https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Нёман і Лоша


...Даўным-даўно, тысячы гадоў таму з-пад вялізнага каменя, дзе б'е крыніца, нарадзіўся славуты асілак. Яго назвалі Нёманам. Жыў сярод лясоў дрымучых, лугоў шырокіх. Прыгожы, працавіты. Прыродзе, і людзям, і ўсяму жывому дабром плаціў. У суседстве жыла Лоша. Гультаяватая, ляжала ў цяньку, сабою любавалася. Нікому ад яе не было ні радасці, ні карысці. Лоша часта заглядала да свайго суседа. За маўклівасць называла яго Неманцом.

Цяпер ніхто не ведае, што Нёману спадабалася тая красуня. Адно вядома - было вяселле. Гуляла на ім уся жаніхова радня: і Сула, і Уса, і Уздзянка, і Шчара... Каго толькі тут не было! Пілі, балявалі, маладым шчасця ды добрай долі жадалі.

Скончылася вяселле, пачаліся будні. Зноў Нёман не ведаў ні дня, ні ночы. Паіў, карміў, туліў усіх, хто да яго гарнууся: і чалавека, і звера, і птаха, і рыбу, і жыўнасць усякую. Цешыў сваім люстэркам водным прыбярэжныя лясы, палеткі, лугі, на сваіх магутных грудзях насіў чоўны, ганяў плыты.

Не раз запрашаў на шырокую прастору і сваю красуню ненаглядную. Толькі тая была абыякавая, халодная да ўсяго, па-ранейшаму не хацела дзяліць са сваім волатам нягоды і радасці.
Не да душы было такое жыццё Нёману. Аднойчы цёмнай ноччу кінуўся ўпрочкі. Стараўся замесці след: там пад паплавам прабяжыць, там, дзеля перадыху, вынырне плёсам, тоняй, азярынкаю, а потым зноў схаваецца. І толькі там, дзе цяпер Забалацце стаіць, асілак у адкрытую пайшоў да мора.

Прачнулася Лота, а Нёмана няма. Пачала даганяць уцекача, ды не ў той бок кінулася. Па далінах ды па нізінах бегла. Ажно сіл не ставала, дый не ведала, куды далей падацца. Гукала клікала на дапамогу, але ніхто не прыйшоў - ні Пціч, ні Бярэзіна, ні Свіслач...

Толькі Выня паспачувала гору сваёй сяброўкі. Выбеглі яны ўдзвюх да груда пясчанага, дзе сягоння Пясочнае, і убачылі: Нёман праз долы і лясы дарогу сабе пракладае. Хвалямі горкіх слёз кінулася Лоша ў абдымкі да свайго асілка: адчула, што жыць па-ранейшаму, ды яшчэ адной заставацца, не варта - знікнуць можна. Пачала дапамагаць Нёману. За часамі й людзі не абмінулі яе стараною: паблізу пачалі будавацца. Так нарадзіліся вёскі Лоша, Мрочкі, Перавоз, Сасноўка, Рачыца, Пясочнае.

Нёман ніколі не забывае родныя мясціны. Кожную вясну, кожную восень дажджлівую вяртаецца да маці сваёй - крынічкі, якая цячэ з-пад вялізнага каменя. Вяртаецца сюды, каб сустрэцца са сваёй Лошаю, са сваёй маладосцю...



 

Кoличество переходов на страницу: 4286


Комментарии