сілу. За адзін толькі тыдзень народныя мсціўцы знішчылі каля 800 варожых салдат і афіцэраў.

Асабліва моцныя баі разгарэліся ў раёне вёскі Стралкі. Абстрэл з цяжкіх мінамётаў, бамбардзіроўка партызанскіх пазіцый з паветра нічога ім не далі. Атрады брыгады імя Фрунзэ біліся насмерць. У баях каля Стралкоў яны выкарыстоўвалі варожы танк, адрамантаваны былым механікам МТС Ангудовічам. Нягледзячы на вялікую колькасную перавагу, фашысты не змаглі ўзяць Стралкі. Тады яны абышлі партызан і блакіравалі іх. Застаўшыся без боепрыпасаў і прадуктаў харчавання, атрады былі вымушаны з боем выходзіць з акружэння.

Па фронце да 40 км занялі абарону партызанскія брыгады, прыкрываючы ад фашыстаў частку партызанскай зоны. На працягу 15 сутак спрабавалі карнікі прарваць абарону партызан, урываліся ў мірныя вёскі, лютавалі, знішчалі насельніцтва, спальвалі вёскі дашчэнту. 21 сакавіка 1943 года войскі карнай экспедыцыі раптам па трывозе былі пагружаны на машыны і пакінулі партызанскую зону.

Асвейскія партызаны прымалі ўдзел у дыверсіях на чыгунках. Варожыя эшалоны адзін за адным ляцелі пад адхон. У жніўні па рашэнні  штаба партызанскага руху пачыналася масавая рэйкавая вайна. У першай жа аперацыі партызаны пад кіраўніцтвам Захарава правялі 813 падрываў. А ўсяго за час чыгуначных дыверсій партызаны брыгады імя Фрунзэ падарвалі 2285 рэек, пусцілі пад адхон 115 эшалонаў.

7 кастрычніка 1943 года Чырвоная Армія, развіваючы наступленне, авалодала горадам Невель. Значная частка Полацкага і Расонскага раёнаў была вызвалена. У канцы кастрычніка атрады Расонскай і Полацкай брыгад злучыліся з часцямі Чырвонай Арміі. Ішлі апошнія дні партызанскай барацьбы. Радасныя і цяжкія дні. Часці нямецка-фашысцкіх войскаў праходзілі праз Асвейскі раён да фронту. Прысутнасць партызан у прыфрантавой зоне не вельмі задавальняла акупантаў. Гітлераўскае камандаванне прыняло меры па іх знішчэнні. Супраць атрадаў былі кінуты войскі, якія рухаліся на фронт. Колькасць іх вызначыць было немагчыма, кожны дзень у барацьбу з партызанамі ўключаліся новыя нямецкія часці.

Між тым партызаны павінны былі не толькі пазбегнуць разгрому, але зрабіць усё магчымае, каб выратаваць мірнае насельніцтва ад вывазу ў Германію і знішчэння. Баі з ворагам былі бязлітаснымі і ўпартымі. Партызаны рабілі ўсё, каб процістаяць фашыстам, не даць ім авалодаць раёнам. Так, вёска Якубова дзевяць разоў пераходзіла з рук у рукі.

Фашысты пачалі сціскаць партызан у акружэнні. Прымяніць звычайную тактыку, скрытна адысці партызаны не маглі: з імі было некалькі тысяч мірных жыхароў. Баі ішлі ўжо больш як два месяцы. Да канца снежня ворагу ўдалося так сціснуць партызан, што ў іх распараджэнні заставалася не больш як дзесяць кіламетраў тэрыторыі. Былі расходаваны ў баях з перавышаючымі сіламі праціўніка амаль усе боепрыпасы. У такой вельмі складанай сітуацыі аб'яднанае пасяджэнне Асвейскага і Дрысенскага райкамаў партыі і Савета камандзіраў партызанскіх брыгад вырашыла, што частка атрадаў застанецца на акупіраванай тэрыторыі і будзе весці манеўраную вайну, праводзячы дыверсіі. Астатнія прарвуць лінію фронту, вывядуць у савецкі тыл насельніцтва, папоўняцца боепрыпасамі і вернуцца. Камандаванне прарывам было ўскладзена на Захарава.

У час гэтага пераходу партызаны, ратуючы сваіх таварышаў, жанчын, старых і дзяцей, праяўлялі гераізм і самаахвярнасць. У полі зроку знаходзіўся кожны чалавек, незалежна ад таго, кім ён быў. 30 снежня партызаны пры падтрымцы нашых войскаў прарвалі фронт каля возера Страдань і выйшлі ў савецкі тыл.

За ўзорнае выкананне заданняў камандавання ў тыле ворага і асаблівыя заслугі ў развіцці партызанскага руху ў Беларусі палкоўніку Захараву Івану Кузьмічу Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 1 студзеня 1944 года прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля "Залатая Зорка". Пазней ён быў узнагароджаны ордэнам Леніна, ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені, Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі "Знак Пашаны", медалямі.

У 1944-1946 гадах былы партызанскі камбрыг працаваў сакратаром Дрысенскага раённага камітэта КП(б)Б. У 1948 годзе ён скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КП(б)Б. У 1948-1952 гадах стаў сакратаром Докшыцкага раённага камітэта КП(б)Б. У 1953-1963 гадах старшыня Беларускага рэспубліканскага камітэта прафсаюза рабочых будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў.

Іван Кузьміч Захараў памёр 15 жніўня 1982 года. Пахаваны ў Мінску на Усходніх ("Маскоўскіх") могілках.

Памяць

Імем героя названа вуліца ў Партызанскім раёне Мінска, а таксама ў п.Масты Любанскага раёна. Участак будучага лесу, пасаджаны пагранічнікамі ў Лагойскім лясніцтве, таксама названы ў гонар Захарава. Штогод праводзіцца рэспубліканскі турнір па футболе, прысвечаны памяці Героя Савецкага Саюза, першага старшыні БРК прафсаюза рабочых будаўніцтва і прамбудматэрыялаў Івана Кузьміча Захарава.

БЕЛТА, 25 чэрвеня 2014

 

Кoличество переходов на страницу: 711


Комментарии