Было гэта яшчэ ў часы паншчыны. Злыя былі паны. Не людзі, а звяры. Асабліва лютаваў пан у маёнтку недалёка ад Навасёлак. І што толькі ён не тварыў. Страх, як з сялян здзекаваўся. А сваіх мужыкоў і за людзей не лічыў.
Загадаў раз гэты пан, каб усе, ў каго былі валы на продаж, прыводзілі іх толькі да яго, на панскі двор. Загадана — нічога не зробіш: у пана ўлада. І павялі сяляне да яго сваіх валоў. А пан выйдзе на ганак, паглядзіць і кажа:
— Што гэта ты прывёў, асёл? Гэта ж не вол, а казёл.
I плаціў, як за казла. А хто спрабаваў пярэчыць — таго пасылаў на стайню і даваў бізуноў.
Доўга мучыліся людзі з такім панам, доўга цярпелі, а паскардзіцца няма каму. Паны ж усюды тады сядзелі — і ў маёнтках, і ў судах.
Але знайшоўся нарэшце адзін чалавек, што адплаціў пану за ўсе людскія крыўды і слёзы. Быў гэта Рымша — прыгожы горды хлапец. Прывёў ён раз на панскі двор вала прадаваць. Выйшаў пан на ганак і кажа:
— Што гэта ты прывёў, асёл? Гэта ж не вол, а казёл.
Схапіў тады Рымша здаравенную жардзіну і пытаецца:
— Што гэта, пан, бяроза ці лаза? Я ж табе прывёў вала, а не казла.— І давай пярэсціць пана жардзінай. Б'е і прыгаворвае: — Вось табе за тое, што ты з людзей здзекуешся. А калі ачуняеш, чакай мяне яшчэ у госці.
Толькі на трэці дзень апрытомнеў пан. Пачалі шукаць Рымшу, а таго і след прастыў.
Не раз яшчэ прыходзіў Рымша да пана, не раз помсціў яму за людзей. І, кажуць, хаваўся ён на гары між Заполлем і Навасёлкамі. Да гары той цяжка было падступіцца. Наўкола — непраходныя балоты і хмызняк. Адзін толькі Рымша ведаў туды патаемную сцежку.
І дагэтуль стаіць тая гара. Людзі завуць яе Рымшавай.
Кoличество переходов на страницу: 1966
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |