https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


"Распрацуем беларускі "жывёльны" каляндар замест кітайскага!"


Вы сустракалі 2011 год у сукенках металічнага колеру, дарылі знаёмым фігуркі катоў, трусоў, начыталіся ўсходніх гараскопаў і чакаеце ў бліжэйшы час пэўных даброт, кшталту спакою, сямейнага дабрабыту і гэтак далей? Спадарства, не трэба жыць ілюзіямі. Якім складзецца кожны год, зусім не залежыць ад таго, што за жывёлінка з усходняга гараскопу будзе ўладарыць у ім: кот, сабака, свіння ці яшчэ хто. Тым больш што па кітайскім гараскопе новы год яшчэ не наступіў. У Кітаі ён адзначаецца па месяцавым календары, не мае фіксаванай даты і прыпадае на маладзік пасля зімовага сонцастаяння (канец студзеня — пачатак лютага). Між іншым, сёлета кітайскі новы год распачнецца 3 лютага. Прынамсі, нават калі рацыянальнасць у звярыным "колазвароце" і ёсць, тое, што падыходзіць для ўсходу, яшчэ не азначае, што выдатна ляжа на жыццё ў іншых кутках свету.

— Гараскопы не маюць аднолькавага для ўсіх жыхароў зямлі характару, таму што энергетыка сонца розная на пэўны год у розных частках свету. Яны нарадзіліся на ўсходзе, звязаныя з усходняй ментальнасцю, зарыентаванай на прадвызначанасць, — заўважае Ігар Вуглік, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, дэкан гуманітарнага факультэта Прыватнай установы адукацыі "Інстытут сучасных ведаў імя А.М. Шырокава". І ўжо тым больш не варта захапляцца гараскопамі, складзенымі на год для кожнага знака задыяку. Як заўважае Ігар Рыгоравіч, зоркі рухаюцца. Прайшло ўжо мінімум 4 тысячы гадоў з таго часу, як узніклі "задыякальныя" гараскопы. Але зоркі пасунуліся, і старажытныя гараскопы патрабуюць карэкцыі.

— Але чаму ўсходнія гараскопы набылі такую папулярнасць у свеце?

— У Кітаі надавалі вялікае значэнне каляндарным цыклам, якія звычайна пачыналіся вясной, як і ва ўсіх паганцаў. У Еўропе не склалася выразнай сістэмы атаясамлівання кожнага года з нейкай жывёлай ці нейкім аб'ектам (у еўрапейцаў былі багі, якія паміралі і ўваскрасалі, як, напрыклад, у грэкаў — Дыяніс, ва ўсходніх славян — Ярыла). Трэба зазначыць, што кітайскія гараскопы старажытныя, досыць падрабязныя, вобразныя. Жывёлы займалі вялікае месца ў жыцці старажытнага чалавека, былі яго ежай. Яны багата прадстаўленыя ў міфалогіі розных народаў: гэта старажытныя татэмы, іх успрымалі як продкаў. Напрыклад, вялікая колькасць жывёлін татэмістычнага ўхілу была ў егіпцян.

— Чаму не варта "прымяраць" на год і тым больш на сябе рысы пэўнай "гараскопнай" жывёліны?

— У розных краінах народы надзялялі жывёл неаднолькавымі рысамі, культавымі рабіліся жывёлы розных геаграфічных рэгіёнаў.

І толькі вобраз ката — адзін з тых, якія больш-менш падобныя ў міфалогіях і казках усходу і захаду. Праўда, на ўсходзе ў міфах і легендах панавалі вялікія кошкі (тыгры, ільвы), а пра малых кошак там складзена мала казак. У Еўропе, наадварот, у міфалогіі прадстаўлены малыя (хатнія і дзікія). І малых, і вялікіх кошак у фальклорных помніках вызначае розум (хоць ёсць казкі пра дурных ільвоў). Неразумных малых катоў, за рэдкім выключэннем, няма ў міфах і казках. Кот заўсёды бярэ верх: на ўсходзе дзякуючы сваёй хітрасці ён перамагае льва, пантэру, у нас ён разумнейшы нават за лісу. Наогул кот і ліса — гэта найбольш цікавая парачка ў казках, гэта двое вялікіх хітруноў (можна ўзгадаць беларускую казку "Як кот звяроў напалохаў").

У еўрапейскай традыцыі істотна падзяляюцца вобразы ката і кошкі. Так, ёсць каты — хітруны, гультаі, шырока вядомы і вобраз ката Салаеда, які сімвалізуе абжорства.

Найбольш яскравы вобраз кошкі можна знайсці ў французскай літаратурнай казцы (што, напэўна, мае народныя карані) пра Белую кошку, якая прымушае хлопца пакахаць яе. Кошка падаецца прывабнай, разумнай, адукаванай, любіць спевы, музыку, танцы, валодае вытанчаным густам. Гэта архетыпічны вобраз абаяльнай жанчыны.

Гэтаму маленькаму звярку яшчэ са старажытнасці ўдалося пакарыць людзей. Дарэчы, найбольш старажытныя астанкі хутчэй за ўсё свойскай кошкі знойдзены ў біблейскім Іерыхоне (7 тысячагоддзе да нашай эры) — горадзе, які зараз лічыцца самым старажытным у свеце. Больш дакладныя звесткі пра астанкі менавіта свойскай кошкі звязаныя з Кіпрам, датуюцца часам каля 6 тысячагоддзя да нашай эры!

А ўжо ў вялікім маштабе свойскія кошкі першымі "заваявалі" старажытны Егіпет. Кошка шанавалася, як багіня Баст (Бастэт) — сімвал весялосці, радасці, утульнасці, мацярынства, плоднасці. Таксама яна інтэрпрэтавалася як боства танцаў, музыкі. Яе ўяўлялі як істоту з целам жанчыны і галавой кошкі альбо як кошку з аброжам і амулетам. Нават славуты бог сонца Ра ў Егіпце ў адным з увасабленняў падаваўся ў вобразе вялікага рыжага ката.

У старажытным горадзе Бубасце (Дом Бастэт) стаяў вялікі храм багіні. Пры храме жыло шмат свяшчэнных кошак, якіх даглядалі жрацы; быў комплекс кашэчых пахаванняў у саркафагах. За забойства ката (нават выпадковае) належала смяротнае пакаранне. Багіня шанавалася ў пачатку новага года, тады ў горад з'язджаліся госці і адбывалася вясёлае, нават разбэшчанае свята. У антычнасці кошка была элітарнай жывёлай, за яе плацілі немалыя грошы.

— А як атрымалася, што чорны кот упаў у  няміласць?


— Увогуле, чорная жывёла — заўсёды сакральная. З вельмі старажытных часоў да чорных жывёлін была асаблівая цікавасць: гэта былі культавыя жывёлы, звычайна іх прыносілі ў ахвяру, прычым багам даволі небяспечным. Сярод такіх жывёл можна ўзгадаць, напрыклад, біблейскага "казла адпушчэння" ці чорнага казла — сімвала бога Дыяніса. Эпідэмія цкавання чорных катоў пачалася ў эпоху сярэднявечча, звязана яна была, безумоўна, з хрысціянскімі ўяўленнямі пра нячыстую сілу. У Еўропе ў часы інквізіцыі былі працэсы над чорнымі катамі, дзе іх прысуджалі да спальвання як нечысць. Чорны кот у Еўропе выступаў у якасці ўвасаблення (ці прадстаўніка) сатаны на шабашах побач з казлом, валом — звычайна гэта была досыць вялікая постаць. Чорныя каты былі добрымі хаўруснікамі вядзьмарак. Менавіта на іх ведзьмы лёталі на шабашы. Кот вялізным хвастом мог засланіць вядзьмарку ад непагадзі, ад дажджу. Пры Бабе Язе ў казках таксама жыве чорны кот.

У беларусаў стаўленне да катоў было дваістае: іх і шанавалі, і іх жа лічылі ўвасабленнем нечысці. Лічылася, што ў чорнага ката ператвараецца ведзьма, якая хаваецца ад д'ябла. Калі падчас навальніцы ў хату забягаў чорны кот, яго трэба было гнаць, каб Пярун не ўдарыў у дом. Калі ў доме нехта паміраў, да нябожчыка не дапускалі катоў. Строга сачылі, каб кот не пераскочыў праз труну, бо ў ката альбо пяройдзе душа памерлага, альбо нябожчык зробіцца крывасмокам. Ката нельга было класці да сябе ў ложак, лічылася, што ён намурлыча жабу ў галаве. У той жа час не забаранялася класці яго да дзяцей, праўда, на непрацяглы час, каб звярок усыпляў малых.

— Але тады чаму на Беларусі вераць, што калі да дома прыблудзіць кошка, што гэта добра? І катоў запускаюць у дом пры наваселлі.

— Калі кот сам прыйшоў да чалавека, у беларускай традыцыі лічылася, што гэта вельмі добра, будзе прыбытак у доме. Толькі з катом трэба было рабіць пэўныя маніпуляцыі. Напрыклад, пастрыгчы кончык хваста — лічылася, што ў ката ў хвасце ці яго кончыку сядзіць зараза. Адсюль існаваў дзікунскі звычай — адсякаць кончык хваста. Прыход у дом прыблуднай кошкі прадказвае тым большы дабрабыт, чым больш яна дарослая і вялікая. Наадварот, калі кошка сыходзіць — гэта папярэджанне пра адлучку некага з сям'і.

Каб прыблудны кот не сышоў, трэба было ўзяць кусок сала, абнесці яго вакол хатняга слупа, які стаяў у куце печы, і даць кату з'есці. Каб прынесеная ці прыблудная кошка затрымалася ў доме, трэба ў яе абрэзаць поўсць з кончыка хваста, за вушы працягнуць яе па хаце тры разы, памазаць ёй лапкі салам, алеем або смятанай.

Калі кот сядзіць і муркае, беларусы лічылі, што ён моліцца за гаспадароў, якія яго кормяць, жадае ім поспеху, нібыта малітву за іх творыць.

Як і ў Егіпце, у Беларусі было табу на забойства ката, свайго ці чужога. Лічылася, што калі заб'еш ката, дык жывёла не будзе пладзіцца. Катоў нельга было ні ў якім разе тапіць, бо гэта дрэнна паўплывае на дзяцей, яны не будуць гадавацца.

Усходнія славяне верылі, што кот, якога запусціш на ноч у новы дом, разгоніць усіх нячысцікаў. Запускаюць у дом ката і для таго, каб паглядзець, дзе ён выцягнецца. У тым месцы, дзе лёг кот, нельга ставіць ложак: варкот любіць адмоўную энергетыку, спажывае яе. А вось сабака, наадварот, кладзецца там, дзе добрыя магнітныя палі.

— Можа, ката звязвалі з нячысцікамі, таму што гэты звярок не спіць уначы?

— Ёсць гіпотэзы, што кошкі набылі містычныя рысы з-за свайго начнога ладу жыцця. Ноч звязаная з магіяй і нечысцю. Лічылася, што вочы кошкі адлюстроўваюць месяц, і таму яны звязаныя з ім магічна. У Егіпце верылі, што вочы кошкі адлюстроўвалі начное сонца. У міфах адбіваецца такая асаблівасць гэтай жывёлы, як вялікая плоднасць. Кошка міфалагічным паходжаннем (кхмерскі міф) звязаная з жанчынай. Сярод еўрапейскіх варварскіх старажытных народаў міфалогія кошкі была ў старажытных германцаў, яна была звязана з Фрэяй (багіняй плоднасці і кахання), у яе вазок былі запрэжаны дзве дзікія кошкі.

Наогул, кошка атаясамліваецца з магіяй, цемрай, плоднасцю, жаночым пачаткам. Таму і спадарожнічае яна вядзьмаркам і вельмі рэдка — ведзьмакам.

— Калі раптам беларусам захацелася б распрацаваць свой "жывёльны" каляндар, каго б туды можна было уключыць?

— Трэба перш за ўсё браць тых жывёл і птушак, якія маюць у міфах і казках татэмістычныя рысы. Перш-наперш гэта будуць мядзведзь, воўк, бусел. А вось, напрыклад, сакральная ў Індыі карова ў беларускіх казках амаль не сустракаецца. Ды і зроблены сёння сімвалам Беларусі зубр таксама не выяўлены ў міфалогіі. Вартыя ўвагі вуж, каза, конь, зязюля, ліса, заяц, кажан. У міфах пра стварэнне людзей ёсць сабака. Можна дадаць і пеўня, які выразна паказаны ў казках.

Алена Дзядзюля
Звязда
22 студзеня 2011

 

Кoличество переходов на страницу: 1860


Комментарии