Учора стала вядома, што памёр Міхась Шавыркін, былы рэдактар часопіса “Роднае слова”. Пра гэта паведаміла яго дачка Міраслава.
Міхась Шавыркін узначальваў часопіс ад 1987 да 2006 года. Пры ім наклад выдання даходзіў ад 3,8 да больш за 10 тысяч асобнікаў.
Амаль 20 гадоў Міхась Швыркін вёў на старонках газеты “Звязда” свайго роду анталогію беларускай песні. Чытачы мелі магчымасць атрымаць тэксты і ноты вядомых і любімых усімі песень, а таксама даведацца гісторыю іх стварэння.
Развітанне з Міхасём Мікалаевічам Шавыркіным пройдзе 7 ліпеня з 15:00 да 15:30 у крэматорыі на Паўночных могілках.
З ім хацелася спяваць...
Не стала нашага шматгадовага аўтара Міхася Шавыркіна, які знаёміў чытачоў з цудоўнымі беларускімі песнямі ў сваёй «Анталогіі». Заўсёды падбіраў песні душэўныя, прыгожыя, каб клаліся на настрой. Каб праз іх адчувалася Беларусь з яе мілагучнай мовай, каб у гэтым не трэба было пераконваць — бяры ды спявай... Ён умеў падбіраць словы, як ключыкі, да людзей, прамаўляў іх заўсёды з усмешкай, быццам паказваў: нашай мове, беларускаму ладу мыслення ўласцівыя дабрыня і сардэчнасць. Не шкадаваў сваёй сардэчнасці для іншых. Чалавек з адкрытым сэрцам...
Было такое, што калі Міхась Шавыркін прыходзіў у рэдакцыю «Звязды», то вакол яго збіраліся людзі — пагаманіць. А то і паспяваць. Маладыя супрацоўнікі вось у такія моманты ярчэй разумелі, што значыць «родная газета на роднай мове»: калі словы з глыбінь, настолькі натуральныя, што інакш і не скажаш. Міхась Шавыркін жыў гэтым. Нездарма амаль 20 гадоў быў галоўным рэдактарам навуковага і метадычнага часопіса «Роднае слова»: узначаліў яго ў 1987 годзе, у той час, калі выкрышталізоўвалася ідэя незалежнай Беларусі з яе асобнай культурай. Як рэдактар імкнуўся паказаць яе: праз публікацыі па гісторыі і традыцыях, расповед пра з'явы ў беларускай літаратуры, якую добра ведаў, ці падзеі ў выяўленчым мастацтве, тэатральнай, музычнай культуры. І аказалася, што людзі хочуць пра гэта чытаць — гэта быў час, калі ў часопіса было больш за 10 тысяч падпісчыкаў. Удалося, таму што яму самому было цікава ўсё: Шавыркіна можна было бачыць на літаратурных вечарынах і філарманічных канцэртах, на мастацкіх выстаўках і знакавых тэатральных прэм'ерах. Ён не выключаўся з культурнага працэсу, і па ім можна было правяраць свой густ: прыйшоў Шавыркін — значыць, гэта цікава. Нават да апошняга часу. Гэтаму светламу і мудраму чалавеку было цікавае жыццё. Ён пайшоў на 69-м годзе. Але пакінуў добрую памяць. І песні — у тым, што падабраў для чытачоў «Звязды», засталася часцінка яго святла.
Калектыў рэдакцыі выказвае словы спачування родным і блізкім Міхася Шавыркіна.
Колькі ў небе зор
Верш і музыка Аляксандра Шыдлоўскага
Колькі ў небе зор — цяжка палічыць,
Толькі з іх адна найярчэй гарыць.
Гэта ты мая, зорка ясная,
Ты, любоў мая непагасная.
У працы і ў жыцці добра нам з табой
Марыць і любіць з песняй маладой.
Сонца і вясна, навакол прастор,
Шчасця больш у нас, як на небе зор.
Край шырокі наш, мірны, дарагі,
І бягуць удаль светлыя шляхі.
Мне з табой па іх хочацца ісці
І дзяліць усё разам у жыцці.
Архіўная публікацыя з рубрыкі "Песню бярыце з сабой", “Звязда” 24.10.2015 г.
Беларусачка
Юрый Семяняка — кампазітар-рамантык. Мяккай задушэўнасцю, прамяністым пачуццём любові да роднай зямлі, да сучаснікаў прасякнута яго музыка. Шмат твораў ён прысвяціў моладзі. Жыццярадасныя мелодыі песень і буйных твораў — опер «Калючая ружа», «Калі ападае лісце», музычных камедый «Рабінавыя каралі», «Тыдзень вечнага кахання» — вобразна перадаюць мары і пачуцці шчырых, ідэйна ахопленых дзяўчат і юнакоў.
Песня «Беларусачка», напісаная кампазітарам на верш Алеся Ставера ў канцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя, трывала ўвайшла ў студэнцкі асяродак. Выразны тэкст, мілагучнасць зрабілі яе вернай спадарожніцай не толькі юнакоў. Шлях гэтай прывабнай песні да моладзі складаўся няпроста. Спачатку яна выконвалася на сяброўскіх вячорках, неяк трапіла на амерыканскі кантынент, адтуль у Аўстралію. Падчас выступлення «Песняроў» у ЗША артысты пазнаёміліся з Данчыкам, ад яго пачулі «Беларусачку» і ўключылі ў свой рэпертуар — і яна звонка загучала па ўсім Саюзе...
Цяпер песня «Беларусачка» Алеся Ставера і Юрыя Семянякі ўспрымаецца як фальклорны твор. Ці не найлепшая гэта ўзнагарода для яе аўтараў?!
Верш Алеся Ставера. Музыка Юрыя Семянякі
Я гляджу
на твае косы русыя —
Не магу наглядзецца ніяк,
Беларусачка, беларусачка,
Дарагая сяброўка мая.
У краях незнаёмых,
нязведаных
Буду ў радасці я
ці ў журбе,
Беларусачка, беларусачка,
Не забуду ніколі цябе.
Я вярнуся к табе,
сінявокая,
Калі ў кветкі
адзенецца край.
Беларусачка, беларусачка,
Ты хоць зрэдку
мяне ўспамінай.
Апошнія два радкі кожнай страфы паўтараюцца.
“Звязда” 24.10.2015
Іншыя публікацыі Міхася Шавыркіна: http://www.zviazda.by/be/tags/mihas-shavyrkin
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |