Сёння наша тэма – прыназоўнік.
Прыназоўнік – гэта службовая часціна мовы, якая заўсёды залежыць ад назоўнікаў, займеннікаў і іншых слоў у словазлучэнні, прыназоўнікі не з'яўляюцца членамі сказа.
Прыназоўнікі падзяляюцца на два тыпы па спосабу ўтварэння: невытворныя і вытворныя, а па будове — на тры: простыя, складаныя і састаўныя.
Невытворныя прыназоўнікі — гэта тыя, у якіх мы не можам прасачыць сувязь са словамі, ад якіх яны калісьці ўтварыліся: а, ад, да, па, у і гэтак далей. Па будове яны з'яўляюцца простымі.
У вытворных мы можам лёгка вызначыць часціну мовы, ад якой утварыўся прыназоўнік: назоўнік (на чале, у адпаведнасці), прыметнік (згодна з), прыслоўе (услед, абапал), дзеепрыслоўе (нягледзячы, дзякуючы) і гэтак далей.
Складаныя прыназоўнікі ўтвараюцца са спалучэння двух слоў: па-над, з-пад, з-за і іншыя.
Састаўныя прыназоўнікі складаюцца з двух або некалькіх слоў: у адпаведнасці з, нягледзячы на.
Некаторыя прыназоўнікі маюць раўнапраўныя варыянты ўжывання: каля/ля, апрача/апроч, ці абумоўленыя кантэкстам: з/са (перад спалучэннем зычных, першы з якіх "з, с, ж, м, ш"), у/ва (перад "у" і "ў") і гэтак далей.
Некаторыя прыназоўнікі могуць замяняць адзін аднаго без страты сэнсу выказвання:
Пра (каго? што?) / аб (кім? чым?) – "аб" звычайна выкарыстоўваецца ў афіцыйных дакументах, законах.
Для (каго? чаго?) / дзеля (каго? чаго?) – амаль заўсёды, акрамя выпадкаў, калі "дзеля" адпавядае рускаму "из-за".
Найбольшую складанасць, аднак, выклікае ўжыванне прыназоўнікаў у спалучэнні з назоўнікамі ў правільным склоне. Некаторыя з іх ужываюцца толькі з адным склонам, а іншыя – з двума і нават трыма. Паспрабуем разабрацца ў самых частых памылках пры ўжыванні прыназоўнікаў.
Абазначэнне часу
Калі мы хочам сказаць, які зараз час, можна карыстацца прыназоўнікамі "ў" і "а", але варта памятаць, што, калі на гадзінніку, напрыклад, 17:15, трэба казаць "у сямнаццаць пятнаццаць" або "ў пятнаццаць хвілін на шостую" і ніяк інакш, а калі хочаце назначыць сустрэчу роўна на 17:00 або на 17:30, можна ўжыць спалучэнне "а пятай гадзіне", "у пяць" або "а палове шостай", "у палову шостай".
"Праз", "цераз" або "з-за"?
Трэба памятаць, што хоць часта прыназоўнікі "цераз" і "праз" з'яўляюцца сінонімамі, калі мы маем на ўвазе праход унутры чагосьці, напрыклад, дзверы, арка, брама і гэтак далей, варта ўжываць прыназоўнік "праз". Але калі вы захацелі пераскочыць перашкоду, адпаведна, скакаць будзеце цераз зачыненую браму або цераз плот.
Прыназоўнік "праз" таксама можа ўжывацца, калі хочацца сказаць пра прычыну, як і прыназоўнік "з-за": я не паехаў з-за/праз цябе.
Каварны прыназоўнік "з"
Насамрэч, каварны не сам прыназоўнік, а ўплыў рускай мовы, які ў кантэксце, што адрозніваецца ад звыклага "разам з", падсоўвае нам прыназоўнікі "над" і "на", не ўласцівыя для асобных спалучэнняў. Так, па-беларуску можна толькі кпіць, здзеквацца або смяяцца з кагосьці (хоць гэта і не вельмі прыгожа), а таксама ажаніцца з кімсьці.
"Па", "за" або "ў"?
Дапусцім, у нас ёсць умоўны хлопец. Прычэпім да яго ўсе тры прыназоўнікі па чарзе і паглядзім, што атрымаецца. Калі вы пайшлі па хлопца, гэта значыць, што яго з вамі няма і вы спадзяецеся яго адшукаць. Калі за хлопцам – то вы яго бачыце перад сабой і накіроўваецеся ўслед (спадзяемся, ён не супраць). А калі ў – бадай, гэта ваш бацька, і вы да яго вельмі падобныя.
Дарэчы, калі вы пайшлі за хлопцам у лес (што варта рабіць толькі тады, калі гэта добра знаёмы вам хлопец) і вырашылі назбіраць грыбоў або ягад, можна сказаць, што вы разам пайшлі ў грыбы – і ніяк інакш.
"Да" і "на": не блытаць
У гэтых двух прыназоўнікаў, якія звычайна абазначаюць накірунак (пайшоў да брата, на вечарыну) або месца ў прасторы (ляжыць на стале, прыхіліўся да сцяны), ёсць асаблівасці ўжывання. Так, з назоўнікам "падобны" ўжываецца толькі прыназоўнік "да": падобны да бацькі. Прыназоўнік "на" ўжываецца ў выразах кшталту "раз на тыдзень". Таксама ён выкарыстоўваецца разам з назвамі хвароб: хворы на ангіну, на адзёр, на грып. Але калі хто-небудзь скардзіцца, што яму баліць галава, нельга сказаць: ён хворы на галаву. Гэта будзе ўжо зусім іншая гісторыя.
Sputnik, 12 лістапада 2019
Кoличество переходов на страницу: 781
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |