У слаўнай зямлі ў барысаўскай, каля вёскі Шыляны, цягнуцца вялізныя Шылянскія, або Кравецкія, балоты. 3 балот тых выцякае з-пад каменя-краўца рэчка Вілія.
У вёсцы Шылянах жыў калісь кравец Сцяпан. Слаўны то быў на ўсю Барысаўшчыну здольнік. Шыў ён панам вяльможным бармы і саеты, князям харобрым дарагія шаты з грызетаў, павалок грэцкіх і аксамітаў венецкіх, сялянам маламожным - світкі і жупаны.
Багата жыў Сцяпан-кравец і пашану меў у людзей, а невясёлы быў: моцна білася сэрца маладое, што хоць і багаты, і малады і прыгожы сабою, а няма ў яго жонкі-красы. Ўстане хмарны Сцяпан, хмарны за работу бярэцца і хмарны спаць ляжа. І не таму хмарны хадзіў Сцяпан, што не было дзяўчат маладых, гожых, ахвочых за яго замуж найсці, а таму, што адзіная любая дзяучына-краса ад яго ўцякае, а сустракаючыся, вочкі сінія ў зямлю патупляе.
Мовіць, бывала, Сцяпан да яе слова ласкавае, а яна загарыцца, як макаў цвет на зары, ды маўчыць. І як жа тут малойцу добраму не тужыць, не хмарыцца, калі сэрца гарыць, як нарог у горне, дабелу распалены, і стукае ў грудзях, як молат па кавадле, а палёгкі яму няма ніякае.
Хмарыцца Сцяпан, бо праўды не ведае. Не ведае таго, што любка яго, ў буйных думах калыханая, гэтаксама, як і ён да яе, да яго усім сэрцам хінецца, як хмялінка да тычынкі цягнецца, ды сарамлівасць дзявочая няволіць нябогу на Сцяпана узірацца, ўздыхаць па ім у ночы майскія, цёпла-парлівыя, паглядаючы з-пад бярозкі касістае на месячык бледны.
Ох, і гожа ж была Сцяпанава нябога Ульяна, якую за рост высокі, стан перагібісты, ды за белы тварык людзі Вельянай празвалі.
Доўга цярпеў сваю муку Сцяпан, але далей цярпець сілы не стала, і не стрываў, гаротны.
Раз апоўначы выйшаў Сцяпан у поле чыстае, стаў на крыжовых дарогах і прызваў да сябе сілу цёмную...
Калі настаў дзень, доўга шукалі людзі Сцяпана ў будынках, у полі і ў лесе. Здзівіліся, ўбачыўшы на месцы роўнага поля велізарную лагчыну. Ідучы лагчынаю, знайшлі каля крыжовых дарог скамянелага Сцяпана.
Як учула Вельяна, што Сцяпан абярнуўся ў камень, пабегла непрытомная ў поле і, абняўшы рукамі камень, прыпала да яго і залілася горкімі слязамі.
Плакала яна дзень, плакала ноч, а з усходам сонейка, ледзь-ледзь золак на ўсходзе займаўся, сканала, а са слёз яе з-пад каменя прабілася крыніца.
Разлілася крыніца па ваколіцы, затапіла ўвесь абшар, дзе ўвагнуўшыся была зямля, ператварыла тую нізіну ў непраходнае балота, якое завуць Шылянскім, або Кравецкім, і паплыла ў свет рэчка празрыстая, прыгожая, як і сама Вельяна калісь была.
Рэчку гэтую адразу ў памяць Вельяны Вельяй назвалі і гэтак завуць дагэтуль, толькі людзі, не ведаючы ўсёй гісторыі, перайначылі крыху яе праўдзівае імя, завучы Віліяй.
Кoличество переходов на страницу: 3118
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |