Адным з найболей спрыяльных перыядаў для правядзення вяселляў нашы продкі лічылі час ад канца жніўня (калі закончылася жніво) і да пачатку Каляднага посту (28 лістапада). Час з 14 кастрычніка да 28 лістапада называлі "Вялікая вясельніца" — з-за таго, што найбольшая колькасць вяселляў прыпадала менавіта на гэты перыяд. Лічылася, што гэта самы лепшы час для таго, каб стварыць сям'ю. Але пры гэтым з яго неабходна выключыць усе памінальныя дні, напрыклад, Восеньскія, Міхайлаўскія, Дзмітраўскія Дзяды.
Другім найбольш аптымальным тэрмінам для вяселляў з'яўляецца зімовы Мясаед — так званыя "Мясаедныя вяселлі", перыяд, які пачынаецца 21 студзеня і заканчваецца напярэдадні Масленічнага тыдня (г.зн. на восьмым тыдні перад Вялікаднем).
У структуры народнага календара ёсць яшчэ адзін невялічкі прамежак часу, на працягу якога дапускалася гуляць вяселлі. Ён пачынаецца напярэдадні Сёмухі і заканчваецца перад Пятроўскім постам. Часцей за ўсё гэты перыяд выпадае на другую палову мая і пачатак чэрвеня. У народнай творчасці захаваліся два фразеалагізмы, якія сведчаць пра стрыманае ці нават негатыўнае стаўленне народа да вяселляў гэтага перыяду: "Як беднаму жаніцца, дык і ноч кароткая", "Хто ў маі ажэніцца, той ўсё жыццё маяцца будзе".
Пры выбары дня вяселля варта абавязкова ўлічваць і такі істотны касмічны фактар, як фаза Месяца. Найбольш спрыяльным для распачынання вялікіх і значных спраў (і, вядома ж, для правядзення вяселляў) лічыцца час "пад поўню" (ад першай фазы Месяца, так званага маладзіка да таго перыяду, калі вось-вось Месяц стане "поўным", г.зн. наступіць поўня).
І яшчэ адзін немалаважны фактар для нашага сучасніка — выбар першага дня вяселля: пятніца, субота ці нядзеля? Па этнаграфічных запісах XVІІІ-XІX стагоддзяў можна меркаваць пра тое, што вяселле пачыналася ў нядзелю — самы спрыяльны, "святы" дзень тыдня. Маладая пара спачатку прытрымлівалася тыднёвага посту, прыходзіла ў храм на споведзь, а ў нядзелю здзяйсняўся абрад шлюбу. Другім днём на тыдні, спрыяльным для шлюбу, Праваслаўная царква ўсталявала пятніцу. Таму, калі маладыя плануюць вянчацца, добра было б расставіць "акцэнты" паміж "светлай", або "святой", нядзеляй і штотыднёвым памінальным днём — суботай. Сёння найбольш спрыяльным днём для пачатку вяселля (рэгістрацыі ў загсе, а потым шлюбу ў храме і, адпаведна, далейшага правядзення вясельнай імпрэзы) можа быць пятніца. На другім плане — нядзеля. Прааналізуйце тыповую сітуацыю: маладая пара рэгіструе шлюб у загсе ў суботу, затым адбываецца непасрэдна вясельная імпрэза і першая шлюбная ноч. А раніцай у нядзелю маладыя ідуць у храм для вянчання, парушаючы ўсе царкоўныя каноны.
Аксана Катовіч, Янка Крук
Звязда
Кoличество переходов на страницу: 1885
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |