Думаў-думаў Радар: што рабіць? І пачаў ён лемяшы каваць ды дубы ламаць: задумаў велізарную саху зрабіць. Кожны лемех па пяцьсот пудоў, а паліцы са старога дубу, а лейцы з найбольшых сосен, якія былі ў пушчы. Зрабіўшы саху, занёс Радар у поле, палажыў яе пад лесам, а сам давай камяні цягаць ды вежу мураваць. Замураваўся ў каменнай вежы, запёрся на трое жалезных дзвярэй, а дружыну схаваў пры сабе.
Прыбягае Змей, а Радар яму:
- Стой, Змей, не чапай людзей, а вось, калі ты пралізнеш гэтыя трое дзвярэй, то я табе сам сяду на язык і ты мяне з'ясі, - тады рабі што хочаш у маёй старане.
- Добра, - кажа Змей.
I ён раз лізнуў, другі раз - лізнуў і пралізаў трое дзвярэй. Тады Радар цап яго за язык кляшчамі ды давай гваздзіць яго па галаве стопудовым молатам, а дружына чым барзджэй ўпрагаць Змея ў саху.
Змей вярцеўся, круціўся, а ўрэшце скарыўся:
- Давай, - кажа, - будзем мірыцца!
- Добра, - кажа Радар, - давай мірыцца. А каб нам назаўсёды ведаць, дзе чые, то валачы саху, правядзём граніцу.
І вось аралі яны лес, аралі луг, аралі поле і даараліся да вялікай ракі; тут Радар крыкнуў Змею, кіруючы яго ў ваду:
- Гайда, бух! - мусіць, каб ён скакаў у раку.
Змей скочыў з прыгорка, ледзь не ўтапіўся, але сахі пазбыўся: яна сарвалася з хамута і патанула рагачамі ўверх. Рады Змей, што жыў застаўся, не азіраецца, пыліць дамоў, у нару над гарой, дзе жыў князь Лях. Як убачыў свайго князя Змей, то яшчэ ў страху тым здалёк крычыць яму:
- Помні, Ляша, па Бух наша! - і як толькі дапаў сваёй нары, то і апрогся.
3 гэтых часоў на векі вечныя тая разора, якую празвалі Бухам, ці Бугам, сталася граніцай паміж нашым і ляшскім краем. А вежа, якую будаваў тады Радар, і дагэтуль стаіць у мясцовасці, Камянцом званай. Доўга і тыя жалезныя лемяхі тырчэлі з ракі і цяпер, кажуць, ляжаць там на дне.
Кoличество переходов на страницу: 1932
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |