https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Жыцьцё пад манархамі


Манаршыя дынастыі з Беларусі

Прадстаўнікі нашай дынастыі Ягайлавічаў, альбо Ягелёнаў, заснаванай Соф’яй Гальшанскай, апрача Вялікага Княства Літоўскага, уладарылі ў Польшчы, Чэхіі й Вугоршчыне.

Апошні зь Ягайлавічаў — вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт Аўгуст, што памяняў гэты сьвет на лепшы ў 1572 годзе, не пакінуў сыноў (прынамсі, законнанароджаных). У Вільні й Кракаве адкрыліся вакансіі. Адным з асноўных прэтэндэнтаў на іх стаў Генрых Валуа. (Яму, дарэчы, таксама — досыць містычнае супадзеньне — было наканавана застацца ў гісторыі апошнім з сваёй дынастыі Валуа.) Ягоную кандыдатуру заўзята падтрымліваў тагачасны францускі кароль Карл ІХ. Ён пабойваўся ўплывовага роднага браціка й даўно марыў сплавіць таго куды-небудзь далей ад Парыжу.

Ды на шляху рэалізацыі гэтага, як цяпер модна казаць, праекту ўзьнікла сур’ёзная перашкода. У Рэчы Паспалітай добра ведалі, што прычынілася ў францускай сталіцы ў тым самым 1572 годзе ў ноч на 24 жніўня (сьвята сьвятога Барталямэя). Тады парыскія каталікі, якіх натхняла каралева-маці Кацярына Мэдычы, перарэзалі больш за тры тысячы пратэстантаў-гугенотаў. Як выявілася, Генрых Валуа, дыпляматычна кажучы, ня быў староньнім назіральнікам масакры. Гэта выклікала абурэньне пратэстантаў нашай дзяржавы, дзе вельмі значная частка эліты належала тады да кальвіністаў. Тым ня менш, дзякуючы спрыту францускага пасланьніка біскупа дэ Маньлюка (зласьліўцы ахрысьцілі яго Манюкам), на сойме Генрых атрымаў падтрымку большасьці сэнатараў і шляхты. Праўда, дзеля абраньня на трон ён мусіў падпісаць акт, у якім сярод іншага дакляраваў падтрымліваць у дзяржаве рэлігійны мір.

Аднак "раман" Рэчы Паспалітай з Валуа (у нас яго называлі Генрыкам Валежычам) ня здоўжыўся. У 1574-м у Парыжы памёр Карл ІХ, і ў адну з бліжэйшых начэй Генрых, які ў душы ніколі і не хацеў рабіцца Генрыкам (і ўвогуле напраўду быў Анры), скочыў у карэту ды загадаў фурману: "Гані!" Курс, натуральна, быў узяты на Францыю, дзе неўзабаве ўцякач быў каранаваны пад імем Генрыха ІІІ.

Празь пятнаццаць гадоў яго заб’е манах-фанатык. Такі самы лёс напаткае і Генрыха IV, чыя асоба так цікавіла ягонага аднайменьніка, пісьменьніка Г.Мана. Гэта я да таго, што ў дзяржаве нашых продкаў манархі ў тыя, дый у пазьнейшыя, часы гвалтоўнай сьмерцю не паміралі.

Ад 1587-га да 1668-га ў Рэчы Паспалітай кіравалі прадстаўнікі швэдзкай дынастыі Вазаў, якія ваявалі з сваякамі, што сядзелі на троне ў Стакгольме. У сувязі з гэтым згадваецца адна забаўная гісторыя ўжо з найноўшых часоў.

Гадоў дзесяць-пятнаццаць таму пасьля старанна праведзенага аднаўленьня забурыўся мур Лідзкага замку. Сродкаў на рэстаўрацыю адрэстаўраванага неставала. І тут у нейкай сьветлай лідзкай галаве нарадзілася бліскучая ідэя зьвярнуцца па дапамогу да караля Швэцыі. Маўляў, калі падданыя продкаў вашай вялікасьці некалі разбурылі нам замак, дык ці не хацелі б вы паўдзельнічаць у яго адраджэньні?

Ня ведаю, колькі там дзён ці тыдняў адводзіцца швэдзкімі законамі на разгляд лістоў працоўных і беспрацоўных, але з адказам на ліст з далёкай (ды, як выявілася, ледзьве ня братняй беларускай Ліды) каралеўская канцылярыя не забавілася. Разрываючы дрыготкімі ад хваляваньня рукамі капэрту з вэнзэлем яго вялікасьці Карла VI Густава, лідзкія кіраўнікі ўжо чулі шамаценьне храбусткіх кронаў. Але...

Дарагія спадары-таварышы, пісалі швэды, скарга на нехарошы ўчынак нашых прапрадзедаў уважліва разгледжаная і з усіх бакоў вывучаная. Аднак, як паказала праверка, ваш замак бурылі падданыя дынастыі Вазаў, а цяпер, ажно з 1810 году, у нас кіруе дынастыя Бэрнадотаў, што аніякай адказнасьці за дзеяньні Вазаў не нясе. Квітнейце! Дата і подпіс.

Асабіста ў мяне крыўды на швэдаў чамусьці ані кроплі няма.

А яшчэ адкрыю на разьвітаньне страшную таямніцу. Я таксама ў глыбіні душы — зацяты беларускі манархіст і мне, бывае, так хочацца пастагнаць пад каралеўскай дэспатыяй кшталту швэдзкай або брытанскай. Але, як пяецца ў папулярнай песьні: я нарадзіўся тут, і я буду жыць тут.

Радыё Свабода
Уладзімер Арлоў
09 сьнежня 2010


 

Кoличество переходов на страницу: 1207


Комментарии