Адным з такіх сыноў Беларусі стаў Віктар Ільіч Лівенцаў - камандзір 1-й Бабруйскай партызанскай брыгады Беларусі, палкоўнік, Герой Савецкага Саюза, а ў пасляваенныя гады - заслужаны дзеяч фізічнай культуры і спорту БССР, пісьменнік.
Віктар Ільіч нарадзіўся 21 красавіка 1918 года ў вёсцы Давыдаўка Варонежскай вобласці ў сям'і служачых. Сваё жыццё ён планаваў прысвяціць педагагічнай дзейнасці. У 1937 годзе скончыў два курсы Варонежскага педагагічнага інстытута, пасля чаго некаторы час працаваў настаўнікам Ліскінскай сярэдняй школы. Але жыццё ўнесла свае карэктывы, і ў 1938 годзе Лівенцаў быў прызваны на воінскую службу. У 1939 годзе прымаў удзел у вызваленчым паходзе ў Заходнюю Беларусь, а таксама ў савецка-фінляндскай вайне 1939-1940 гадоў на пасадзе палітрука мінамётнай роты.
У 1941 годзе скончыў Гродзенскае ваенна-палітычнае вучылішча. 22 чэрвеня 1941 года Лівенцаў прыняў першы бой паблізу заходняй граніцы. Тры дні мінамётная рота абараняла безыменную вышыню сярод балот. Байцы не ведалі, што апынуліся ў акружэнні. Потым вырашана было адысці на ўсход. Уліўшыся ў калону, якая складалася з разрозненых часцей і падраздзяленняў, два дні рота Лівенцава вяла бой пад Ваўкавыскам. Вораг зламаў абарону, і Лівенцаву ў складзе акружанай групы зноў давялося адступаць. Ваявалі ў акружэнні пад Баранавічамі і ў іншых месцах.
У канцы ліпеня 1941 года Лівенцаў аказаўся ў акупіраваным Бабруйску. Звязаўшыся з мясцовымі камсамольскімі групамі, ён аб'яднаў іх у падпольную арганізацыю, якую сам і ўзначаліў.
Першыя часы падпольшчыкі на чале з Лівенцавым займаліся распаўсюджваннем лістовак са зводкамі Саўінфармбюро. Таксама яны збіралі зброю і знішчалі асобных гітлераўцаў. У хуткім часе на іх след напала гестапа, і Лівенцаў прапанаваў членам падполля пайсці ў лес і там прадоўжыць барацьбу.
У канцы лістапада 1941 года амаль 400 чалавек былі выведзены ў партызанскія атрады Акцябрскага раёна. Гэта быў адзіны выпадак вываду такой буйной падпольнай арганізацыі ў лес без правалу. У гэтым была вялікая заслуга таленавітага арганізатара падполля Віктара Лівенцава.
У снежні 1941 года 752-і партызанскі атрад пад камандаваннем Лівенцава прыняў першы бой, разбіўшы фашысцкі карны атрад на хутары Цяцерына. Потым былі ліквідаваны гітлераўскія гарнізоны ў вёсцы Курын і пасёлку Азарычы.
У сакавіку 1942 года партызанскі атрад Лівенцава перабазіраваўся ў Клічаўскі раён Магілёўскай вобласці. Сумесна з мясцовымі атрадамі 20 красавіка 1942 года быў разгромлены гарнізон у райцэнтры Клічаў, у выніку чаго вялікая тэрыторыя Клічаўскага, Бярэзінскага, Кіраўскага і Бялыніцкага раёнаў была ачышчана ад акупантаў. На вызваленай тэрыторыі сфарміравалася партызанская зона, дзе былі адноўлены органы савецкага кіравання.
З атрада Лівенцава штодзень хадзілі на заданні дыверсійныя групы, якія падрывалі шашэйныя дарогі і чыгункі. Так, групай П.Кажушкі з атрада Лівенцава да восені 1942 года былі пушчаны пад адхон 23 варожыя эшалоны.
У жніўні 1942 года супраць Клічаўскага савецкага раёна гітлераўцы кінулі каля чатырох дывізій. Пачалася блакада. Некалькі дзён атрад Лівенцава абараняў райцэнтр Клічаў, даючы адысці мірным жыхарам у лес, а потым, прарваўшы акружэнне, накіраваўся ў Асіповіцкі раён, дзе дзейнічаў атрад У.Ціхамірава. Пасля аб'яднання атрадаў у раёне стварылася магутнае партызанскае злучэнне.
Атрад Лівенцава знішчаў адзін эшалон гітлераўцаў за адным. У паветра ляцела ўсё: рэйкі, шпалы, масты, стрэлкі і нават цэлыя паязды, заспетыя ў дарозе. Сотні варожых салдат не даехалі да фронту. Такім чынам, байцы пад камандаваннем Лівенцава штодзень пацвярджалі лозунг: "Забей немца ў Беларусі, каб не быў ён пад Сталінградам!"
У сувязі з набліжэннем Чырвонай Арміі брыгада Лівенцава пачала ствараць разнастайныя перашкоды гітлераўскім войскам, якія адступалі. На дарогах рабіліся завалы і засады, знішчаліся масты, адбіралася ў немцаў нарабаваная маёмасць. Брыгада Лівенцава трымала пад наглядам Бабруйск, Асіповічы, Жлобін.
25 снежня 1943 года ў раёне пасёлка Парычы партызаны сустрэліся з савецкай ваеннай разведкай. Брыгада палкоўніка Лівенцава некалькі дзён трымала абарону на ўчастку фронту, пакуль не падцягнуліся галоўныя сілы Чырвонай Арміі. 1-я Бабруйская партызанская брыгада стала дастойным папаўненнем гвардзейскім часцям 1-га Беларускага фронту.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 1 студзеня 1944 года за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні заданняў у тыле праціўніка, і за асаблівыя заслугі ў развіцці партызанскага руху ў Беларусі Лівенцаву Віктару Ільічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля "Залатая Зорка".
Аўтарытэт, прафесіяналізм і працавітасць Віктара Ільіча праявіліся і ў пасляваенныя гады. З 1944 па 1950 год Лівенцаў працаваў сакратаром, другім сакратаром ЦК ЛКСМ Беларусі. У 1952 годзе скончыў рэспубліканскую партшколу, потым Мінскі педагагічны інстытут імя М.Горкага.
Але самую значную частку свайго жыццёвага шляху - 20 гадоў - Віктар Ільіч аддаў сферы фізічнай культуры і спорту. У 1958 годзе Лівенцаў узначаліў Камітэт па фізічнай культуры і спорце пры Савеце Міністраў БССР. Гады яго работы на чале беларускага спорту называюць "эпохай Лівенцава". Пад яго кіраўніцтвам у рэспубліцы дасягнуты значныя поспехі ў развіцці фізічнай культуры і спорту. Беларускія спартсмены ў складзе зборных каманд СССР неаднаразова ўзнімаліся на вышэйшыя прыступкі спартыўных п'едэсталаў, з гонарам выступаючы на чэмпіянатах свету і Еўропы. У гэтыя гады запаліліся такія яркія зоркі беларускага спорту, як алімпійскія чэмпіёны Аляксандр Мядзведзь, Рамуальд Клім, Сяргей Макаранка, Леанід Гейштар, Алег Караваеў, Алена Бялова, Віктар Сідзяк і Вольга Корбут.
Акрамя таго ў краіне з'явіліся буйнейшыя спартыўныя збудаванні і комплексы, якія і сёння з'яўляюцца асноўнымі базамі алімпійскай падрыхтоўкі беларускіх спартсменаў - гэта "Стайкі", "Раўбічы", мінскі водна-спартыўны комплекс (цяпер САК "Алімпійскі"), конна-спартыўная база ў Ратамцы.
З 1978 па 1986 год Лівенцаў працаваў кіраўніком спраў ЦК КП Беларусі, выбіраўся кандыдатам у члены ЦК, на XXIV з'ездзе - членам ЦК КПБ. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 5-10-га скліканняў.
І нават знаходзячыся на пенсіі, Лівенцаў актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці краіны. Ён неаднаразова выступаў у СМІ, рэгулярна адкрываў спартыўныя спаборніцтвы, удзельнічаў у мерапрыемствах, што праводзіліся Міністэрствам спорту і турызму па ўшанаванні алімпійскіх чэмпіёнаў.
Віктар Ільіч вядомы як аўтар кнігі "Партызанскі край", напісанай у 1983 годзе. Дакументальныя запіскі прысвечаны барацьбе народных мсціўцаў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Віктар Лівенцаў пры жыцці быў удастоены высокіх званняў: Герой Савецкага Саюза, заслужаны дзеяч фізічнай культуры і спорту БССР, узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені, ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, Чырвонай Зоркі , "Знак Пашаны", беларускім ордэнам "За службу Радзіме" 3-й ступені (1999), медалямі, у тым ліку "За працоўную адзнаку", "Партызану Айчыннай вайны" 1-й і 2-й ступеней; ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР. У 2004 годзе яму аб'яўлена Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Віктар Ільіч Лівенцаў пражыў 91 год. Ён памёр 28 верасня 2009 года і быў пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.
Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка выказаў глыбокія спачуванні родным і блізкім Героя Савецкага Саюза Віктара Лівенцава ў сувязі з яго смерцю. "Гэты цудоўны чалавек прайшоў вялікі і слаўны шлях абаронцы Айчыны і стваральніка будучага сваёй краіны, - гаворыцца ў спачуванні. - Віктар Ільіч валодаў вялікай сілай духу і цвёрдай грамадзянскай пазіцыяй, актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, правядзенні выхаваўчай работы з моладдзю. Яго выдатныя заслугі перад Радзімай адзначаны многімі высокімі ўзнагародамі".
Памяць
Віктар Ільіч з'яўляецца ганаровым грамадзянінам горада Бабруйска (1984). Яго імем названа адна з вуліц у горадзе.
БЕЛТА, 23 чэрвеня 2014
Кoличество переходов на страницу: 664
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |