https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Каляды


Каляды: абход двароў калядоўшчыкамі

Калі ў першы калядны вечар асноўны клопат людзей быў скіраваны на паяднанне сям'і, то асноўныя рытуальныя дзеянні другога вечара мелі іншую, больш шырокую, накіраванасць (уласна родавую). Некалькі сем'яў блізкіх сваякоў складалі аснову роду, а некалькі родаў (таксама ў пэўнай ступені сваяцкіх у дачыненні адзін да аднаго) утваралі вясковую абшчыну. Сям'я жыла перш за ўсё штодзённым клопатам, а вось калі надыходзіла якое-небудзь каляндарнае свята (тыя ж Каляды, Масленіца, Вялікдзень) або свята сямейна-родавай накіраванасці, то для ўдзелу ў іх збіралася некалькі родаў.

Другі дзень Калядаў быў сваім характарам набліжаны да святаў агульнародавай прымеркаванасці. З надыходам прыцемкаў збіралася некалькі гуртоў вясковай моладзі, пераапраналіся ў незвычайныя строі, бралі з сабой казу і з песнямі-віншаваннямі абыходзілі па парадку ўсе вясковыя хаты. Лічылася вялікай непавагай і прадказаннем усялякіх бедаў, і здарэнняў і нават хвароб, калі нейкую хату па розных абставінах абміналі калядоўшчыкі.

Было адно правіла-выключэнне. Яно вымагала вясёлы, вірлівы гурт моладзі не наўмысна, а ў адпаведнасці з патрабаваннямі даўняй традыцыі абмінуць тую хату, якую сёлета напаткала вялікае гора — смерць каго-небудзь з дамачадцаў. Тая сям’я на працягу года несла на сабе знак жалобы, таму ні яе члены, ні хто-небудзь з чужых людзей не мог зайсці да яе ў хату і паводзіць сябе неадпаведным чынам (спяваць, танчыць, расказваць забаўляльныя гісторыі).

Абход двароў рабіла вясковая моладзь. Да выканання святочнага абрадавага дзеяння рыхтаваліся загадзя. Трэба было развучыць даволі вялікія па сваіх памерах тэксты абрадавых песень, зрабіць прыгожую калядную зорку, набыць свечкі, абразок, падрыхтаваць саламяны куль, з якога выраблялі выяву казы або мядзведзя. Нарэшце, трэба было пераапрануцца ў маскараднае адзенне.

Кожны з удзельнікаў хлапечага гурта выконваў сваю, абрадам прадугледжаную, ролю. Узначальваў гурт павадыр (стары сівы дзядок), які вадзіў на павадку казу або казла. Выяву гэтай жывёліны рабілі наступным чынам. Выбіралі сярод прысутных самага жвавага, рухавага, здольнага на ўсялякія штукарствы хлопца, апраналі яго ў вывернуты кажух, падвязвалі куль саломы, спляталі рогі, хвост, чаплялі званочкі. Задоўга да Калядаў хлопцы разам з дарослымі рабілі ляпу. Да дугі або якой-небудзь выгнутай палкі мацавалі выразаную з дрэва або сапраўдную галаву казы. Потым гэтае прыстасаванне прасоўвалі пад кажух, а хлопец схіляўся амаль да зямлі, пры гэтым яго постаць нагадвала выяву добра знаёмай свойскай жывёлы.

Гурт калядоўшчыкаў заходзіў у двор і пачынаў спяваць песню: "Добры вечар таму, хто ў гэтым даму, святы вечар, хто ў гэтым даму..." Кожная сям’я чакала гэтага моманту, таму гаспадар хутка выходзіў на ганак і запрашаў незвычайных гасцей да сябе. З шумам, гаманой, прыгаворамі, жартамі гурт увальваўся ў хату.

Гаспадыня выносіла калядоўшчыкам розныя прысмакі: кавалак саланіны, колца каўбасы, качан квашанай капусты, мочаныя яблыкі. Госці складвалі падарункі ў торбу і з песняй-развітаннем пакідалі гасцінную хату, каб рушыць далей.

Аксана Катовіч, Янка Крук
Звязда


 
Цары Мiхаiл Шыманскі (Рэспубліка) 5 лютага 2011

Кoличество переходов на страницу: 2188


Комментарии