Агульнараспаўсюджаным ў Беларусі быў звычай, згодна з якім прасілі найперш рукі старэйшай дачкі, калі іх у сям'і было некалькі.
Размова часта вялася ў іншасказальнай форме («мы купцы, ці няма ў вас тавару», «ці няма у вас цялушкі - у нас ёсць добры бычок» і г. д.) . Бацькі нявесты, гледзячы па абставінах, згаджаліся або адмаўлялі сватам.
У выпадку згоды запрашалі ў хату дзяўчыну і пыталіся яе думку, тым самым давалі дачцэ хоць фармальнае права вырашаць свой лёс. Нявеста звычайна падпарадкоўвалася волі бацькоў і адказвала: «Як бацька і маці хочуць, то ўжо пайду». Сымвалам згоды і дамоўленасці было распіванне бутэлькі, якую прыносіў сват. Агульнапрынятым быу звычай насыпаць у гэту бутэльку зерне і абвязваць яе поясам, ручніком і інш.
Дзяўчына імкнулася схаваць корак ад бутэлькі і, пасля таго як сваты пакідалі хату, таўкла яго ў ступе, «каб хлопцы за яе біліся».
На Віцебшчыне сват падвязваўся саламяным скруткам, «каб лягчэй спутаць маладзенцаў». У выпадку удалага сватання ён вяртаўся і гэтым скруткам перавязваў жаніха, а ў выпадку адмаўлення разрываў і кідаў па дарозе. Таксама ў гэтым выпадку сваты забіралі свае падарункі і, пакідаючы згаданую нявесту, часта тут жа йшлі да іншай. Сват, разгневаны адмаўленнем, ідучы назад, мог разбіць бутэльку аб вароты, каб дзяўчына ніколі не выйшла замуж («засталася старой дзевай»).
Сват ухваляў жаніха і яго гаспадарку, каб вытаргаваць паболей пасагу: грошай, маёмасці, жывёлы і іншага. Пасля ўдалага сватання ён прасіў падарунак для жаніха - залог згоды. Ва многіх населеных пунктах Беларусі ў той жа дзень былі і запоіны (барыш), дзе прысутнічала невялікая колькасць гасцей.
Абавязковай стравай была яечня, прыгатаваная ў доме нявесты, зрэдку сыр. Здзяйсняліся і магічныя дзеянні, якія закліканы былі садзейнічаць трываласці будучага шлюбу (хросная маці нявесты біла па руках сватоў і прыгаворвала: «каб моцная была сям'я») . У іншых месцах запоіны адбываліся праз некалькі дзён пасля сватання.
3 моманту сватання для сем'яў жаніха і нявесты пачыналіся пастаянныя клопаты. У хуткім часе сваякі жаніха і нявесты запрашаліся на заручыны (змовіны, вялікія запоіны, лад), дзе ішла больш кэнкрэтная размова аб будучым вяселлі: тут ужо вызначаўся канчатковы дзень вяселля, прыкідвалі, колькі будзе гасцей і г. д. На заручынах нявеста рабіла першыя падарункі сваякам жаніха, а жаніх - нявесце. У гэты дзень да нявесты заходзілі яе сяброўкі і адкусвалі хлеб: «каб хутчэй за муж выйсці».
Калі жаніх і нявеста да гэтага не былі знаёмы, то кожная новая сустрэча, якая прадугледжвалася традыцыйным вясельным рытуалам, садзейнічала іх далейшаму знаёмству і збліжэнню: на заручынах часта маладых адводзілі ў камору, каб яны пабылі адзін на адзін. Зрэдку на гэту ўрачыстасць нявеста абавязана была запрасіць усіх жыхароў вёскі: яна з раніцы прыбіралася, ішла спачатку на могілкі клікаць сваіх продкаў на заручыны, а затым заходзіла ў кожны дом, кланялася і гаварыла: «Прашу бога і вас, прыдзіце на заручыны». 3 нявестай хадзіла яе лепшая сяброўка.
Часта на заручынах жаніх і нявеста абменьваліся меднымі пярсцёнкамі. Цікавы звычай быў зафіксаваны ў Мінскай вобласці: тут на заручынах прысутнічалі толькі жанчыны: сваячкі нявесты і жаніха, іх хросныя маці. Будучыя свякруха і нявестка абменьваліся падарункамі. Старэйшыя дамаўляліся пра вяселле. Пасля заручын адмаўленне ад вяселля адбывалася вельмі рэдка: гэта асуджалася грамадскай думкай, прыводзіла да варожасці дзвюх сем'яў, а таксама было звязана з матэрыяльнымі выдаткамі таго боку, які адмауляўся.
У гэты час хлопец і дзяўчына ў адпаведнасці з прынятымі звычаямі «развітваліся» з калектывам моладзі, а нявеста, акрамя таго, са сваімі сваякамі рыхтавала пасаг і падарункі.
У перадвясельны перыяд абавязкова аб будучым шлюбе апавяшчалі святара, які аб гэтым паведамляў на нядзельных службах (тры разы). Кожны чалавек, які прысутнічау у дадзены момант, мог выказаць сваё меркаванне, паведаміць якія-небудзь кампраметуючыя звесткі пра жаніха і нявесту, іх бацькоў. У такіх выпадках святар мог і забараніць шлюб.
Лічылася, што нявеста ў гэты перыяд вельмі схільна да ўздзеяння чараў. Каб засцерагчыся, яна павінна была, з'яуляючыся на людзях, насіць пад адзеннем полку нованароджанага або які-небудзь жалезны прадмет.
Важным абрадам перадвясельнага перыяду, які доўжыўся ад некалькіх тыдняў да некалькіх месяцаў, з'яўлялася развітанне нявесты са сваімі незамужнімі сяброўкамі: суборная субота (дзявочнік, вянкі, зборны вечар, паненскі вечар, дзявоцкія запоіны). Часцей за ўсё ён адбываўся ў суботу напярэдадні вяселля. Сяброўкі рыхтавалі вясельны галаўны ўбор нявесты - вянок, акрамя таго, - вяночак з кветак, упрыгожвалі вясельнае дрэўца (гільца, ёлку), падрыхтоўвалі кветкі для сваёй і маладога дружыны. Перад тым як прыступіць да працы, дзяўчаты абавязкова прасілі блаславення ў бацькоў нявесты. Асабліва ўважліва і адказна падыходзілі да віцця вянка, бо, па народным меркаванні, ад яго якасці залежаў будучы лёс нявесты. Дзяўчаты імкнуліся зрабіць вянок прыгожым, тугім, круглым.
Жаніх з сябрамі з'яуляўся звычайна падвячоркам і не ўваходзіў у хату, а спыняўся ў сенцах. Шафер перадаваў нявесце падарункі ад яго і толькі тады ўводзіў жаніха ў хату..
Дзяўчаты прышпільвалі яму да шапкі вянок з руты ці з папяровых кветак. Пасля гэтага жаніх павінен быў выкупіць нявесту ў яе сябровак, дзеля чаго даваў ім па некалькі капеек, і абысці з ёй вакол стала тры разы.
Забягаючы наперад, трэба адзначыць, што дадзенае абрадавае дзеянне паўтаралася на працягу вяселля некалькі разоў. Відавочна, хаджэнне вакол свяшчэннага месца было старажытнай язычніцкай формай заключэння шлюбу ва ўсходінх славян.
Увесь гэты вечар у хаце гучалі песні і музыка. Значна радзей сустракаўся аналагічны вечар (хлапечнік) у доме жаніха, калі да яго збіраліся халастыя сябры і гулялі ўсю ноч мужчынскай кампаніяй.
Перад пачаткам вяселля да жаніха і нявесты запрашаліся спецыяльныя вясельныя чыны, назвы і функцыі якіх вар'іраваліся на Беларусі ў залежнасці ад мясцовай традыцыі. Яны з'яуляліся асноўнымі выканаўцамі абрадавых дзеянняў, былі надзелены асобнымі паўнамоцтвамі. Старшы сват (дружко - часцей за ўсё хросны бацька) кіраваў усім ходам вяселля, старшая свацця (хросная маці) выконвала асноўныя рытуальныя дзеянні пры выпечцы каравая, завіванні маладой, прыгатаванні пасцелі ў першую шлюбную ноч. Далей ішлі шаферы й шаферкі (нежанатыя хлопцы і незамужнія дзяўчаты), сярод якіх выбіраліся старшыя шафер і шаферка, што ўвесь час знаходзіліся пры маладых, як бы ахоўвалі іх.
Кoличество переходов на страницу: 2196
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |