https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Канчаткі назоўнікаў у родным склоне


Тэма – родны склон назоўнікаў другога скланення

Скланенне ў беларускай мове досыць простае, пакуль гаворка не ідзе пра родны склон назоўнікаў другога скланення, якіх, да таго ж, у мове вельмі шмат, і яны часта ўжываюцца. Пытанне, які канчатак маюць гэтыя назоўнікі, –а/-я або –у/-ю, часам заводзіць у тупік нават спрактыкаваных лінгвістаў, але мы з вамі паспрабуем разабрацца і раскласці ўсё па палічках. На наша шчасце, навукоўцы ўжо даўно прыдумалі, як вызначыць, які канчатак мае назоўнік другога скланення ў родным склоне. Дастаткова памятаць, што гэты назоўнік абазначае.

А я пішу гэтыя словы з –а, —я

Каб лепей запомніць, паспрабуем, як раіў знакаміты сышчык Шэрлак Холмс, пабудаваць палац памяці. Карацей кажучы – давайце напішам гісторыю.

Прасцей за ўсё запомніць, што канчатак –а або –я маюць словы, якія называюць асоб і іншых жывых (ці не вельмі) істот: вучань, кот, мярцвяк, чорт – вучня, ката, мерцвяка, чорта. Лёгка запомніць, што і часткі цела гэтых істот будуць мець канчатак –а/-я: рот, хвост, рог – рота, хваста, рога. Адзінае выключэнне – слова твар, якое ў родным склоне мае канчатак –у (твару).

Уявім сабе нешта, напрыклад, чорта без хваста (нам ужо яго шкада, а вам?) і рушым далей.

Другая вялікая група аб'ядноўвае канкрэтныя прадметы, якія мы можам падлічыць: яблык, дом, стол – яблыка, дома, стала.

Так, наш чорт без хваста выйшаў з дома. Куды ж ён накіраваўся?

Назвы грамадскіх устаноў, прадпрыемстваў, арганізацый, а таксама вайсковых падраздзяленняў таксама маюць канчаткі —а/-я: калгас, шпіталь, завод, батальён – калгаса, шпіталя, завода, батальёна.

Уявім сябе, што ў чорта без хваста, які выйшаў з дома, толькі адна мэта – гэты хвост вярнуць, а тут не абысціся без шпіталя. І вось ён ідзе, небарака, дарэчы, дзе ён знаходзіцца?

Геаграфічныя назвы і назвы мясцовасцяў, а таксама астранамічныя назвы складаюць наступную групу.

Няхай наш чорт ідзе па вуліцы горада Мінска. Колькі ж яму ісці да шпіталя?

Адзінкі вымярэнняў, такіх як час, меры вагі, грашовыя адзінкі і адлегласці, таксама маюць канчаткі –а/-я: год, кілаграм, рубель, кіламетр – года, кілаграма, рубля, кіламетра.

Злітуемся над нашым чортам, няхай да шпіталя будзе каля кіламетра. І вось, нарэшце, чорту прышылі хвост, і ён на радасцях пайшоў у скокі.

Запомнім, што назвы танцаў, а таксама гульняў і спартыўнага інвентару, які пры гульнях патрэбны, у родным склоне заканчваюцца таксама на –а/-я: вальс, тэніс, мяч – вальса, тэніса, мяча.

А мы з вамі, ужо сапраўдныя навукоўцы, усё гэта бачылі і занатавалі, а таксама запомнілі яшчэ, што навуковыя тэрміны і назвы геаметрычных фігур падпадаюць пад гэта правіла: дзейнік, куб – дзейніка, куба.

Адна абстракцыя

Калі вам спадабалася такая гульня, працягнем яе для наступнага шэрага назоўнікаў – ужо тых, што маюць у родным склоне канчаткі –у/-ю. Тут задача не знарок ускладніцца, бо гэта ў асноўным абстрактныя паняцці, зборныя прадметы або рэчывы. І ўсё ж такі паспрабуем.

Уявіце сабе карціну: вы толькі што выйшлі з залатога восеньскага лесу і перад вамі – шырокі луг.

Менавіта такія назоўнікі, якія абазначаюць зборныя прадметы, то бок такія, у якіх шмат частак, якія нам лянота лічыць, а таксама словы, якія называюць прастору, маюць у родным склоне канчаткі –у/-ю: лес, натоўп, луг, край – лесу, натоўпу, лугу, краю.

Але ўважліва са словам край! Калі не маецца на ўвазе край мой родны, край прыгожы, а празаічная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка, яна будзе мець канчатак –я (края). Таксама калі вам захацелася ўтварыць слова з суфіксам –к-, то бок з памяньшальным значэннем, і ласкава назваць лес ляском, ён будзе мець таксама канчатак —а (ляска).

Вось выйшлі вы з лесу, глядзіце на луг і думаеце: толькі не хапала дажджу.

Напэўна, вы ўжо здагадаліся, на што мы намякаем: розныя прыродныя з'явы, напрыклад, град, вецер, снег – граду, ветру, снегу.

На наша шчасце, непадалёк домік паляўнічага, у якім можна схавацца ад дажджу. Гасцінны гаспадар заве вас сесці за стол і прапануе вам кубачак чаю. Возьмем кубак і звернем увагу на яго і на гэты стол: ён вельмі цёмны, напэўна, зроблены з дубу.

Запомнім, што матэрыялы, з якіх робяцца розныя прадметы, маюць канчаткі –у/-ю: стол з дубу, комін з каменю, так жа сама, як і рэчывы: кубак з алюмінію, падмурак дома з цэменту.

Вы выпілі гарачага чаю, і вас пачынае хіліць на сон.

Кажуць, у сне чалавек разкладвае па палічках інфармацыю, якую атрымаў за дзень, таму хуценька дададзім: розныя адчуванні, стан чалавека, яго дзеянні, нейкія працэсы – увогуле, абстрактныя паняцці – будуць мець канчаткі –у/ю: сон, смех, час – сну, смеху, часу.

Агонь у коміне, утульнае крэсла, дождж за акном і восеньскі лістапад – самы час пісаць вершы ў духе эпохі рамантызму.

Так, эпохі, вучэнні, аб'яднанні і сацыяльныя і палітычныя плыні таксама заканчваюцца на –у/-ю: камунізм, крэацыянізм, класіцызм – камунізму, крэацыянізму, класіцызму.

О не. Выключэнні

Так, на жаль, у гэтым правіле так шмат выключэнняў, што пералічыць іх усе нават няма магчымасці – ды і наўрад ці ўсе запомняцца. Таму – самыя галоўныя:

слова дом мае канчатак —а, калі маецца на ўваце месца ў прасторы: я стаю каля дома, выйшаў з дома. Але калі вы пайшлі з родных мясцін, правільна будзе казаць: выйсці з дому;
калі вы зварылі яйка, у ім будзе некаторая колькасць бялка і бялку – у значэнні "хімічнае рэчыва"; 
калі вам не хапае курса па беларускай мове, магчыма, курсу ў гэтым напрамку трэба прытрымлівацца;
калі вы не разумееце ў гэтым артыкуле ніводнага знака – не трэба чакаць знаку звыш (трэба ісці на курсы па беларускай мове);

І гэтак далей…

Sputnik, 1 кастрычніка 2018


 

Кoличество переходов на страницу: 1097