https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Як мы размаўлялі па-беларуску


Днямі творчы дэсант Выдавецкага дома «Звязда» накіраваўся ў Гомель. Толькі гэтым разам не дзеля таго, каб сустрэцца з героямі будучых публікацый, завітаць на пэўнае прадпрыемства або наведаць цікавую імпрэзу. Мы прыехалі, каб... размаўляць па-беларуску.

«Дык чаму ж адразу ў Гомель? Няўжо ў сталіцы з гэтым праблемы?» — спытае цікаўны чытач. Вядома ж, ніякіх праблем і абмежаванняў! Для нас, журналістаў беларускамоўных выданняў, родная мова — галоўны інструмент нашай дзейнасці. Ды і па-за межамі рэдакцыі беларускае слова заўсёды з намі.

А ў Гомель прыехалі невыпадкова. Менавіта тут, у горадзе над Сожам, здымаюць тэлевіктарыну «Размаўляем па-беларуску», якую можна ўбачыць кожную суботу ў эфіры тэлеканала «Беларусь 3».

Нагадаем, па правілах гульні, спаборнічаюць дзве каманды. У кожнай — па тры чалавекі. На працягу некалькіх этапаў тэлевіктарыны гульцы дэманструюць сваё веданне роднай мовы і культуры, а разам з тым набіраюць балы — у выніку вызначаецца пераможца.

Пазнаёмімся

Гэтым разам арганізатары «сутыкнулі лбамі» адзін калектыў. Першую каманду прадставілі супрацоўнікі газеты «Звязда»: Ірына Асташкевіч, Ілья Крыжэвіч і аўтар гэтых радкоў. Мы доўга не мудрылі і ахрысцілі сябе «Звяздоўцамі» — так спрадвеку называюць супрацоўнікаў газеты ў журналісцкай супольнасці, ды і самім такая назва даспадобы. Нашы сапернікі сваёй камандзе далі назву «Палымяныя вожыкі».

— Я прадстаўляю калектыў часопіса «Полымя», Ганна Кіслушчанка працуе ў «Вожыку», а Каця Захарэвіч — з «Маладосці». Таму і назвалі каманду «Палымянымі вожыкамі». Тое, што мы маладыя, і так відавочна, — абгрунтавала сваё рашэнне капітан каманды, намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Полымя» Алена Мальчэўская. Капітанам жа нашай каманды абралі мяне.

За кулісамі...

У тэлестудыю мы прыехалі загадзя. І не дзеля таго, каб папіць гарбаты, якую нам адразу ж прапанавалі ветлівыя супрацоўнікі тэлебачання. Вядома, пасля пяцігадзіннай паездкі ў цягніку гэта было не лішнім. Праўда, для тых, каму ў гэты час не накладвалі грым — такія правілы тэлевізійных здымак.

Адзін за адным мы апускаліся ў крэсла перад люстэркам, і чараўніца Галіна рабіла з нас прыгажуняў і прыгажуноў — на гэтым месцы пабываў і наш адзіны юнак Ілья. Ён сарамліва назіраў за тым, як касметычны пэндзаль распыляў па ягоным твары пудру, а грэбень прыводзіў у прыстойны выгляд непрычэсаныя пасля цягніка валасы. Нам жа, дзяўчатам, сядзець перад люстэркам было звыкла і даволі прыемна: гэтым разам мы проста адпачывалі.

З тэлевядучай — Аленай Трацэнкай — мы сустрэліся ў грымёрнай. Яна прыйшла загадзя, з кожным з нас пазнаёмілася і настроіла на добрую гульню. Зайшла сюды і галоўны рэжысёр. Вікторыя Дубавец расказала, як будзе адбывацца здымачны працэс і дала нам некаторыя рэкамендацыі.

Рыхтуемся

Нарэшце, мы на здымачнай пляцоўцы. Утульны пакойчык сустрэў нас яркім святлом пражэктараў і вельмі добразычлівай атмасферай. Адразу адчулася, што над праграмай працуе адна каманда. Мы вызначыліся, хто дзе будзе стаяць, і занялі свае месцы. Гукарэжысёр Алена Цяленчанка прычапіла да нашага адзення незаўважныя для гледача мікрафончыкі і пачала правяраць гук. Вядучая сходу задала некалькі пытанняў, каб мы на практыцы зразумелі, калі трэба націскаць кнопку і ў якім парадку адказваць.

Пакуль рэпеціравалі, у студыю завітаў Святаслаў Крупенька — выкладчык беларускай мовы і літаратуры, мовазнаўца. Эксперт праграмы не заўсёды прысутнічае падчас здымак, але гэтым разам адклаў усе свае справы і прыехаў — вельмі ж карцела яму пазнаёміцца з журналістамі. І нам было прыемна, што мелі магчымасць асабіста пагутарыць з лінгвістам.

Увага! Камера

Музычная застаўка тэлевіктарыны, якую мы ўсе ўбачылі на экранах у студыі, сведчыла аб тым, што здымкі пачаліся. Алена Трацэнка адкрыла чарговую перадачу і прадставіла кожнага з нас. Капітаны, у сваю чаргу, патлумачылі, чаму так, а не інакш, называюцца каманды.

Пачаўся першы этап тэлевіктарыны — «Прыгадваем». На экране адна за адной з'яўляліся карцінкі са схемай слова. Адкрытая ў ёй літара спрашчала нам і без таго нескладаную задачу — назваць слова па-беларуску. Для нас, людзей, якія штодзень размаўляюць на роднай мове, гэта было вельмі проста. Але тут усё вырашалі не веды, а рэакцыя: хто хутчэй націсне кнопку, той і адказвае. Нягледзячы на тое, што «за штурвалам» знаходзіліся капітаны, магчымасць агучыць правільны варыянт мелі ўсе ўдзельнікі камандаў.

У другім раўндзе, які называўся «Перакладаем», на загадкавыя кнопкі панаціскалі ўсе гульцы. Кожнай пары з супрацьлеглых камандаў для перакладу з рускай мовы прапаноўваліся словы, словазлучэнні і сказы. З гэтым справіліся бездакорна, толькі зноў жа ўсё вырашыла кнопка: хто хутчэй націсне — той і адказвае. Нават удакладненні і варыяцыі прапанаваных для перакладу моўных адзінак не дапамагалі зарабіць балы камандзе, якая не паспявала націснуць кнопку.

А вось у трэцім туры ад гэтай пластыкавай паненкі нічога не залежала. Кожная каманда па чарзе павінна была растлумачыць сэнс беларускіх слоў — у асноўным рэдка ўжывальных. З трох варыянтаў, якія агучвала моладзь, трэба было выбраць адзін. Некаторыя словы мы чулі ўпершыню, таму даводзілася фантазіраваць. Пасмяяліся ўволю!

Больш упэўнена сябе адчувалі ў наступным конкурсе. Кожнай з камандаў быў прапанаваны фразеалагізм. За дзве хвіліны трэба было патлумачыць сэнс устойлівай адзінкі, знайсці яе рускамоўны ці беларускамоўны адпаведнік і скласці з першапачатковым фразеалагізмам сказ. Вось тут і паказалі свае веды!

Самым складаным этапам тэлевіктарыны быў апошні — «Цытуем». Кожнай з камандаў трэба было прадоўжыць радок з музычнага твора, агучыць яго назву і пажадана — аўтара слоў і музыкі.

Абавязкова называць выканаўцаў не патрабавалася: гэта было і так відавочна (трансліравалася відэа). Камандзе «Звяздоўцы» трапілася песня з рэпертуару гурта «Чараўніцы», «Палымяным вожыкам» выпалі «Песняры». Шчыра прызнацца, не так і проста было прадоўжыць гэтыя радкі. Мы, у асноўным дзеці дзевяностых, выраслі на іншых музычных творах. Таму ў гэтым конкурсе выручалі старэйшыя калегі.

А вось з літаратурнымі творамі было прасцей — можна нават сказаць, пашанцавала. «Звяздоўцам» трапіўся верш Янкі Купалы «Явар і каліна», «Палымяным вожыкам» — «Беларуская мова» Пімена Панчанкі. І той, і іншы верш — школьная праграма. Але, прызнацца, напружыць свае звіліны давялося.

Вынікуем

Пакуль рэдактары падводзілі вынікі гульні, нам падарылі кнігі беларускіх класікаў. «Прыехалі недарэмна», — сказаў нехта з нас. Вынікі гульні мы ўбачылі на экранах. Пальма першынства дасталася «Палымяным вожыкам». Праўда, перамаглі з невялікай перавагай. А, калі ўлічваць, што мы адзін калектыў, прайграўшых гэтым разам увогуле не было.

Напрыканцы

Мы зноў у грымёрцы. Вядучая дзеліцца ўражаннямі ад гульні журналістаў. Мы абмяркоўваем некаторыя моманты тэлевіктарыны. Станіслаў Крупенька ў асноўным хваліць гульцоў і чытае ўслых свае вершы — ён яшчэ і выдатны пісьменнік!

Вельмі ўтульная атмасфера і цікавыя людзі. Развітвацца не хочацца. Але ў нас цягнік. Алена Трацэнка жадае нам добрай дарогі і запрашае згуляць яшчэ раз. А мы не адмаўляемся. З задавальненнем прыедзем яшчэ!
***   ***   ***

Цягнік імчыць на сталіцу. Кожны думае аб сваім. Я лаўлю сябе на тым, што падчас гульні ўсё было даволі проста. Але так думаецца тут, у цягніку, ці дома, перад экранам тэлевізара. А калі ж ты стаіш за гэтай трыбунай, то не так і лёгка. Дзіўна, але правільныя думкі прыходзяць да цябе несвоечасова. Магчыма, хваляванне...

Упэўнімся ў гэтым, калі паглядзім на сябе збоку. Такая магчымасць з'явіцца толькі 7 мая — здымкі тэлевіктарыны былі прымеркаваны да Дня друку, які адзначаецца 5 мая. Такім чынам, уключыўшы тэлеканал «Беларусь 3», вы можаце бліжэй пазнаёміцца са сваімі аўтарамі.

kanyuta@zvіazda.by
г. Гомель
zviazda.by, 11 сакавіка 2016


 

Кoличество переходов на страницу: 568