https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Як у Беларусі гукаюць вясну?


У розных рэгіёнах нашай краіны абрад Гукання вясны праводзіўся ў розны час. Недзе пачыналі клікаць птушак і чакаць абуджэння зямлі і надыходу веснавой цеплыні ўжо з самага пачатку сакавіка, а недзе — толькі на другі дзень Вялікадня ці перад святам Юр'я. Натуральна, гэта звязана з рознымі кліматычнымі ўмовамі, а таксама з мясцовымі традыцыямі. Вось і каманда праекта «Наперад у мінулае» разам з нашым карэспандэнтам ужо амаль два месяцы вандруе па краіне, каб як мага больш даведацца пра адметнасці абраду Гукання вясны ў розных рэгіёнах, запісаць як мага больш веснавых песень. Яшчэ ў канцы лютага мы паспелі пабываць у Тонежы, што ў Лельчыцкім раёне, дзе занатавалі адметнасці абраду «Чырачка», крыху пазней завіталі ў Дукору, што на Міншчыне, а таксама адсвяткавалі Стрэчанне ў Капаткевічах Петрыкаўскага раёна.

Нашы вандроўкі працягваюцца і ў красавіку. Гледачоў тэлеканала «Беларусь 3» яшчэ чакае знаёмства з адметнасцямі абрадаў, якія ладзяцца на Маладзечаншчыне, Лідчыне і... у сталіцы. Сёння ж мы, як заўсёды, зазірнём у закуліссе здымачнага працэсу.

Гукнем «Гу-у-у-!»

Навукоўцы адзначаюць, што сама назва свята Гукання вясны звязана не столькі з характарам ці сімволікай рытуальных дзеянняў ці ўжывання важных, ключавых атрыбутаў, колькі з асаблівасцямі паэтыкі сакральна-магічных песень-заклічак (загуканняў). Многія песні заканчваліся працяглым «Гу-у-у!», з дапамогай якога выканаўцы пасылалі ў наваколле моцны энергетычны пасыл, які, меркавалася, павінен абудзіць зямлю і наваколле.

Лічыцца таксама, што веснавыя песні адносяцца да тыпу так званых першасных — самых старажытных для беларусаў. Яны наўпрост звязаныя з міфамі і рытуаламі, адлюстроўваюць светаўспрыманне нашых продкаў. Таму і не дзіўна, што такіх песень не так шмат у нашага народа, яны распаўсюджаныя фактычна па ўсёй тэрыторыі краіны. Аднак адметнымі, рэгіянальнымі з'яўляюцца песні другасныя, ужо ўтвораныя, ці, так бы мовіць, надбудаваныя над першаснымі. Няварта здзіўляцца, калі адну і тую ж веснавую песню-заклічку ў крыху адрозных варыянтах вы пачуеце ў некалькіх раёнах краіны.

Дарэчы, мы пераканаліся ў тым, што вельмі падобнымі з'яўляюцца і рытуалы, абрады, якія праводзяцца ў розных раёнах падчас свята. І гэта не дзіўна, бо ўсе беларусы, як у старажытныя часы, так і сёння, увесну жывуць адзіным клопатам пра будучы ўраджай, яго ахову ад непагадзі і шкоднікаў.

Зазвычай свята пачыналася апоўдні. Моладзь збіралася гуртам і ішла за ваколіцу, на ўзвышша, спяваць. Высокае месца выбіралі таму, што яно першае вызвалялася з-пад снегу, а таксама лічылася бліжэйшым да сонца, цеплыні і лепш бачным для птушак, якіх імкнуліся завабіць прыляцець з выраю і прынесці вясну.


Хлопцы раскладвалі вогнішча, на якім палілі старыя рэчы. Традыцыйна вясну гукалі толькі дзяўчаты, хлопцы да свята далучаліся познім вечарам, калі пачыналі разам вадзіць карагоды. Старэйшыя загадзя рабілі арэлі, на якіх моладзь гушкалася парамі, імкнучыся разгайдацца як мага вышэй, каб паказаць сваю сілу, уменне, спрыт. Існавала прыкмета, што чым вышэй разгайдаеш арэлі, тым вышэйшыя вырастуць лён і збажына сёлета. Дзеці таксама павінны былі пагушкацца на арэлях хоць бы адзін раз, каб быць здаровымі і моцнымі ўвесь год.

Клічам вясну ў сталіцу

Складана ўявіць, што ў Мінску можна патрапіць у сапраўдную вясковую хату. Дакладней, амаль сапраўдную. Тут, у фальклорным тэатры «Матуліна хата», што працуе пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна сталіцы, усё як у вёсцы. Вышываныя фіранкі і абрусы, ікона на покуці, мноства аўтэнтычных музычных інструментаў. Ды і самі ўдзельнікі тэатра — сапраўдныя вяскоўцы ў строях. Дакладней, яны некалі былі вяскоўцамі, але, пераехаўшы з розных прычын у сталіцу, не забываюцца на карані.

Магчыма, справа ў неверагоднай энергічнасці і энтузіязме, з якім працуе кіраўнік «Матулінай хаты», вядомы даследчык фальклору Мікола Котаў. На творчым рахунку Міколы Конанавіча — распрацоўкі сцэнарыяў правядзення абрадаў, песні, танцы. Таму і Гуканне вясны, якое нам паказаў калектыў (а гледачы тэлеканала «Беларусь 3» пабачаць ужо ў нядзелю, 9 сакавіка), уразіла незвычайным аўтарскім падыходам, спалучэннем харэаграфічных, спеўных, музычных элементаў.

У замовах, якія прагучалі падчас абраду, чуецца мудрасць народа, жаданне выконваць запаветы продкаў. А ў песнях, сольных і гуртавых — матывы сапраўднай высакароднай вясковасці, імкненне захаваць яе нават у вялікім горадзе.

Зарадзі Божа жыта

ды на новае лета...

Дзе карагод ходзіць,

там жыта родзіць,

А дзе не бывае, то там палягае...


У госці да Свентаржэцкіх

А вось у вёсках Лебедзева і Маліноўшчына, што на Маладзечаншчыне, Гуканне вясны ладзяць па-свойму. Тут не так даўно аднавілі старажытны абыходны веснавы абрад, амаль як на Вялікдзень. Святкаванне пачынаецца з таго, што ўдзельнікі абраду, сабраўшыся разам каля адной з хат, абыходзяць усю вёску, па чарзе завітваючы ў двары да аднавяскоўцаў. Ім жадаюць здароўя, моцы на ўвесь год і добрага ўраджаю, а гаспадары ў сваю чаргу частуюць музыкаў і спевакоў, дзетак цукеркамі, яблыкамі, пірагамі. Падчас самога свята спяваюць песні, гуляюць у гульні, спальваюць пудзіла зімы і клічуць Вясну. Яе ўвасабляе прыгожая дзяўчына, прыбраная ў адметны строй.


Цікава, што свята ў Маліноўшчыне ладзіцца не на ўзвышшы, а ў іншым знакавым месцы — старажытным парку, які некалі належаў роду Свентаржэцкіх. Гэтыя землі ў пачатку XVІІІ стагоддзя Клеменс Свентаржэцкі набыў у Радзівілаў. У 1826 годзе тут быў закладзены вялікі сядзібны парк. Дапамагаў Свентаржэцкаму яго ўладкоўваць італьянскі архітэктар, але і самі прадстаўнікі роду заўсёды цікавіліся батанікай і аграноміяй, прывозілі саджанцы розных дрэў з-за мяжы. Некалі парк займаў плошчу ў дзесяць гектараў, але да нашага часу захавалася толькі невялікая яго частка. Ды і яна сёння ўражвае незвычайнасцю планіроўкі, разнастайнасцю дрэваў, што тут растуць.


Пра Свентаржэцкіх у Маліноўшчыне і суседнім Лебедзеве расказваюць ахвотна. Да нашага часу захавалася і ўнікальная па архітэктуры капліца-ўсыпальніца ХІХ стагоддзя, дзе пахаваныя многія прадстаўнікі гэтага роду. Яе пабудаваў невядомы італьянец, які пасля вайны 1812 года застаўся жыць у вёсцы. Ёсць тут і мемарыяльная скульптура, устаноўленая ў гонар Міхала Свентаржэцкага. Менавіта пры ім гэтыя землі дасягнулі найбольшага росквіту.

Дарэчы, з гэтымі мясцінамі звязана і імя выдатнага паэта, збіральніка народных песень Тамаша Зана. У вёсцы Аборак Тамаш Зан, якому на той час было ўжо 50, пазнаёміўся з маладзенькай Брыгітай Свентаржэцкай, сястрой Міхала. Брыгіта зачытвалася рамантычнай літаратурай і захаплялася творчасцю Адама Міцкевіча. Неўзабаве яны пакахалі адно аднаго. Маці дзяўчыны была спачатку супраць няроўнага шлюбу, але пасля пагадзілася. Вяселле зладзілі нешматлюднае, акрамя блізкіх сваякоў нявесты, з боку Тамаша Зана былі яго сябры Марыля Верашчака (яе доўгія гады кахаў Адам Міцкевіч) з мужам Ваўжынцам Путкамерам і браты Верашчакі Юзаф і Міхал. У гэтым шлюбе нарадзіліся тры сыны, але шчасце было нядоўгім: праз 11 гадоў пасля вяселля Тамаш Зан памёр...


Птушкі, ляціце ў Ходараўцы


Абрад у вёсцы Ходараўцы на Лідчыне пачынаецца з таго, што маладыя людзі збіраюцца каля адной з хат. У іх руках — саламяныя птушкі, якія сімвалізуюць вясну і прыход цеплыні. Моладзь просіць сталых жыхароў вёскі дазволу загукаць вясну. Пасля іх блаславення ўдзельнікі свята на конях і пешкі кіруюцца на гару. Па дарозе яны вітаюць усіх, каго сустракаюць, развешваюць на дрэвы папяровых птушачак — каб і сапраўдныя хутчэй прыляцелі з выраю.


Ідучы дарогай, спяваюць такую песню:


Свяці-свяці, сонейка, каб нам было


цёпленька,


Пад хатаю седзячы, лусту хлеба


дзержачы.


Ай люлі-люлі, люленькі-люлі.


Яечкі качаючы, песенькі спяваючы,


Ай люлі-люлі, люленькі-люлі...


Гуканне вясны, што адбываецца заўсёды на гары, традыцыйна пачынаецца з рытуальнай часткі. Тут гучаць у асноўным песні-замовы, падзякі за цеплыню, пажаданні добрага ўраджаю. Напрыклад, вось такая:


Дзякуй богу, што вясна прыйшла.


Я млада каля жыта


пайшла.


Расці жыта караністае,


Караністае, ядраністае.


Каб у трубы


пакруцілася,


Каб я малада нажалася.


І снапочкаў нанасілася.


Дзякуй богу, што вясна


прыйшла.


Пазней тут водзяць карагоды, гуляюць у гульні, «гушкаюць» папяровых птушак у посцілцы і, што адметна, ладзяць агульнае частаванне. Усіх удзельнікаў свята частуюць яйкамі, цыбуляй і — а гэта самае смачнае — салам, смажаным на вогнішчы, з хлебам.


Таму зараз, столькі разоў загукаўшы вясну, наша каманда разам з жыхарамі Ходараўцаў можа смела заспяваць:


Ох ты вясна, ох ты красна,


што ты нам прынясла?


Я прынясла, прынясла ды карысці,


радасці.


Буйнага жыта — на лета,


ядрану грэчку — на восень.


Марына ВЕСЯЛУХА


vesіaluha@zvіazda.by

Крыніца 



 

Кoличество переходов на страницу: 638


Комментарии