https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Цяжарнасць


Асобную групу складалі прыкметы і абрадавыя дзеянні засцерагальнай магіі, якія былі закліканы абараніць маладых мужа і жонку ад шкоднага ўздзеяння варожых сіл і чараўнікоў.

У канцы XIX - пачатку XX ст. ў сялянскім асяроддзі перавага аддавалася нараджэнню сыноў, што было звязана ў першую чаргу з сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі жьцця беларускага сялянства (атрыманне ў спадчыну зямлі, работнік у хаце, які, ажаніўшыся, прыводзіў у хату яшчэ маладую, здаровую жанчыну і г. д.) і выклікала да жыцця прыкметы для вызначэння полу будучага дзіцяці.

У перыяд цяжарнасці жанчына кіравалася ў сваіх паводзінах існуючымі ў дадзенай мясцовасці няпісанымі нормамі і правіламі, выконвала звычаі і прадпісанні, што паступова стварала для яе пэўны псіхалагічны камфорт.

Большасць з гэтых звычаяў і магічных ўяўленняў былі заснаваны на шматгадовых жыццёвых назіраннях і адрозніваліся вялікім практычным зместам. Цяжарная жанчына асцерагалася ўдараў у жывот, у час цяжкіх палявых работ падвязвала яго ручніком або хусткаю, не сцягвала моцна спадніцу, імкнулася не падымаць і не насіць вялікіх грузаў. Яна павінна была больш рухацца і бываць на свежым паветры, каб лягчэй прайшлі роды.

Станоўчы народны вопыт меўся ва ўяўленнях, якія засцерагалі жанчыну ад спалоху, ад магчымых фізічных і псіхічных   пажкоджанняў, хаця тлумачэнні іх насілі магічны характар.

Самай распаўсюджанай у беларусаў, як і ў іншых славянскіх народаў, была забарона глядзець на пажар і хапацца за сваё цела, бо ў дзіцяці ў гэтым месцы будзе чырвоная пляма.

Паўсюль на Беларусі сустракалася павер'е, згодна з якім жанчыне нельга датыкацца да свайго цела ў тым выпадку, калі яна спужаецца сабакі ці іншай жывёлы, бо, лічылася, ў дзіцяці будзе на гэтым месцы расці поўсць.

Народная традыцыя не раіла цяжарнай жанчыне станавіцца на той круг на падлозе, які заставаўся ад мокрага вядра ці іншага драўлянага посуду, інакш, прадказвалі, ў дзіцяці ўсё цела будзе накрыта лішаём.

Перасцерагалі жанчыну ў час цяжарнасці прысутнічаць на пахаваннях, глядзець на нябожчыка, бо, па народных ўяўленнях, ў дзіцяці магла быць усё жыццё цяжкая хвароба ці жоўты хваравіты колер твару.

Шырока бытавала ўяўленне, што цяжарная не павінна нічога браць голымі рукамі з агню і перадаваць штось праз агонь другому чалавеку, таму што ў гэтым выпадку дзіця магло вырасці злодзеем («будзе ўсё красці, бы з агню хапаць»).

Амаль у кожнай беларускай вёсцы бытавала наступнае павер'е: цяжарная не павінна садзіцца на край калодзежа ці несці агонь ад суседзяў у сваю хату, бо дзіця, як падрасце, ці ўтопіцца, ці згарыць.

Асобную групу вераванняў і забаронаў складалі тыя з іх, у якіх знайшлі адлюстраванне народныя этычныя, эстэтычныя і некаторыя прававыя і рэлігійныя нормы і погляды. Цяжарным жанчынам нельга было дзівіцца нічому дрэннаму, глядзець на брыдкіх людзей, смяяцца над іх фізічнымі і псіхічнымі недахопамі, бо, лічылася, дзіця абавязкова пярэйме фізічны або разумовы недахоп таго чалавека, над якім смяялася будучая маці («Хто з каго смяецца - тое яму імецца»).

На Беларусі шырока бытавалі і строга выконваліся цяжарнымі жанчынамі яшчэ наступныя забароны: не маніць, не лаяцца, не красці, не зайздросціць іншым, інакш і будучае дзіця будзе манюкай, злодзеем, грубіянам, зайздроснікам. Праўда, на Віцебшчыне цяжарнай жанчыне дазвалялася ўкрасці ў суседзяў гарох, каб у дзіцяці былі прыгожыя кучаравыя валасы.

Іншыя забароны таксама адлюстроўвалі агульнапрынятыя нормы паводзін: цяжарным нельга было калечыць жаб, разбураць гнёзды ластавак, выкідваць хлебныя крошкі, есці з гаршка, падглядваць, рабіць што-небудзь употай ад мужа ці іншых членаў сям'і.

Забаранялася цяжарным жанчынам зашываць адзенне на сабе, бо, лічылася, будуць цяжкія роды, спяшацца пры размове - дзіця будзе заікацца, падстрыгаць валасы - каб не укараціць дзіцяці розум.

Адносіны да цяжарнай жанчыны ў беларускай вёсцы былі дваістыя: з аднаго боку, яна карысталася вялікай павагай, з другога - перад ёй зведвалі некаторы страх, які вынікаў з пераканання аб цяжарнай як істоце «нячыстай», сустрэча з якой у некаторых выпадках магла папсаваць задуманую чалавекам справу.

У сувязі з гэтым яна, асабліва перад родамі, падвяргалася некаторай ізаляцыі.

 

Кoличество переходов на страницу: 2141


Комментарии