https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Пётар І ніколі ня быў нашым манархам


Гістарычна, культурна, мэнтальна Беларусь належыць да Эўропы.

Нашы гарады жылі паводле магдэбургскага права. Нашыя студэнты вучыліся ў эўрапейскіх унівэрсытэтах. Беларуская архітэктура мае помнікі усіх эўрапейскіх стыляў, пачынаючы з раманскага і готыкі. Беларускія землі былі ўсходнім аванпостам Рэнэсансу і Рэфармацыі – зьявам, якія на стагодзьдзі прадвызначылі рух эўрапейскай цывілізацыі. Дзякуючы Францішку Скарыну нашыя продкі ў тую эпоху чацьвёртымі ў хрысьціянскім сьвеце атрымалі друкаваную Біблію на сваёй мове. Раней за ангельцаў, французаў, палякаў... Напісаны і выдадзены па-беларуску Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 году быў самым перадавым зборам законаў у тагачаснай Эўропе.

На ўсход ад Смаленску пачынаўся іншы сьвет, дзе асоба мела нязьмерна менш правоў і магчымасьцяў. Нават самыя знакамітыя баяры ў Масковіі былі “холопами государевыми”. Там, на вялікі жаль, не было ні нашай талерантнасьці, ні магдэбургскага права, ні Рэнэсансу...

Безумоўна, наша нацыянальная самасьвядомасьць за дзьвесьце гадоў пагрозьліва дэфармаваная.Велізарная колькасьць нашых суайчыньнікаў працягвае жыць у расейскацэнтрычным, а значыць, эўразійскім гістарычным і культурным полі. Цяперашнюю ўладу гэта, здаецца, цалкам задавальняе.

Вобласьці сьвяткуюць свае юбілеі, грунтуючыся на датах стварэньня царскіх губэрняў, што адбылося пасьля інкарпарацыі нашых земляў. Віцебская губэрня, да прыкладу, існавала ад 1802 году, а Віцебскае ваяводзтва – ад 1503-га. Як кажуць, адчуйце розьніцу.

Прафэсійныя сьвяты ў нас адзначаюцца на расейскі ці на савецкі ўзор: маўляў у такім і такім годзе Пётар І падпісаў указ пра стварэньне адпаведнай калегіі. Ды ён жа ніколі не зьяўляўся нашым манархам! А ў часы Паўночнай вайны, калі, між іншым, быў саюзьнікам Рэчы Паспалітай, адзначыўся тым, што ўласнаручна забіваў у полацкай Сафіі нашых уніяцкіх сьвятароў. Потым ягоныя салдаты ўзарвалі і сам сабор.

Днямі ўключыў ураньні адзін з гэтак званых нацыянальных тэлеканалаў, а менавіта – ОНТ зь іхняй праграмаю “Наше утро”. Заўсёды адтуль даведаешся што-небудзь істотнае з айчыннай гісторыі. Гэтым разам гледача пачаставалі навіной пра тое, што, каб не Расейская імпэрыя, чыгунка ў Беларусі, аказваецца, зьявілася б значна пазьней. (Мне чамусьці згадалася, што якраз тады, калі ў перадавой Расеі цар падпісаў указ пра адмену прыгоннага рабства, у Лёндане пайшлі першыя цягнікі мэтро.)Адноўленая ратуша ў Менску

Нядаўна дзяржаўная прэса ашчасьлівіла нас яшчэ адной цікавай весткаю. У гістарычным цэнтры Менску, у прыватнасьці, каля адноўленай ратушы, вось-вось пачнуць сваю службу... гарадавыя. Я спярша не паверыў вачам.

Што такое ратуша? Гэта сымбаль магдэбургскіх вольнасьцяў, якіх нашы гарады былі пазбаўленыя пасьля прыходу расейскіх калянізатараў ( менскую ратушу зруйнавалі таксама яны). А хто такі гарадавы? Гэта ніжэйшы чын гарадзкой царскай паліцыі. У Менску сярод іншых сваіх клопатаў гарадавыя яшчэ і дапамагалі разганяць патрыятычныя маніфэстацыі нашых продкаў у змагарныя 1860-я гады.

Расейскія літаратура і журналістыка знайшлі для гарадавых шмат азначэньняў. Самае трапнае – “держиморда”.

Цяпер гэты атрыбут колішняга каляніяльнага мінулага зьявіцца ў цэнтры “эўрапейскага гораду”, як называюць Менск нашы начальнікі, пачынаючы ад Лукашэнкі. Хто стаіць за такім праектам “аздабленьня “ Менску? Відавочна той, хто бачыць яго не эўрапейскай сталіцаю, а цэнтрам расейскай губэрні. Ці чулі пра гарадавых у кабінэтах міністэрства культуры? Ці, можа, іх там ужо пабойваюцца?

Дык вось, дарагая Воля. Думаю, што мужнасьць нам патрэбная найперш не для таго, каб прызнавацца ў каго мы можам ператварыцца, а каб бараніць сваё спрадвечнае, эўрапейскае. Захоўваць нацыянальныя сьвяты і традыцыі. Станавіцца на абарону гістарычных цэнтраў нашых гарадоў, на якія паўзуць з бульдозэрамі сучасныя герастраты... Выбачайце, здаецца, я пачынаю казаць рэчы, якія Вы разумееце і безь мяне.

Хачу згадаць напрыканцы словы Вацлава Гавэла пра тое, што без дэмакратычнай Беларусі ён ня лічыць канфігурацыю Эўропы завершанай. Напэўна, ня толькі Гавэл верыць у нашу эўрапейскую будучыню. Але найперш яна залежыць ад нас саміх.

Уладзімер Арлоў
Радыё Свабода, 9 верасня 2010

 

Кoличество переходов на страницу: 1495


Комментарии