Гэты ўваход быў фармальным. Фактычна, сталіцай усходняй суседкі войскі Рэчы Паспалітай авалодалі на месяц раней — лічыць доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч, які шмат часу вывучаў тыя падзеі:
«Здарылася гэта ў жніўні 1610 году пасьля выйгранай бітвы і пройгрышу Масквы, маскоўскіх войскаў. Тады цара Васіля Шуйскага скінулі, і ўстанавілася „сямібаяршчына“. Яны пачалі перамовы з каралём польскім Жыгімонтам, каб сына свайго Ўладзіслава, потым таксама караля, ён даў на маскоўскі трон».
Баяры, аднак, паставілі ўмову, каб Уладзіслаў, зрабіўшыся маскоўскім царом, перайшоў у праваслаўе. Што, дзеля палітычнай кан’юнктуры, было абяцана выканаць.
Ідэя далучэньня маскоўскага княства была папулярнай у кіроўных колах Рэчы Паспалітай таго часу. Спробы замірэньня з ваяўнічым суседам, які цераз усю сваю гісторыю імкнуўся спусташаць землі сучаснай Беларусі, Украіны, Польшчы і прыбалтыйскіх краінаў, рабіліся празь неаднаразовыя дыпляматычныя захады. Але безвынікова, бо маскоўскія кіраўнікі лічылі гэтыя землі сваёй спадчынай і вялі бясконцыя заваёўніцкія набегі на іх.
Палітычная смута, што ўсталявалася ў Масковіі пасьля забойства царэвіча Дзьмітрыя, была выкарыстаная дзеля ажыцьцяўленьня ідэі ўніі ці хаця б вяртаньня захопленых тэрыторый. Аднак беспасьпяхова. Пачаліся авантуры з Ілжэдзьмітрыямі. Абодвух некаторыя гісторыкі лічаць беларусамі і стаўленікамі Рэчы Паспалітай. Прафэсар Грыцкевіч удакладняе:
«Наконт першага — усё ж такі ён быў з Масквы. І асноўная маса гісторыкаў яшчэ ў дзевятнаццатым стагодзьдзі пісала, што ён быў сынам кастрамскога двараніна. Праўда, той род мог быць зь Беларусі. Можа, на гэта зьвяртаюць увагу. Другі, то відавочна беларус, Ілжэдзьмітрый II. Першы ня быў стаўленікам Рэчы Паспалітай, ён быў стаўленікам маскоўскага баярства. А другі то быў ужо адсюль. Але калі яны займалі царскую пасаду, то значыць, яны аўтаматычна рабіліся свабоднымі і ўпарціліся, ня вельмі згаджаючыся на розныя патрабаваньні. Ілжэдзьмітрый I, напрыклад, абяцаў каралю і Ноўгарад, і Пскоў, і Смаленск, але як стаў царом, пра гэта замаўчаў. Гаварыць было немагчыма, таму што ў Расеі ішла вялікая, можна сказаць, грамадзянская вайна, ніхто б ня даў такіх саступак Рэчы Паспалітай».
Вайна ў тых умовах стала непазьбежнай. Яна прывяла да перамогі РП і ўступленьня яе войскаў у расейскую сталіцу.
Ці беларусы пачалі кіраваць у Маскве ўвосень 1610-га? Прафэсар Грыцкевіч сказаў на гэта:
«У пэўнай ступені беларусы маглі кіраваць, бо вайсковыя сілы былі ў асноўным ня з Польшчы, а зь Вялікага Княства Літоўскага».
Валянціна Аксак
Радыё Свабода, 21 верасня 2010
Кoличество переходов на страницу: 1477
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |