Грамніцы - старажытнае свята нашых продкаў у гонар агню, які, як дзіця Сонца, меў шмат абліччаў. Тая самая калядная зорка і грамнічная свечка, масленічнае або купальскае вогнішча - гэта святло надзеі, спадзяванняў, перасцярогі, знак светласці самой душы і яе памкненняў; нарэшце, гэта радасць самога жыцця.
Дзень сустрэчы зімы з летам, свята свечкі і "жывога агню", сустрэчы Грамаўніка. Паводле язычніцкіх вераванняў, грамнічныя абрады абаранялі ад злых духаў. З прыходам хрысціянства васкавыя свечкі пачалі асвячаць ў царкве. Яны захоўваліся ўвесь год.
На Грамніцы беларусы выпальвалі "крыжы" (дзве палачкі, пакладзеныя адна на адну, пры дапамозе якіх раней здабывалі "жывы агонь") на будынках, каб зберагчы жытло ад нябесных стыхій (дажджу, маланкі). Крыжападобна засмальвалі валасы на галовах дзяцей, каб адагнаць злых чарадзеяў, ведзьмакоў. Таксама й на жывёле. Грамнічныя свечкі пакідалі ў хлявах. Запальвалі іх пры грымотах, калі выганялі кароў вясной, на засеўках, сустракаючы новароджанага, у вясельных абрадах, клалі ў рукі нябожчыку.
Па стану надвор'я ў той дзень вызначалі будучае: "калі на Грамніцы нап'ецца певень вадзіцы, то на Юр'я наесца вол травіцы", як на Стрэчанне рана ўзыходзіць сонца, то будзе ранні лён, калі снег перамятае цераз дарогу, то чакаецца позняя вясна.
"Да Грамніц не скідай з рук рукавіц, а як прайшлі Грамніцы, то ўжо ня патрэбны рукавіцы", Са Стрэчання рыхтуюцца ўжо да вясны - гаспадары пачыналі рабіць, аглядаць, рамантаваць прылады, патрэбныя для вясновых заняткаў.
Сучасная дата святкавання Грамніц напрыканцы зімы - з'ява вельмі позняя і цалкам суадносіцца з хрысціянскай традыцыяй, якая, у сваю чаргу, абапіраецца на традыцыю старажытных іўдзеяў - прыносіць немаўля ў храм на саракавы дзень пасля нараджэння. Тое ж самае тычылася і маці-парадзіхі: толькі праз сорак дзён яна атрымлівала права прайсці абрад ачышчэння і далучэння да царквы. Ад Раства Хрыстова да Стрэчання якраз 40 дзён.
У Евангеллі сказана, што на саракавы дзень пасля нараджэння Ісуса Хрыста яго бацькі - Іосіф і Марыя - прынеслі свайго сына ў іерусалімскі храм. У храме іх сустрэлі праведны Сімяон і прарочыца Ганна. Старцу Сімяону, якога называлі Богапрымальнікам, было прадказана, што ён памрэ, як толькі ўбачыць Месію.
У разуменні хрысціянскіх багасловаў Стрэчанне адзначаецца як свята сустрэчы старазапаветнай і новазапаветнай традыцый і веравызнанняў. На зямлю прыйшоў Агнец Божы для выратавання чалавецтва ад першароднага грахоўнага падзення. Стрэчанне — гэта сімвалічная перадача духоўнай эстафеты ад апошніх прадстаўнікоў дахрысціянскага свету (Сімяона і Ганны) Творцу новага свету, у асобе якога ўжо суіснавалі два пачаткі - Боскі і Чалавечы.
Таму католікі адзначалі свята 2 лютага, праваслаўныя - 15-га. "Паміж польскімі і нашымі Грамніцамі не трэба снаваць кросны, бо ваўкі будуць снаваць ля будынкаў" - гаварылі на Гродзеншчыне.
У народным асяроддзі гэта знакамітая і лёсавызначальная падзея была асэнсавана па-свойму, атрымала дадатковае адценне і стала ўспрымацца як прыродна-касмічнае "стрэчанне" - сустрэча зімы з вясною.
________________
( Па матэрыялах: Добровольский В.Н. Смоленский областной словарь. Смоленск 1914., Аксана Катовіч, Янка Крук. Звязда 2011)
Кoличество переходов на страницу: 5683
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |