Сёння наша тэма – скланенне лічэбнікаў і іх спалучэнне з назоўнікамі.
Калі нам трэба нешта палічыць: яблыкі, вучняў ці зарплату – мы карыстаемся лічэбнікамі. Лічэбнікі падзяляюцца на парадкавыя і колькасныя, якія, у сваю чаргу, бываюць зборныя і дробавыя.
Па структуры мы вылучаем простыя (адзін, два), складаныя (адзінаццаць, дванаццаць) і састаўныя (дваццаць адзін, дваццаць два) лічэбнікі.
Зразумела, што вельмі проста напісаць лічэбнікі лічбамі, але часта (і не толькі ў школе!) бываюць сітуацыі, калі лічэбнік трэба запісаць літарамі, ды яшчэ і праскланяць ды спалучыць з назоўнікам.
Адзін, два, тры, чатыры
Лічэбнікі адзін і два маюць род, а адзін — яшчэ і лік. Множны лік лічэбніка адзін – адны – можа спалучацца толькі з назоўнікамі, якія заўсёды маюць форму множнага ліку: штаны, акуляры, нажніцы.
У лічэбніка два дзве формы – мужчынскага і ніякага роду з асновай на цвёрды зычны (два — двух) і жаночага, з асновай на мяккі зычны (дзве — дзвюх).
Два, тры, чатыры: гэтыя колькасныя лічэбнікі трэба завучыць, як лічылку, і запомніць, што калі яны спалучаюцца з назоўнікам у назоўным склоне множнага ліку, ён не змяняецца, то бок мае канчатак –і (-ы), напрыклад: два сталы, тры вучні, чатыры сшыткі.
У творным склоне тыя ж лічэбнікі, а таксама ўтвораны ад іх "абодва/абедзве" маюць канчатак –а: (або)двума/(абе)дзвюма, трыма, чатырма.
Пяць, шэсць, сем, восем
Калі літара "ц" у лічэбніку апынулася ў творным склоне паміж дзвюма галоснымі, яна падаўжаецца: пяццю, дваццаццю. Калі ж перад ёй ёсць зычны, падваення не адбываецца: шасцю. Лічэбнікі сем, восем у творным склоне пішуцца разам: сямю, васьмю. У лічэбніках, утвораных ад іх, адбываецца яканне: сямнаццаць, васямнаццаць.
Складаныя і састаўныя лічэбнікі
У складаных лічэбніках скланяюцца абедзве часткі, якія і далей пішуцца злітна: восемдзесят – васьмідзесяці, васьмюдзесяццю і г. д.; трыста – трохсот, трымастамі і г. д. Трэба заўважыць, што лічэбнік дзевяноста мае ва ўсіх склонах адну форму, як і слова паўтара/паўтары.
У састаўных лічэбнікаў скланяецца таксама кожная частка: тысячай сямюстамі васьмюдзесяццю сямю.
Хто вінаваты? Напэўна, гэтыя двое з паловай
Са зборнымі лічэбнікамі, здаецца, справа значна прасцей: варта запомніць, што яны скланяюцца гэтак жа, як прыметнікі множнага ліку (двое – дваіх, дваім, дваімі, пра дваіх).
У дробавых лічэбніках першая частка будзе скланяцца як колькасны лічэбнік, а другая – як парадкавы: сем восьмых, сямі восьмых, сямі восьмым. Калі ў складзе дробавага лічэбніка лічбы два, тры, чатыры, другая іх частка будзе стаяць у назоўным склоне: дзве пятыя, тры сёмыя.
Разлічыцца па парадку
Парадкавыя лічэбнікі, як простыя, так і складаныя, скланяюцца так жа, як прыметнікі з адпаведнай асновай (пяты, пятага, пятаму і г. д.). У састаўных лічэбніках змяняцца будзе толькі апошняя слова: у тысяча сямсот семдзесят другім годзе (адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай, дарэчы). І не забываемся на яканне (сямсот).
Калі парадкавы лічэбнік заканчваецца на —дзясяты, —соты, — тысячны, —мільённы, —мільярдны, уся гэта канструкцыя пішацца злітна (паспрабуем): сямідзесяцідзевяцітысячны.
На якім годзе жыцця памёр Якуб Колас?
Правільны адказ – на семдзесят трэцім (а мог бы жыць яшчэ і жыць). Але мы можам запісаць і так: на 73-м. Гэта ўсё таму, што парадкавыя лічэбнікі часам запісваюцца лічбамі ў спалучэнні з канчаткам (або састаўной часткай —тысячны і г.д.), напрыклад: сёння 24-е верасня, 2-тысячны раз ужо я чытаю гэты тэкст і ўсё ніяк не запомню.
Кoличество переходов на страницу: 1072
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |