https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Зямля


Узнімалася зямля, гаварыла жывою,
На каленях стаяла,
Прасіла нас:
— Укладзіце мне грудзі цёплым гноем,
Каб жар у грудзях маіх не пагас.

А мы рэзалі яе
На шматкі,
На кавалкі,
Ды барлялі смыкамі яе чорствы стан.

Падрасталі
Сымоны,
Рыгоры ды Янкі, —
I раслі шнуры доўгія, як вярста.

Калі-ж грукаўся снежань касцяною нагою,
Пошчак ветру у свірні на цымбалах іграў, —
Мы пяклі праснакі
Напалам з лебядою
I чакалі вясны,
Каб адтала кара.

А з мякіны акраец быў калючы і спорны,
Яго толькі каменным нутром і глыдаць.
I выходзіў з нас кожны,
Як зямля тая, чорным
Ці хваробу, ці смерць у маі спатыкаць.

Гэта толькі кавалак нашай доўгай дарогі.
Ды галоднай тугі за парожнім сталом,
Калі вецер біў шыбы, узнімаючы скогат,
I прыходзіла смерць
Біць халодным чалом.

За плячыма гадоў тая чорная ноч,
Што стаяла удзень на бядняцкім двары.
Ды пакінуў слімень свой наседжаны корч,
Рукі гневу крутнулі яго дагары.

Мы спалілі яго злосцю палкіх вачэй
Разам з тронам цара і пагонамі прыстава.
Каб пылала удзень
Наша сонца ярчэй,
Каб хапала нам
Хлеба чыстага.

Мы-ж цябе зразумелі, зямля!
Кормім гноем цябе, кормім каліем,
Каб ты кожнае лета
Цяжарнай была
He адным,
А трыма ураджаямі.

Мы скавалі плугі надзвычайнай хады.
Сваю сілу з табою сасваталі,
Каб у нашы гады
Ты цвіла маладухай багатаю.

Мы-ж цябе даглядаем на новы лад,
Што цябе не спазнаць аж нават, —
Каб падносіла нам
Ты ўсягды да стала
Пірагі ды найлепшыя стравы.

1931 г.

 

Кoличество переходов на страницу: 1719


Комментарии