https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Суп з крадзеных курэй і жаніх у сукенцы: як спраўлялі вяселле на Беларусі


Што такое вельца і навошта яго рабіць, чаму ў царкве ўставалі на рушнік і калі жаніх мог пераапрануцца ў нявесту?

Восень у Беларусі – час вяселляў, таму што гуляць іх пачыналі, калі ўраджай быў ужо сабраны і ў вяскоўцаў заставалася больш вольнага часу. 

Пра тое, якія вясельныя традыцыі існавалі ў беларусаў і што з іх захавалася на сённяшні дзень Анастасія Ваўчок пагаварыла з малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклора імя Кандрата Крапівы Алёнай Паўлавай.

Сукенка ў спадчыну

У першы дзень вяселля хлопец збіраў сваіх сяброў і яны рыхтаваліся, каб ехаць на вазах па маладую. У хаце маладой прыгатаванні таксама ўжо ішлі поўным ходам: дзяўчаты ўпрыгожвалі хату, вешалі прыгожыя фіранкі і рушнікі.

"Раней, калі заходзіш у хату і бачыш шмат рушнікоў, разумееш, што сям'я заможная", - тлумачыць гэту традыцыю Алёна Паўлава.

Потым сяброўкі дапамагалі маладой апранацца. Калі сёння знайсці сукенку не складана, яе можна купіць або пазычыць, раней у вёсцы з гэтым былі цяжкасці.

"Сукенкі атрымлівалі ў спадчыну, калі былі старэйшыя сёстры, або зычылі ў сябровак, просто апраналі лепшую сукенку – у залежнасці ад таго, якая была сям'я", - распавядае навуковец.

Пакуль нявеста чакала жаніха, ёй было, чым заняцца: зноў жа, як і напярэдадні, можна было не хаваць эмоцыі і паплакаць. Лічылася, што ўваход у новае жыццё і развітанне з бацькамі і роднай хатай патрабуюць менавіта такога настрою ад маладой.

Бутэлька гарэлкі на даху

У розных раёнах Беларусі існавалі свае абрады, якія трэба было правесці падчас вяселля. Так, на Брагіншчыне, у Гомельскім раёне, а таксама на Віцебшчыне, раніцай у дзень вяселля рабілі вельца.

"Вельца – трохрогая галінка, звычайна з пладовага дрэва – яблыні, грушы. Раніцай у першы дзень вяселля, перад тым, як рыхтавацца да прыезду маладога, бацька ці брат маладой ішлі ў лес і ссякалі такое вельца", - распавядае Алёна Паўлава.

Потым дзяўчаты ўпрыгожвалі яго каласамі, калінай ці рознымі іншымі ягадамі, стужкамі, ніткамі – адсюль і назва, таму што яго вілі, навівалі.

Жаніх прыязджаў са сваім вельцам, і калі маладыя ад'язджалі ў тую хату, дзе будуць жыць, над яе дахам прыбівалі гэтыя два вельцы, і яшчэ прымотвалі бутэльку гарэлкі, таму што лічылася, што калі ў гэтай пары нарадзіцца першынец, яны павінны будуць зняць гэту гарэлку і разам распіць.

"І што цікава, калі я была на Брагіншчыне, на хатах, нават шматпавярховых, сапраўды вісяць гэтыя вельцы", - распавядае навуковец.

Як "чытаць" вянок

Калі жаніх прыязджае да маладой, зараз таксама існуе традыцыя так званага выкупу. Звычайна гэта ўсялякія іспыты для жаніха. Такі звычай мае свае карані ў старажытнасці, яго апісанне часта можна сустрэць ў народных казках, і ў беларускіх вёсках таксама рабілі для маладога нейкія выпрабаванні.

Напрыклад, сяброўкі разам з нявестай маглі паказаць з-за дзвярэй рукі, і жаніх павінен быў пазнаць, чыя рука належыць яго каханай. Існавалі і іншыя выпрабаванні падобныя да гэтага.

"Калі жаніх ужо заходзіў у хату, сядзелі тры жанчыны. Яны былі ў падобных сукенках і з закрытымі тварамі, а жаніх павінен быў здагадацца, дзе яго каханая дзяўчына", - распавядае Алёна Паўлава.

На Гродзеншчыне захавалася цікавая традыцыя "чытаць вянок". Перад тым, як адправіць дзяўчыну ў новае жыццё, калі жаніх са сваімі сябрамі заходзілі па нявесту, і яна ўжо была апранутая, у вяночку, але без вэлюма, сват або маці маладой бралі маленькі вяночак і, трымаючы яго, звярталіся да яе з развітальнымі словамі.

"Вяночак падколваўся дзяўчыне ў валасы пад вялікі вянок і потым апранаўся вэлюм, калі ён быў", - распавядае Алёна Паўлава.  

Гэты маленькі вяночак звычайна рабілі з мірта, маленькіх раслінак. Ён абавязкова павінен быў быць зялёненькі.

Навошта і як уставаць на рушнік

Калі жаніх паспяхова (або нават не вельмі) прайшоў усе перашкоды, усе разам садзіліся на вазы і ехалі да шлюбу – у царкву.

"Там уставалі на рушнік – гэта было абавязковай умовай, таму што ўвогуле рушнік – гэта сімвалічны атрыбут, які аб'ядноўвае гэты і той свет", - тлумачыць Алёна Паўлава.

Па словах навукоўца, гэта лёгка ўбачыць нават па арнаменце: напрыклад, вясельны ручнік вельмі часта пасярэдзіне белы, а па баках з чырвоным арнаментам. Белая частка сімвалізуе нябёсы, а арнаментная – зямлю. Абавязкова трэба, каб абодва маладыя ўсталі адначасова на нейкі адзін бок – бо інакш не будзе ладу ў сям'і або нават можа здарыцца нешта вельмі дрэннае.  

Пасля таго, як маладых бласлаўлялі, зноў вярталіся ў хату нявесты, дзе іх сустракалі бацькі маладых.

"Яны звычайна сустракалі з хлебам-соллю і з іконамі Божай Маці і Выратавальніка, з мёдам і караваем – але не з тым, што выпякалі на вяселле", - распавядае Алёна Паўлава.

Дарую медзі, каб былі дзеці як мядзведзі

У хаце ўжо стаялі накрытыя сталы, дзесці літарай "П", дзесці літарай "Г" – у залежнасці ад таго, як дазваляла хата.

"У некаторых рэгіёнах садзіліся так: у сярэдзіне маладыя, потым іх сведкі, потым моладзь і па краях старэйшае пакаленне. Так неабавязкова было паўсюль, але лічылася: бліжэй да выхаду павінны сесці тыя, хто хутчэй будзе адыходзіць ад нас", - тлумачыць Алёна Паўлава.

У асобных рэгіёнах Беларусі дзяўчыну саджалі на дзяжу. Навуковец кажа, што ўвогуле садзіцца на дзежку павінна была дзяўчына цнатлівая, а калі гэта было не так, то яна і не садзілася. Але звычайна ў вёсках усё было вельмі прыстойна ў параўнанні з сучасным жыццём, адзначае Алёна Паўлава.

Моладзь у вёсцы вельмі чакала вяселляў. У гэты час можна было і пагуляць, і пазнаёміцца і ўвогуле добра бавіць час. Танцавалі звычайна старыя танцы, такія як полька, падэспань, кракавяк.

"Увечары першага дня сват выносіў каравай, ставіў на стол маладых, і пачынаўся яго падзел. Першы кавалачак або вярхушка адыходзіла маладым, упрыгожванні раздавалі дзецям, якія прысутнічалі на вяселлі або назіралі за ім у вокны", - распавядае Алёна Паўлава.

Калі маладыя адразалі кавалачак караваю і частавалі госця, ён павінен быў даць штосьці ўзамен. Звычайна гэта былі ці падарункі, ці проста добрыя віншавальныя словы. Калі дарылі, звычайна жартаўліва прымаўлялі нешта, напрыклад: дарую медзі, каб былі дзеці як мядзведзі.

"Маладыя не павінны былі браць гэты каравай голымі рукамі – бралі праз рушнік або сурвэтку. Гэта азначала "я дзялюся з табой сваім шчасцем, але энергетыка захоўваецца са мной", - тлумачыць Алёна Паўлава.

А вось традыцыя напрыканцы вяселля кідаць букет прыйшла да нас з захаду. Свой вясельны вяночак беларускія жанчыны захоўвалі разам з пасагам, ён лічыўся абярэгам у сямейным жыцці. Не было падчас самога вяселля і конкурсаў, якія зараз прапануе тамада, каб госці не сумавалі, а вось гульняў і танцаў для моладзі – сколькі заўгодна.

У канцы вяселля з нявесты здымалі вэлюм ці вяночак і апраналі хустку, і гэта традыцыя захоўваецца сёння.

Калі свякроў не тапіла печ

Калі заканчваўся першы дзень, моладзь збіралася і ехала ў хату маладога. Гэта адбывалася ўвечары або раніцай наступнага дня. Дзяўчыну саджалі на воз, туды ж складвалі пасаг і везлі ў хату. У пасаг маладая звычайна атрымлівала падушкі, коўдры, рушнікі, посуд – усё тое, што магло спатрэбіцца ёй як гаспадыне.

"Калі вяселле зацягвалася, звычайна маладых адвозілі ў хату маладога, яны развітваліся з гасцямі, якія працягвалі гуляць ужо без галоўных дзеючых асоб. Вельмі часта раней на плот потым вывешвалі посцілку, на якой спалі маладыя, але такая традыцыя была не паўсюль", - распавядае Алёна Паўлава.

Калі дзяўчына прыходзіла ў хату да жаніха, першае, што яна рабіла, - падыходзіла да печы і прытулялася да яе. Калі печ была цёплая, гэта значыла, што жыццё ў новай хаце будзе добрае.

На другі дзень вяселле працягвалася ўжо ў хаце маладога. Тут таксама на стол падавалі каравай.

"Вельмі часта, напрыклад, на тэрыторыі Гомельшчыны, было два караваі, у нявесты ў форме сонца, у маладога – у форме месяца. А на віцебшчыне абодва былі круглыя", - распавядае Алёна Паўлава.

Суп з крадзеных курэй

На трэці дзень свята часта працягвалася, але звычайна ўжо толькі для моладзі. Было шмат гульняў і жартаў. У некаторых абласцях Беларусі гэты дзень называлі "Куры", таму што існавала традыцыя вараваць курэй у вёсцы, рабіць з іх суп і частаваць ім усіх.

У іншых мясцінах паслявясельны перыяд носіць назву "Пярэзвы". Моладзь, а часам і не толькі моладзь, пераапраналіся і хадзілі адзін да аднаго ў госці, наведвалі маладых.

 "Жаніх мог пераапрануцца ў нявесту, і наадварот, або бацькі пераапрануцца ў маладых", - распавядае Алёна Паўлава.

Нездарма назва свята мае той жа корань, што слова весялосць: на вяселлях усе сапраўды весяліліся, і гэта павінна было стаць пачаткам шчаслівага і гарманічнага жыцця.

Sputnik, 10 кастрычніка 2018


 

Кoличество переходов на страницу: 350