https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Аб жыцці беларусаў у Сярэднявечча


Гутарка пра тое, як і чым жылі нашы продкі ў 16-17 Вольга Бабковастагоддзях: аб чым гаварылі, пра што разважалі, на што звярталі ўвагу… Усю гэтую інфармацыю Вольга Бабкова, загадчык аддзела старажытных актаў Нацыянальнага гістарычнага архіва, знайшла ў першакрыніцах, даследуючы старажытныя судовыя акты эпохі Сярэднявечча і Новага часу.

****  ****

Алексей Вайткун: Раскажыце, калі ласка, нам пра свае даследаванні...

Яны непасрэдна звязаны з маёй асноўнай працай. Гэта, напэўна, ўдача, калі твае творчыя памкненні і непасрэдная праца цесна звязаныя паміж сабой. Шмат гадоў я даследую старажытныя рукапісныя дакументы 16-17 стагоддзяў і атрымоўваю ад гэтага задавальненне, таму што задавальненне ад сапраўднасці – унікальнае пачуццё. Гісторык распавядае толькі пра тое, што было ў рэальнасці (і гэта адрознівае яго ад паэта). Але што было ў сапраўднасці? Ці можам мы аб гэтым дакладна сведчыць? Гэта ўжо пытанне інтэрпрэтацыі. Хіба толькі публікацыі гістарычных дакументаў могуць прэтэндаваць на гістарычную аб’ектыўнасць. Я ж проста паспрабавала, апісываючы старажытныя судовыя дакументы, знайсці ў іх змесце нейкія замалёўкі эмоцый і пачуццяў людзей, адчуць колеры і смакі тагачаснага жыцця, і такім чынам выкласці гэта ў гістарычных эсэ.

АВ: А чым вам так падабаюцца менавіта судовыя дакументы? Сваёй дакладнасцю?

Пачнем з таго, што яны адносна добра захаваліся. Старажытныя дакументы часоў Вялікага Княства і Рэчы Паспалітай пасля ўсіх пакручастых гістарычных падзей, якія адбываліся на Беларусі, вельмі пацярпелі. Шмат іх было страчана. І таму тое, што засталося, зразумела, вымагае павагі і ўважлівага даследавання. Прадметам даследвання гісторыка з’яўляюцца людзі - думаючыя і эмацыйныя. Іх ідэі і пачуцці таксама мусяць быць прадметам гістарычнага даследавання. І першае, з чым мае справу даследчык – гэта менавіта думкі і ўяўленні аўтра дакумента і яго атачэння. А таксама, мова той эпохі… І таму, калі гартаеш старонкі актавых кніг, найперш за ўсё бачыш людзей, звяртаеш ўвагу на ўсе тыя абставіны, з якімі гэтыя людзі сутыкаліся ў сваёй штодзённасці. Характар судовых дакументаў выразней падкрэслівае вастрыню чалавечых дачыненняў. Калі пэўная асоба прыходзіла ў суд са скаргамі, маёмаснымі прэтэнзіямі, “обтяжливе жаль свой оповедаючы”, то запісы пра гэта часам даюць мажлівасць наўпрост пабачыць факты і праявы ўнутранай прыроды чалавека.

Напрыклад, у маёй кнізе гістарычных эсэ “І цуды, і страхі” ёсць раздзел пра лаянку, абразы і ліхадзейства, якіх шмат зафіксавана на старонках судовых кніг. Але ж было вельмі цікава адшукаць менавіта праявы высакароднасці чалавека, яго светлыя бакі. І паверце, гэта не было так уж складана. Таму ёсць у кніжцы і раздзел “Дабрадзейства”. Унутры чалавека заўсёды змагаюцца дабро і зло.

АВ: Судовы дакумент здавалася бы, павінен быць сухім, лаканічным…


І я так думала спачатку. Але калі я ўпершыню ўбачыла, якой жывой старабеларускай мовай, мовай нашай старажытнай дзяржавы, напісаны гэтыя дакументы – гэта стала маім самым першым адкрыццём і пасылам да творчасці.

АВ: Што непасрэдна вас уразіла?

Здавалася бы, афіцыйныя дакументы натарыяльна-прававога характару мусілі б сапраўды быць запісаны сухой і лаканічнай мовай, падобнай на той моўны стыль, які пануе ў сучасных натарыяльных канторах. Але ж судовыя дакументы канца XVI-га, пачатку XVII-га стагоддзя, фіксавалі ўласна тую мову, на якой размаўлялі нашыя продкі. На старонках актавых кніг часам магчыма сустрэць фрагменты запісаў тагачасных гутарак і дыялогаў паміж людзьмі. Зразумела, што не на кожнай старонцы. Гэта мог быць, напрыклад, дыялог маладога хлопца са сваім паміраючым бацькам, альбо размова кабеты з чарадзейнымі схільнасцямі і зляканага мужчыны, які сустрэўся з ёй на дарозе, альбо, напрыклад, тое, пра што гавораць людзі, прыходзячы ў суд – кожны са сваімі эмоцыямі і ўяўленнямі.

АВ: Якімі вы ўбачылі для сябе беларусаў XVI-XVII стагоддзяў?

Зразумела, што яны былі апрануты ў іншую вопратку. Яны чулі зусім іншыя гукі на вуліцы, інакш успрымалі час і прастору. Але ўсё роўна, яны жылі ў дастаткова маляўнічым свеце і мелі тыя самыя асноўныя чалавечыя пачуцці, якія вядомыя і нам. Калі гэта - гняўлівасць, то і сёння мы ведаем гэтае пачуццё, калі гэта радасць ці каханне, то думаю, што і яны перажывалі гэтыя эмоцыі напоўніцу. А яшчэ мяне вельмі ўразіла тое, якая рэфлексія была ў чалавека – пра што і наколькі глыбока ён думаў. Напрыклад, ёсць такі выдатны гістарычны тэкст, напэўна, самыя раннія на Беларусі мемуары, “Запіскі Фёдара Евлашоўскага”. Гэта ўжо не тычыцца маіх судовых актаў, але таго часу, якім я займаюся. У “Запісках..” мяне ўразіў выпадак пра тое, як пан віленскі Ян Хадкевіч, што жыў у Ляхавічах, даведаўшыся пра самагубства свайго ўрадніка, будучы моцна ўражаным гэтай трагічнай весткай, прамовіў у роспачы такую вось неверагодную фразу: “..Я не ведаю, што ёсць чалавек, я не ведаю, што ёсць шатан…”. І сапраўды, ці ведаем мы ўсё пра сябе, каб быць такімі самаўпэўненымі?
Думаю, што праз колькі гадоў, можа, праз двесці ці больш, нас, магчыма, таксама будуць пытацца вытлумачыць – што мы думалі ў свой час? Якія мы былі? Я з павагай стаўлюся да тых людзей, якія жылі да нас. Таму што яны, нягледзячы на вонкавыя адрозненні, ўсё роўна нашыя браты і сёстры. Таму што мы аднолькава адчуваем самыя падставовыя рэчы.

АВ: Гэта тыя ж мы, толькі ў мінулым?

Я магу памыляцца, але мне здаецца, што так. Калі б тыя людзі цяпер апынуліся ў гэтай студыі і пабачылі ўсе гэтыя тэхнічныя прылады, ці, напрыклад, машыны на вуліцах ці самалёт у небе, канешне, яны б падумалі, што патрапілі ў нейкі магічны свет. Але… Хацела б я пабачыць нас праз гадоў чатыраста… З чаго будзем здзiўляцца мы?

АВ: Давайце прыведзем якія-небудзь цікавыя прыклады таго часу.

Пад час працы з актавымі кнігамі назбіралася шмат цікавых фактаў са штодзённасці нашых продкаў. Яны тычыліся самых розных праяў жыцця. Напрыклад, гэта магло быць вяселле. Што елі госці на вяселлі? Як яны былі апранутыя? Якія здарэнні маглі адбывацца на гэтым свяце? І такіх здарэнняў было дастаткова, бо характар дакументаў усё ж судовы! Часам гэтыя прыгоды былі даволі кур’ёзныя. Уявіце сабе, што нейкі шляхціч, Цэзар Грандэзолі, – толькі ўслухайцеся ў гучанне яго імя і прозвішча! – упіўшыся на вяселлі, якое адбывалася тут, на Меншчыне, распрануўшыся і ходзячы “нага” па хаце, набраў ў “сікаўку” (помпачку, што ўжывалася ў пчалярстве для апырсківання рояў) дрожжаў, якія пэўна былі ў адмысловых катлах для варкі піва, і ноччу, зайшоўшы ў пакоі, дзе адпачывалі маладыя і госці, пачаў паліваць іх з гэтай самай сікаўкі. Вось такі хуліган! А пасля ўчыніў на ганку бойку са шваграм. Вядома, што вяселле абярнулася ў гармідар!

На другім вяселлі пахолак (слуга) скраў багатую вопратку свайго гаспадара і ўскакаў на кані ажно да Полацку. А вопратка была пазычана ў іншага чалавека. Увогуле, вопратка была з дарагой тканіны і дорага каштавала. Часам тканінай ці вопраткай расплочваліся за нейкія паслугі і працу. Пісар жа пакінуў падрабязнае апісанне зрабаванага адзення, і таму мы можам уявіць, як выглядалі госці на вяселлі.

АВ: Я ведаю, што дзякуючы вашаму архіву, сёння можна высветліць свой радавод. І як я разумею, чым больш "хуліганскімі" былі нашы продкі, тым больш падрабязным будзе гэты радавод. Ці так?


Тут ужо іншы аспект. Таму што, на жаль, спусціцца да шаснаццатага стагоддзя ў росшуках свайго радавода – гэта найрадчайшая удача. Звычайна мы вышукваем нейкія нітачкі ў плашчані дзевятнаццатага ці васемнаццатага стагоддзяў. Дакументы гінулі, культурныя традыцыі перарываліся і, адпаведна, убачыць, як гарэзіў твой продак у шаснаццатым стагоддзі, ці кім ён быў, - напэўна гэта будзе ўжо са сферы адно нашых уяўленняў.

АВ: Добра. Давайце вернемся да вашай кнігі. Вы ўжо паведалі нам два прыклады. А з якога яшчэ, магчыма, незвычайнага для вас, боку, вы ўбачылі беларусаў і адлюстравалі гэта ў вашай рабоце?


…Можа быць, гэта цікавасць да таямніц, стасункаў з іншасветам, цікавае спалучэнне ў тагачасным чалавеку хрысціянскіх памкненняў з паганскімі ўяўленнямі.. Жыццё чалавека атачаў збольшага лес на краяглядзе. Зразумела, што былі і тыя, хто вандраваў, пашыраў межы звыклай прасторы. Пераважна гэта былі студэнты, “жакі”, як іх называлі ў тыя часы. Але ж калі наступалі цемра і начная цішыня, то чалавек заставаўся апроч усіх сваіх клопатаў і турботаў сам-насам з невядомым акаляючым светам і напэўна ж, гэта нараджала нейкія свае ўяўленні. Увага чалавека была скіравана ня толькі на зямлю, якая была падставай яго існавання, але і на неба. Таму, мажліва, пільней углядаліся і на сваеасаблівыя формы аблокаў, і на тое, якім голасам гэтым разам грукоча Пярун… . Затое цяпер мы маем такія дзівосныя назвы ўрочышчаў, фальваркаў, грунтаў зямлі, балот, стаўкоў, пагоркаў… Напрыклад, “Сіняя лужына”, “Белы дзед”, “Святы дар”, “Чорнае калена”, “Лысы камень”, ды гэтак далей. Карацей кажучы, увесь гэты вобраз чарадзейнага свету, які ствараўся, і водгулле якога мы знаходзім цяпер у чарадзейных казках, паданнях ці фальклорных спевах, - часам знаходзіць адлюстраванне і на старонках старых дакументаў.

Нават святары баяліся суроку. Аднойчы такі вось зляканы слонімскі святар прыбег у суд скардзіцца на свайго суседа за тое, што пасля яго прыходу ў дом святара, у таго захварэла жонка. Святар вырашыў, што жолуд, які ён знайшоў на падлозе пасля прыходу суседа – зачараваны, і што менавіта праз гэты “злы” жолуд, які быў “зачурам” і захварэла жонка. Судовыя ўраднікі ўчынілі допыт абвінавачанаму ў чарах суседу. На што той адказаў: “Я прыходзіў да святара па просвіркі, мне патрэба была. Ды прыходзіў не адзін, а самдруг са сваім тесцем”. Суд учыніў Лаўрыша вольным.

А на адной шумнай бяседзе войт Нестар сядзеў разам з усімі, магчыма, у карчме ці ў кагосьці на сябрыне. Еў, піў, а пасля “апілым” прыцягнуўся да дому ды заўважыў на раніцу ў сваёй каліце пэўныя рэчы, пасля чаго стрымглаў пабег у суд, бо прыгадаў, што побач з ім сядзела нейкая Зафея, якая і падклала яму ў торбу тыя рэчы, ад якіх мог быць і паморак для стада, ці нават “дом дымам пайсці”. І што гэта былі за рэчы? Чоснак, нейкія травы і суровыя ніткі. Нестар зразумеў гэта як сурок і калі праспаўся, прыбег у суд. Але суд не прыняў скаргі зляканага войта, сказаўшы: “Справа тая з гарачага ўчынку ўжо сышла і пераначавала”. Вось які цікавы вобраз быў у судовых выразах.

АВ: А як гэта было на практыцы? Хтосьці хадзіў і ўсё гэта запісваў?

У судах былі судовыя выканаўцы – возныя. Гэта была такая катэгорыя людзей, якія сапраўды прыязджалі на месца здарэння і апісвалі ўсё, што бачылі, пра што сведчылі іншыя людзі. Мы сапраўды павінны быць “удзячнымі” тагачасным рабаўнікам, якія штосьці кралі ці забіралі, а пасля возныя ўсё гэта падрабязна апісывалі. Бо цяпер маем магчымасць убачыць і прачытаць гэтыя пералікі і рэестры зрабаванай маёмасці. А яны сапраўды ўражваюць змесцівам ды назвамі тых рэчаў.

АВ: Ці ёсць беларускія словы ў гэтых старажытных апісаннях, якія ў вас да сенняшняга часу выклікаюць пытанне? Словы, якія сёння ўжо не ўжываюцца?


Такіх слоў – безліч, якіх ужо няма ў сённяшнім абіходзе. Але ёсць цудоўныя слоўнікі. Нашы гісторыкі і філолагі вывучаюць старабеларускую мову. Яна вельмі адметная і багатая і таму вельмі файна, калі гісторыкі ці пісьменнікі карыстаюцца гэтымі словамі і ўводзяць іх ва ўжытак па-новаму. Напрыклад: “засненне” – смерць, “бачны чалавек” - мудры, “облудны” – крывадушны, “найпреднейшы клейнот” - найцудоўнейшы, найлепшы, а клейнотам называлі душу чалавека.

АВ: Калі скласці рэйтынг тых "хуліганстваў", якія былі ў той час, то якія з іх сустракаюцца часцей, якія радзей?


Напэўна, часцей за ўсіх сустракаюцца абразы. Людзі таксама крыўдзіліся, калі іх зневажалі, а найчасцей гэта была абраза шляхцецкага гонару. Шляхта была розная, як магнаты, так і шарачковая шляхта сярэдняй рукі, якая сама працавала на полі разам са сваімі падданымі. І вось той другі, ганарлівы сусед-шляхціч, пабачыўшы свайго суседа, што стаіць сагнуўшыся дзе-небудзь над буракамі ці рэпай, мог яго зняважыць ды пагардліва сказаць: “Ты не шляхта, адно халоп!”. Карацей кажучы, было чым і якім словам пакрыўдзіць у той час, як дарэчы і цяпер. І часам справа пра абразу шляхецкай годнасці і гонару пераходзіла ў суд. Тады выклікаліся ў якасці сведкаў сваякі ды суседзі “акалічныя” і даказвалі, што гэты чалавек, таксама як і яго бацка і яго дзед ды прадзед, быў шляхцічам, і што ўсе яго продкі мелі тут зямлю. І што па сваім статусе ён усім шляхцічам роўны брат.

А пра “тыповыя” злачынствы, якія былі характэрнмі ў тыя часы, запісана ў Статуце 1588 года. Гэта і гвалтоўны напад на шляхецкі дом альбо хрысціянскі храм, гвалтаванне кабеты (старабеларускі выраз – “ушчэрбіць паненства маладой дзяўчыны”), разбой на дарозе, крадзеж маёмасці, падпал дому ці гумна, атручванне, забойства, чарадзейства...

АВ: Псіхолагі кажуць, што беларусы і сёння таксама вельмі крыўдлівыя. А вось, слухаючы вас, я разумею, крыўда сярод беларусаў была распаўсюджана і тады. Чаму?

Было шмат разнастойных выразаў, абразлівых слоў, якімі маглі пакрыўдзіць. Гэта і “кудла”, “кабельчук”, “нячыстага ложа сын”, “тыран”, “паганскі бесурманін”, “здрайца”… А таксама такое слова, як “машкара” – чалавек, як бы ў масцы, фальшывы, крывадушнік. Абразіць маглі і гэстам. Сустрэўся і такі выраз: “У палец абразіць”

Але наконт таго, што беларусы ўвогуле крыўдлівы народ… Сцвярджаць гэтага я не бяруся. Але, калі цябе абражаюць, то, пэўна ж, гэта крыўдна. Хіба, што іншыя пераводзяць гэта ў смех, ці ўмеюць ставіцца да такіх сітуацый іранічна.

АВ: Ці ёсць сярод гэтых дакументаў справы, якія былі вельмі заблытатаныя?


Судовая казуістыка была дастаткова распаўсюджанай. Існаваў нават такі выраз “праўныя лабірынты”. Зразумела, што ўсе суды кіраваліся Статутам, які выдатна распісваў усё па палічках – што і як павінна было быць. Але ж зразумела, што людзі знаходзілі безліч разнастайных хадоў, намагаліся перайначаць справу на свой лад. Напрыклад прыходзіць судовы позва па скарзе на нейкага чалавека, ў якім ягоны маёнтак называецца, напрыклад, “Асіпоўшчына”. А той кажа, что не прымае гэтую позву са скаргай, таму што яго маёнтак яшчэ ад прадзедаў меў назву “Стойдзераўшчына”, а ў тэксце скаргі запісана інакш. І вось, дзеля таго, каб усё гэта удакладніць праходзіла шмат часу, які быў на руку абвінавачанаму.

Некаторыя судовыя дакументы таго часу іншы раз прыходзіцца перачытваць па тры-чатыры разы, каб унікнуць у сутнасць справы. Але ж усё ж такі 16-е стагоддзе – гэта перыяд пэўнай прастаты і празрыстасці мыслення. А ўжо пазней, з пачаткам ўплыву Польшчы на Беларусь, пачаліся больш заблытаныя “прававыя лабірынты” пры разборы юрыдычных спраў. Не кажучы ўжо пра часы Расейскай імперыі, якая прыўнесла казённы стыль у прававыя дакументы.

АВ: Ці сустракаецца ў гэтых судовых дакументах інфармацыя аб якіх-небудзь памылках суда?

Хутчэй, пэўныя людзі абвінавачваюць судовых ураднікаў у тым, што яны зрабілі памылку. І калі яны дамагаюцца сваёй праўды і калі гэта сапраўды было так, то дакумент маглі “ўмараць” і “ўнівеч абярнуць”, то бок знішчыць.

АВ: Якія рысы характару перайшлі ад мінулага беларуса да сучаснага? Часткова гэту тэму мы ўжо закранулі, але ж хацелася б больш падрабязна аб гэтым паразважаць.

Як я ўжо казала, у маёй кнізе ёсць два раздзела – “Ліхадзейства” і “Дабрадзейства”. Там дзе ліха – там усё зразумела. Гэта і гвалт, і чалавечая нястрыманасць, і славутая гняўлівасць… Але ж былі і ёсць ў рысах чалавека адыходлівасць, прызнанне сваіх памылак, здольнасць прасіць прабачэнне ці проста заклікаць да даравання, што і гаворыць пра высокі дух чалавека.

АВ: Якія у тый час былі пакаранні? Ці былі яны незвычайнымі на фоне сучаснага часу?

Не трэба нам такіх пакаранняў! Бывалі выпадкі “цяжкага і строгага” пакарання. Вязня "садзілі ў калоду", "вязалі ў пута" ці "закоўвалі ў ланцугі" (“адным ланцугом жалезным за шыю, а другім па сярэдзіне”)

За жудасныя злачынствы, напрыклад, за забойства, пакаранне было вельмі жорсткім – вінаватых саджалі на кол. Было яшчэ і чвартаванне, і сцяцце галавы мячом у людным месцы, напрыклад, на ратушнай плошчы ў Менску. Жорстка распраўляліся і з чараўнікамі...

АВ: Ці маглі б вы назваць асаблівасць нашых продкаў таго часу, якая вас найбольш уразіла?

Не ведаю, асаблівасць гэта, ці не, але мяне ўразіла ўменне тагачасных людзей развітвацца з жыццём. Яны пакідалі свой апошні прыжыццёвы дакумент, які быў адрасаваны няшчадкам. І ў гэтым дакуменце, тэстаменце, які, дарэчы абавязкова фіксаваўся ў актавых судовых кнігах, акрамя матэрыяльнага клопату пра сямейнікаў, запісваліся таксама развагі пра жыццё на гэтым свеце. У пэўным сэнсе тагачасныя людзі ўмелі быць філосафамі. Свет, які былі вымушаны пакідаць, называлі ў тэстаментах мізэрным, прывідным, аблудным, нерозным, надзным, што значыць – зменлівым, недаўгавечным, крывадушным, убогім. І тым ня менш згадваліся “радасці і раскошы”, “шчаслівыя і няшчасныя прыпадкі” гэтага жыцця. Часам тэксты тэстаментаў можна лічыць узорам літаратурнага твору. Гэта была такая ўнікальная гістарычная крыніца, дзякуючы якой мы можам спазнаць унутраны свет чалавека. Сёння мы ўвогуле не ўмеем казаць пра смерць. Хіба што пра смерць іншых. Страчана багацейшая культурная традыцыя разам з пэўнай культурай думкі, каб усё гэта фіксаваць на паперы, адважна гледзячы ў вочы вечнасці.

Алексей Вайткун
TUT.BY, 9 ліпеня 2010


 

Кoличество переходов на страницу: 2183


Комментарии