https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Акадэмікі старажытнасьці


Па навуку ўсьлед за сонцам ехалі сотні й тысячы юнакоў-ліцьвінаў. Сярод іх былі арыстакраты, аднак пераважную большасьць складалі дзеці мяшчанаў і шляхты.

Ужо ў часы Альгерда й Вітаўта нашая моладзь здабывала асьвету ўва ўнівэрсытэтах Прагі й Кракава. Мэтрычныя кнігі Карлавай alma mater толькі за ХV — першую палову ХVІ стагодзьдзя захавалі імёны 33 студэнтаў зь Вялікага Княства Літоўскага. Ад 1364 году адлічвае сваю гісторыю Кракаўскі ўнівэрсытэт, які пасьля праведзенай Ягайлам рэформы стаў навучальнай установаю як Польшчы-Кароны, так і Княства. Для «ліцьвінаў» і «русінаў» у Ягелёнскай alma mater дзейнічала адмысловая студэнцкая бурса. На працягу ХV-ХVІ стагодзьдзяў там вучылася блізу 500 выхадцаў з нашых земляў, прычым прыкладна палова выпускнікоў атрымала ступень бакаляўра.

Вядома, што адначасова з Францішкам Скарынам у Кракаве авалодвалі навукамі Ян і Павал з Горадні, Станіслаў з Клецку, Вінцэсь са Слуцку, Мікола з Ашмяны, Марка зь Нямігі. Крыху пазьней туды паступіў Георгі з Забалоцьця. (Жлукцячы піва ў тамтэйшых корчмах, ён яшчэ не здагадваўся, што стане аўтарам жамойцкага «Катэхізісу», які потым Праспэр Мэрымэ згадае ў навэле «Локіс», што ўважліва прачытае, працуючы над фільмам «Масакра» у вынайдзеным ім жанры бульба-хорар, рэжысэр Андрэй Кудзіненка.)

Магнатэрыя нярэдка пасылала сыноў у старажытныя прэстыжныя ўнівэрсытэты. Перавага аддавалася Італіі, асабліва Балёньні й Падуі, што былі цэнтрамі рэнэсанснай думкі. Пазьней, у сувязі з пашырэньнем рэфармацыйных ідэяў, большую папулярнасьць набыло навучаньне ў пратэстанцкіх краінах.

Было дзе вучыцца і ў Айчыне. Першая акадэмія з унівэрсытэцкім статусам — Віленская — сапраўды прыняла студэнтаў толькі ў 1579 годзе. (Зрэшты, заснаваная з ініцыятывы Сімяона Полацкага маскоўская Славяна-грэка-лацінская акадэмія адчыніла дзьверы ў 1687-м). Але і да таго Вялікае Княства было пакрытае густой сеткаю школаў і калегіюмаў розных роўняў.

Вышэйшыя калегіюмы давалі адукацыю, якая мала чым адрозьнівалася ад унівэрсытэцкай. У Полацку, да прыкладу, некалькі сэмэстраў выкладаў унівэрсытэцкія курсы паэтыкі й рыторыкі выдатны паэт-лацініст і філёзаф першай паловы ХVІІ стагодзьдзя Мацей Казімір Сарбеўскі. Менавіта там ён стварыў дасьледаваньне антычнай міталёгіі «Багі паганскіх народаў» і кнігу «Паэтыка», якім была наканаваная эўрапейская слава. Паэзію, дарэчы, ён лічыў сфэраю духоўнай свабоды, а створаны ёю мастацкі сьвет — ідэальнай рэальнасьцю, што існуе побач са сьветам, які нарадзіла Божая воля.

Празь некалькі гадоў выкладаць рыторыку ў Полацак прыехаў Жыгімонт Лаўксьмін, кніга якога «Практычнае красамоўства» пасьля выданьня ў Вялікім Княстве Літоўскім адзінаццаць разоў выходзіла ў друкарнях Прагі, Вены, Мюнхэну, Франкфурту… Яе не зашкодзіла б пачытаць і дамарослым сучасным палітыкам. «Мова — гэта адлюстраваньне душы, — пісаў Лаўксьмін. — Па мове і нас пазнаюць, адкуль мы ёсьць, і мы пазнаем іншых.»

Надзвычай цікава (і павучальна) прасочваць лёсы тых, хто атрымаў адукацыю ў заходніх унівэрсытэтах. Хтосьці заставаўся выкладаць. Пры канцы ХV стагодзьдзя ў Кракаўскай alma mater чытаў курс паводле «Этыкі» і «Мэтафізыкі» Арыстотэля магістар Ян з Мастоў. Вядомы мэмуарыст Хведар Еўлашоўскі з гонарам пісаў, што ягоны сын служыў у князёў Ганзага ў Мантуі. На жаль, невядома, што сталася зь вільнянінам Янам Філіповічам, што стаў у Балоньні доктарам права.

А вось згаданы ўжо Мацей Казімір Сарбеўскі падчас навучаньня й жыцьця ў Рыме заслужыў найменьне «хрысьціянскага Гарацыя» і першы са славянаў атрымаў з рук папы Ўрбана VІІІ ляўровы вянок на Капіталійскім узгорку. Здавалася б, жыві — не хачу. Ды, зьдзівіўшы сяброў і ўзрадаваўшы тамтэйшых паэтаў, Сарбеўскі выправіўся дадому. Засмучаны папа ўзнагародзіў яго перад ад’ездам залатым ланцугом з уласным партрэтам. Падарунак зямнога намесьніка сьвятога Пятра не спыніў разбойнікаў, якія двойчы рабавалі й зьбівалі новага Гарацыя на эўрапейскіх дарогах. Але Сарбеўскі вярнуўся ў Полацак, потым заняў пасаду дэкана філязофскага й тэалягічнага факультэтаў Віленскай акадэміі. Дадамо, што адно з выданьняў ягоных вершаў — антвэрпэнскае — ілюстраваў Рубэнс.

Гістарычныя дакумэнты сьведчаць, што, набыўшы эўрапейскую адукацыю, маладыя ліцьвіны амаль заўсёды вярталіся дадому. У духу гуманістычных традыцыяў Рэнэсансу яны мелі на мэце служыць найперш сваёй дзяржаве й свайму народу. Як Францішак Скарына, Мікола Гусоўскі… Выхаванец Ляйпцыгскага ўнівэрсытэту Леў Сапега стаў вялікім канцлерам. Мікалай Радзівіл Сіротка, што студыяваў навукі ў Страсбуры й Цюбінгене, зрабіўся мэцэнатам і пісьменьнікам ды ператварыў родны Нясьвіж у маленькі Парыж…

А якое слова скажуць нашы сучасныя студэнты-«эўрапейцы»?

Уладзімер Арлоў
Радыё Свабода, 25 лістапада 2010


 

Кoличество переходов на страницу: 1531


Комментарии