Цёмнай плямай лягла на беларускую зямлю чарнобыльская трагедыя, забраўшы з сабою мноства жыццяў. Апаліла атрутным агнём палі і дубровы, зрабіла пустымі вёскі. Уезд і ўваход на тэрыторыю забаронены. Перасталі гучаць і спрадвечныя песні ў пакінутых хацінах. Мясцоваму фальклору наканавана было адарвацца ад каранёў... Аднак ён не знік зусім. У другой палове XX стагоддзя этнографы ў межах дзяржаўнай экспедыцыі па зборы фальклору праехаліся па Брагінскім, Хойніцкім, Ельскім і Нараўлянскім раёнах, пагутарылі з мясцовымі жыхарамі і запісалі іх песні.
Касеты і бабіны з тутэйшымі песнямі нядаўна дасталі з запаснікаў Нацыянальнай акадэміі навук. Спецыялісты Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы скрупулёзна праслухалі ўсё — «расчыталі» словы і пасля зрабілі запісалі па нотах. Акурат да 30-годдзя чарнобыльскай катастрофы, якое адзначаецца сёлета, у выдавецтве «Паліграфкамбінат імя Якуба Коласа» пад рэдакцыяй Аляксандра Лакоткі, акадэміка НАН Беларусі, доктара гістарычных навук, доктара архітэктуры, прафесара, выйдзе зборнік «Песні пакінутых вёсак».
Апусцелі «гнёзды» мясцовых жыхароў. Бы пералётныя птушкі, пакінулі дзеці родны край. Але калі жывая песня — значыць, жывая радзіма...
Энергетычныя нюансы
Расшыфроўвала архіўныя запісы кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры тэорыі і методыкі выкладання мастацтва факультэта эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Наталля Мазурына. Менавіта яна стане тым правадніком, які пакажа чытачам «Звязды» незвычайны свет фальклору зоны адсялення, што ўдалося ўратаваць:
«Ідэя кнігі першапачаткова з'явілася ў Генадзя Шарага, які доўгі час быў дырэктарам Дзяржаўнай экспедыцыі па зборы фальклору на тэрыторыі, што былі забруджаны пасля чарнобыльскай аварыі, — кажа Наталля Мазурына. — Пасля задума крыху трансфармавалася, і было вырашана змясціць у кнізе песні, сабраныя супрацоўнікамі Інстытута мастацтвазнаўства і фальклору НАН Беларусі. Гэта фальклор тых вёсак, што цяпер знаходзяцца ў зоне адсялення Палескага радыяцыйнага запаведніка. Гэта чатыры раёны, якія найбольш пацярпелі, — Брагінскі, Хойніцкі, Ельскі і Нараўлянскі. Запісы рабіліся яшчэ да катастрофы, калі вёскі былі жывымі, поўнымі насельнікаў (прыблізна ў 1960-1980-х гадах).
Я далучылася да экспедыцыі ў 1990-х гадах, бо на той час ужо было запісана шмат матэрыялаў, прывезена мноства запоўненых касет, бабін (зусім перасталі ездзіць у 2000-х гадах, калі спынілася фінансаванне). Аднак архіўныя матэрыялы — толькі крыніцы інфармацыі. Іх трэба яшчэ данесці да людзей, надаць прыдатны выгляд.
Займаючыся расшыфроўваннем запісаных матэрыялаў, я занатоўвала іх у выглядзе нотных знакаў і тэкстаў песень. Давялося пачуць найцікавейшыя дыялектныя асаблівасці, адчуць асалоду ад адметнай вобразнасці.
Такая работа мяне надзвычай прываблівае. Яна не простая: тут быццам вырашаеш нейкую матэматычна-музычную задачу. Думаеш, як запісаць ноты так, каб у будучыні людзі змаглі праспяваць гэта найбольш блізка да арыгіналу.
Калі расчытваеш мелодыі, выяўляюцца вельмі цікавыя прапорцыі ў музыцы, будове песні, бачыш, як разгортваецца цікавая, незвычайная логіка. Сама рытміка верша вельмі звязана з рытмікай напеву — яны ствараюць адзінства. Людзі, якія працавалі на зямлі і спявалі гэтыя песні, вельмі добра адчувалі нюансы энергетычнай звязанасці матэрыяльнага свету і духоўнага.
Шчодры вечар, шчодры год
Многія песні, найперш абрадавыя (веснавыя, купальскія, жніўныя), пабудаваны на тым, што чалавек як асоба, а тым больш гурт спевакоў, сваім духам, гукамі, энергіяй уздзейнічаюць на прыроду і робяць так, каб далей усё складвалася найлепшым чынам.
Вядома, што ўвогуле Палескі рэгіён надзвычай адметны ў сілу сваіх прыродна-геаграфічных асаблівасцяў, палітычных, сацыяльных умоў. Ён з'яўляецца вельмі архаічным, аўтэнтычным месцам, дзе людзі ведалі, як жыць у прыродзе, як яна ўздзейнічае на чалавека.
Па сённяшняй традыцыі год пачынаецца ўзімку, ад Каляд: гучаць шчадроўкі — калядныя песні. Людзі, ходзячы ад двара да двара, спяваюць гаспадару і гаспадыні, зычаць дабрабыту, здароўя, добрага ўраджаю. Жадаюць, каб вечар быў шчодрым, святым, і ўвесь год таксама.
Аднак у старажытнасці год пачынаўся ўсё-такі ўвесну, у тым ліку ў тых рэгіёнах, якія пацярпелі ад Чарнобыля. Таму веснавыя песні распачынаюць год: «Благаславі, Божэ, песеньку пачаці. Благаславі, Божэ, жыта сеяць. Благаславі, Божэ, сям'ю стварыці, на пасаг сесці». Без гэтага блаславення нічога не пачыналі. Песня спявалася вельмі ўрачыста, пранікнёна, з веданнем таго, што вымаўляецца не проста так, а мае важнасць.
«Трэба быць асцярожнымі...»
Вельмі цікавымі, магічнымі былі русальныя песні, запісаныя ў Брагінскім раёне: «Сядзела русалка на белай бярозе. Ой, рана-рана, на белай бярозе». Але ж русалкі былі стварэннямі не гэтага свету, а іншага, бо імі лічыліся памерлыя дзяўчаты, якія патанулі. Тут трэба быць вельмі асцярожным з энергетыкай. Звычайна русалак праводзілі «да бору, да бору» — як мага далей ад вёскі, а самі вярталіся да сваіх хат. Каб падалей адвесці няшчасце.
З вопыту маёй педагагічнай практыкі, нашы студэнты-фалькларысты пастаянна ставяць нейкія абрадавыя песні. І нават у сітуацыі сцэнічнага фальклору здараюцца вельмі незвычайныя, нядобрыя рэчы — калі пачынаеш працаваць з такімі вобразамі і энергетыкай. Не ведаеш, як правільна адасобіцца, каб тыя сілы — нядобрыя — не ўздзейнічалі на жывых людзей...
Нам часта здаецца, што абрадавыя рэчы з'яўляюцца забабонамі ці, можа, традыцыяй. Аднак насамрэч, калі людзі працавалі з гэтым, яны больш адчувалі, што бяспечна, а што не.
Дарэчы, чаму Чарнобыль называўся менавіта так?.. Падказка была ў самой назве. Чорная быль... Ніводная мясціна не называлася проста так.
У кожным гуку таксама закладзена энергія і нейкі сэнс. Таму трэба быць больш уважлівымі і асцярожнымі. Хто меў з гэтым справу, думаю, зразумее. Нездарма на Палессі вядомыя расійскія даследчыкі акадэмікі. Талстыя вывучалі старажытныя абрады, магічныя рытуалы агульнаславянскага ўзроўню.
«Адгадаеш, дзеўка, — мая будзеш»
Народ, натуральна, жыве не толькі святамі і абрадамі, але і кожны дзень мае асабістыя перажыванні. Гэта выяўляецца ў песнях пра каханне, сямейна-бытавых песнях, у жартоўных песеньках. Я расшыфравала жартоўны твор Агапы Кананюк з вёскі Грушная Брагінскага раёна. Жанчына была вельмі старой ужо ў 1982 годзе, калі рабіўся запіс, і спявала так: «Як пайшла бабка да на той мосцік, да на тую грэблю, да не знайшла казла, толькі яго рэбру. Томі-томі, асвістомі, барабаны, вы ўбіваны. Муй-муй козлік...»
Песні пра каханне таксама спявалі, напрыклад «Ой, борам-борам да далінаю». У ёй распавядаецца, што дзяўчына бачыць, як нехта едзе. А едзе «п'яненькі Васілька». Ён просіць: «Пусці ў хату паначаваць». А яна кажа: «Ну куды ж я цябе пушчу?» І сто гадоў таму такая сітуацыя магла адбыцца, і цяпер таксама можна з ёй сутыкнуцца...
Усе этапы кахання, усе адценні гэтага пачуцця можна знайсці ў беларускіх песнях: ад першых знакаў сімпатыі, заляцанняў да абмеркавання вясельных спраў. Былі балады, што змяшчалі загадкі: «Адгадаеш, дзеўка, — мая будзеш. Не адгадаеш — чужа будзеш...»
***
Тыя творы, што ўвойдуць у зборнік, — толькі малая частка. За гэтай кнігай будзе падрыхтавана другая, куды ўвойдуць сотні песень не толькі з чарнобыльскіх раёнаў. Яны могуць быць падхоплены фальклорнымі калектывамі. У дзіцячым ансамблі «Зорачка» ўжо ўзялі некалькі песень у свой рэпертуар.
Кніга шырока ілюстравана, выявамі рушнікоў. Чым блізкія адно аднаму рушнік і песня? Чаму ў традыцыйнай культуры немагчыма працаваць без песні, як немагчыма ўявіць побыт селяніна без прыгажосці рушніка? Зборнік «Песні пакінутых вёсак» напоўнены сакральным зместам гэтых адметных рэчаў.
Наталля Мазурына расказала:
— Вясельныя абрады на Беларусі бываюць двух тыпаў. На Палессі гэта вяселле па каравайным тыпе, калі выпякаецца вялізны пірог. Калі ён атрымліваўся настолькі вялікім, што не вылазіў з печы, яго ні ў якім разе не мялі, а, хутчэй разбіралі печ, каб дастаць каравай, бо яго лічылі жывой істотай. Вакол пірага ладзіліся песні і гулянні.
— На поўначы Беларусі, на Віцебшчыне, вясельны абрад ішоў па зусім іншым прынцыпе. Там нявеста плакала, развітвалася са сваім маладым дзявочым жыццём. Былі распаўсюджаны вясельныя галашэнні, калі дзеўка развітвалася з родам.
Фота Анатоля Клешчука
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |