На старабеларускай мове тады гаварыў увесь віленскі вялікакняскі двор. На ёй працавала дзяржаўная канцылярыя. Захаваліся сьведчаньні, што Альгерд цудоўна валодаў нямецкай мовай, але з пасламі Тэўтонскага ордэну заўсёды размаўляў празь перакладчыка — “па-русінску”, іншымі словамі — на тагачаснай беларускай мове. Нямецкі пасланьнік, які прыяжджаў у Вільню, запісаў у дзёньніку, што “па-русінску” гаварылі Вітаўт і ўсе прыдворныя. Выдатны прыклад для некаторых цяперашніх палітыкаў.
Нашая мова — адна з найдаўнейшых дзяржаўных нацыянальных моваў у Эўропе. Ангельская сталася афіцыйнай у 1362-м годзе, француская — у 1400-м.
Па-старабеларуску ствараліся і выдаваліся ўсе зборы законаў дзяржавы, сярод якіх і самы дасканалы ў Эўропе Статут 1588 году. На мове нашых продкаў пісалі соймавыя пастановы. Яна актыўна выкарыстоўвалася ў дыпляматычным ліставаньні з Масковіяй ды іншымі суседнімі краінамі. Не існуе ніводнага дзяржаўнага дакумэнту Вялікага Княства, які быў бы напісаны па-літоўску (у сучасным разуменьні гэтага слова). Яно й ня дзіва, бо мова, на якой размаўлялі продкі сёньняшніх літоўцаў — жамойты, да XVI стагодзьдзя яшчэ ня мела пісьменства. З гістарычных крыніцаў вядома і тое, што, выпраўляючыся ў які-небудзь населены жамойтамі куток дзяржавы, віленскія вялікакняскія службоўцы бралі з сабою перакладчыкаў на беларускую і зь беларускай.
Выпраўляючыся ў які-небудзь населены жамойтамі куток дзяржавы, віленскія вялікакняскія службоўцы бралі з сабою перакладчыкаў на беларускую і зь беларускай.
Старабеларуская была таксама моваю летапісаў і хронік, шматлікіх мастацкіх твораў. Напэўна, вам будзе цікава даведацца, як гучала тая мова ў літаратурным варыянце. Падкрэсьліваючы яе значнасьць як дзяржаўнай, вялікі канцлер Леў Сапега з гонарам пісаў: «А еслі катораму народу ўстыд праў сваіх ня ўмеці, пагатоў нам, каторыя ня обчым якім языком, але сваім уласным правы сьпісаныя маем і кождага часу, чаго нам патрэба ку адпору ўсякае крыўды, ведаці можам». Дарэчы, у Польскім каралеўстве ўсе ўстановы — як сьвецкія, так і духоўныя — вялі ў той пэрыяд справаводзтва на незразумелай простым людзям лаціне.
Па-беларуску складзеная велізарная колькасьць разнастайных матар’ялаў гэтак званай Літоўскай Мэтрыкі (архіву вялікакняскай канцылярыі), якая налічвае болей за 600 тамоў. Пераважная іх большасьць у ХІХ стагодзьдзі была вывезеная ў Расею. Калі ў 1920-м бальшавіцкі ўрад падпісаў мірную дамову зь незалежнай Літвой, тая, прэтэндуючы на гістарычную спадчыну Вялікага Княства, запатрабавала вярнуць Мэтрыку. Адзін з запрошаных экспэртаў — беларускі гісторык Мітрафан Доўнар-Запольскі прапанаваў перадаць літоўцам усе дакумэнты на іхняй мове. Такіх у сотнях тамоў Мэтрыкі не знайшлося ніводнага.
У гэтай самай справе літоўцы зьвярталіся па дапамогу і да старшыні эміграцыйнага ўраду БНР Вацлава Ластоўскага. Той даручыў падрыхтаваць праект пагадненьня, дзе згаджаўся на перадачу Літве дакумэнтаў, складзеных на мове гэтай дзяржавы. У сваю чаргу, просьбіты мусілі назаўсёды адмовіцца ад дакумэнтаў, напісаных па-беларуску. Літоўскі ўрадовец узрадавана падпісаў пагадненьне і, як сьведчаць відавочцы, спрабаваў апэраваць ім у Маскве “на вялікі канфуз свайго начальства”.
Бальшыня сучасных літоўскіх гістарыёграфаў, на жаль, яшчэ не сасьпела для таго, каб прызнаць старабеларускую дзяржаўнай моваю Вялікага Княства Літоўскага. Ня маючы ніякіх падставаў назваць яе літоўскаю, яны насуперак відавочным фактам упарта вынаходзяць іншыя назвы — напрыклад, “афіцыйная славянская” ці нават проста “канцылярская”.
Мо і ня варта зь імі спрачацца. Галоўнае — ведаць самім. Як казаў легендарны кітайскі мысьляр Лао Цзы, найбольш зацята спрачаецца той, хто альбо ня ведае, альбо прагне схаваць ісьціну.
Уладзімер Арлоў
Радыё Свабода, 28 кастрычніка 2010
Кoличество переходов на страницу: 1850
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |