https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларуская мова як сродак татарскага Адраджэння


Татарскі фактар набыў вядомасць у нашым грамадстве, дзякуючы распачатаму на мяжы ХХ–ХХІ стагоддзяў магутнаму руху беларусаў і ўсіх этнічных супольнасцяў краіны за нацыянальна-культурнае адраджэнне.

Беларусы па ступені зрусіфікаванасці займалі першае месца сярод карэннага насельніцтва ўсіх саюзных рэспублік СССР. Лёгка зразумець, чаму з яго развалам не адарваная ад роднай глебы частка беларусаў актыўна ўключылася ў нялёгкае змаганне за выратаванне свайго народа ад рэальнага для яго этнічнага вымірання.

Канцэнтрацыя ўвагі беларускіх адраджэнцаў на ўласных праблемах не спрычынілася да іх абыякавага стаўлення да таго, як ідуць справы з гэтым у польскай, украінскай, яўрэйскай, татарскай, літоўскай і іншых этнічных супольнасцяў рэспублікі. Найбольшую зацікаўленасць выклікала татарская, бо ў яе адзінай, акрамя ўласнага канфесійнага, этнакультурнага жыцця, прысутнічала і штосьці з беларускага. І гэтым «штосьці» (не ўсе павераць!) была беларуская мова. Цалкам свядомы зварот татарскіх адраджэнцаў да беларускай мовы тлумачыўся яе выключнай роляй у жыцці гэтай этнічнай групы, у тым ліку і ў рэлігійным. Мова ўжо з ХІV стагоддзя стала для яе асноўным сродкам камунікатыўных зносін. А вось у жыццё літоўскай, украінскай, польскай, рускай супольнасцяў нашага краю беларуская мова так глыбока і так арганічна не пранікла.

Многія ведаюць, што ідэолагі і арганізатары татарскага рэлігійнага і этнакультурнага адраджэння мяжы ХХ–ХХІ стагоддзяў былі актыўнымі і свядомымі носьбітамі беларускай мовы. Айша і Разалія Александровічы, Ібрагім Канапацкі, Абу-Бекір Шабановіч беларускую мову зрабілі найбольш ужывальнай у розных сферах духоўна-асветніцкай дзейнасці. 

Менавіта на беларускай мове з 1991 года пачалі выдаваць штоквартальнік «Байрам. Татары на зямлі беларускай». Заўважу, у савецкай даваеннай і пасляваеннай Беларусі спецыяльна для татараў не было выдадзена аніводнага інфармацыйнага лістка, не кажучы ўжо пра часопіс ці брашурку. У першыя гады выдання «Байрама» рускамоўныя артыкулы (іх аўтары пераважна асобы небеларускай і нетатарскай нацыянальнасцяў, ураджэнцы іншых дзяржаў) у ім з’яўляліся вялікай рэдкасцю. Такое адбылося пазней, калі ў адпаведнасці з вынікамі лістападаўскага рэферэндуму 1996 года статус дзяржаўнай мовы ў Беларусі надалі і рускай.

У справе татарскага адраджэння надзвычай вялікую ролю адыгралі міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі, дзе напачатку прыярытэтная роля таксама належала беларускай мове. Першая такая канферэнцыя адбылася ў сакавіку 1993 года і была прысвечаная праблеме «Татары-мусульмане на землях Беларусі, Літвы і Польшчы». Выдадзеныя па ёй матэрыялы прыцягнулі ўвагу вялікай колькасці чытачоў, прычым і нетатарскай нацыянальнасці. На беларускай мове нашы суайчыннікі-татары разам з тымі, каго цікавіць гэтая супольнасць, пазнаёміліся з кнігай Станіслава Думіна (маскоўскі аўтар) і Ібрагіма Канапацкага «Беларускія татары. Мінулае і сучаснасць». 

Да гэтага падобнага не з’яўлялася ў нас у друку. Наклад кнігі склаў 2000 асобнікаў, і яна не магла не выклікаць заканамернага жадання даведацца, а што ж карыснага зрабілі татары для сваёй другой радзімы, якую па ўсёй справядлівасці многія ўжо лічылі не другой, а першай. Тое, што літоўскія (беларускія) татары самаахвярна баранілі Вялікае Княства Літоўскае ад крыжакоў, а калі таго вымагала сітуацыя, дык і ад замахаў з боку Масквы, у многіх перадавалася з пакалення ў пакаленне.

Але ж татары ўдзельнічалі не толькі ў вайсковых паходах, а займаліся і мірнай працай, прычым у сферы духоўнай дзейнасці, што высока каштуе ў любым грамадстве. У такой сферы праславілі сябе многія татары Беларусі, пра якіх нельга было не згадаць у насычаны падзеямі час канфесійнага і этнакультурнага адраджэння гэтай супольнасці.

І пачалі ладзіць падобнага роду культурна-асветніцкія мерапрыемствы з успамінаў пра добра вядомага і тады, і сёння пісьменніка, літаратуразнаўца, крытыка татарына з Капыля Сцяпана Александровіча. Лёс не даў дажыць яму да пачатку нацыянальнага адраджэння — памёр у 1986 годзе. Але сваімі літаратурнымі творамі ён добра паспрыяў адраджэнскаму працэсу і беларусаў, і татараў, пра што заўсёды згадвалася на канферэнцыях, круглых сталах, прысвечаных памяці гэтай слыннай асобы нашай зямлі.

Падчас правядзення такіх мерапрыемстваў з дакладамі выступалі і беларусы, і татары, што яшчэ больш збліжала іх, вучыла самых старажытных перасяленцаў у наш край шанаваць свае культурна-моўныя традыцыі. Усё гэта, паводле слоў галоўнага татарскага ідэолага Ібрагіма Канапацкага, было добра вядома і ўхвалялася высокаэрудзіраваным турэцкім паслом у Рэспубліцы Беларусь паняй Шуле Сойсал.

Як бачым, Мінск у канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў адыгрываў выключна важную ролю ў нацыянальным адраджэнні беларускіх татараў. Але сапраўдным цэнтрам іх канфесійнага жыцця стаць не мог — з прычыны адсутнасці мячэці, якую разбурылі ў 1962 годзе. І вось у 1990-я было вырашана ўзводзіць саборную мячэць у Мінску. Спробы развязаць гэтую архіскладаную не толькі ў архітэктурным, але і ў фінансавым плане праблему за кошт людскіх ахвяраванняў не давалі жаданых вынікаў. Не хапала і атрыманых ад арабскіх краін сродкаў. Кропку над «і» паставіла Турцыя, з рэлігійнымі структурамі якой у беларускіх мусульман даўнія і цесныя кантакты.

Афіцыйнае адкрыццё Мінскай Саборнай мячэці адбылося 11 лістапада 2016 года. З гэтай нагоды ладзіліся рознага роду мерапрыемствы рэлігійнага і культурна-асветніцкага характару.

Думаецца, што адкрыццю мячэці надало б яшчэ больш урачыстасці, саборнасці, каб на гэтым мерапрыемстве мелі магчымасць выказаць сваё стаўленне — не сумняваюся, цалкам пазітыўнае — кіраўнікі распаўсюджаных у нас хрысціянскіх канфесій. З вялікай цеплынёй, радасцю гэтае ўнікальнае свята маглі б прывітаць вядомыя ў краіне мастацкія калектывы. Мала, вельмі мала, прысутнічала на ўрачыстасцях тых, для каго менавіта і будавалася мячэць. Пажаданым быў бы прыезд у гэты дзень у Мінск прадстаўнікоў ад розных гарадскіх татарскіх абшчын.

Так і хочацца звярнуцца да кіраўніцтва Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі з прапановай праз год-два наладзіць нешта падобнае, зрабіўшы мерапрыемства па-сапраўднаму масавым, саборным, святочным, як гэта мела месца ў 2002 годзе, калі завяршылі капітальнае аднаўленне Лоўчыцкай мячэці ў Наваградскім раёне.

Лагічна асноўныя функцыі па тэатралізацыі мерапрыемстваў з такой нагоды павінна ўзяць на сябе Упраўленне культуры Мінгарвыканкама, бо яны будуць насіць не толькі рэлігійны, але і свецкі характар. Да таго ж і кіраўніцтва мячэці не ставіць за мэту абмяжоўвацца выкананнем толькі канфесійных абавязкаў. Гэты адзін з самых выдатных у Еўропе мусульманскіх храмаў ужо і сёння з’яўляецца месцам правядзення культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў, што толькі ўзбагачае, робіць больш размаітым духоўнае жыццё беларускай сталіцы.

Усяму, што сказана вышэй, павінна папярэднічаць навуковая канферэнцыя на тэму: «Татары Мінска: гісторыя, сучаснасць, перспектывы». Удзельнічаць у ёй ёсць каму, і асабліва сярод навукоўцаў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Масавая эміграцыя арабаў у Еўропу, учыненыя імі шматлікія тэракты, натуральна, выклікалі і выклікаюць у многіх адмоўнае стаўленне да мусульман увогуле. У Беларусі такое не назіраецца і, думаецца, галоўным чынам, дзякуючы міралюбным дачыненням паміж яе тытульным народам і спакон вякоў традыцыйнымі, справядліва будзе сказаць і карэннымі, для гэтай зямлі мясцовымі татарамі. Я больш чым упэўнены, што, зыходзячы з досведу стагоддзяў, мусульманскае набажэнства, уся культурна-асветніцкая дзейнасць прадстаўнікоў гэтай канфесіі будуць ладзіцца ў нас з улікам не толькі татарскіх, але і нацыянальных беларускіх культурна-моўных традыцый.

Беларускі народ, будзем верыць, знойдзе ў сябе моц пераадолець навязаную яму русіфікацыю і адстаіць сваю нацыянальна-культурную ідэнтычнасць. Усе этнічныя супольнасці Рэспублікі Беларусь, у іх ліку і татарская, толькі выйграюць, калі, клапоцячыся пра свае культурна-моўныя інтарэсы, не будуць забывацца і пра інтарэсы яе народа. Ён ніколі не запярэчыць, калі беларускія татары памкнуцца да масавага авалодвання адной з найбольш прымальнай для іх цюркскай мовы, калі будуць ладзіць на ёй набажэнства, навучаць сваіх дзяцей, карыстацца ў якасці сродку камунікатыўных зносін. Думаецца, не будзе асаблівых праблем і з перайменаваннем прылеглай да Мінскай Саборнай мячэці вуліцы Грыбаедава, каб яна насіла імя каго-небудзь са славутых беларускіх татараў.

Леанід Лыч, доктар гістарычных навук
Новы Час, 7 кастрычника 2018


 

Кoличество переходов на страницу: 520