нарадзіўся ў Мінску 9 снежня(27.11ст.ст.) 1891г.; памёр ў Ялце 13 мая (25.05ст.ст.) 1917г.
"... Дзякуючы Багдановічу, мы шмат у чым можам сёння зразумець, што такое для нас Радзіма, што такое для нас Бацькаўшчына, як кахаць і быць каханым. На мой пункт гледжання, можа, суб’ектыўны, дзве галоўныя рэчы, якія вельмі магутна, вельмі яскрава ўнёс у беларускую літаратуру Максім Багдановіч, гэта Бацькаўшчына і каханне, каханне да жанчыны. "
"... Мне падаецца, што праз вершы Багдановіча менавіта можаш адчуць непарыўную эмацыянальную сувязь са сваёй Радзімай, асабліва калі ты знаходзішся доўгі час па-за яе межамі. ... Я думаю, мы ўсе павінны ганарыцца тым, што ў нашай культуры ёсць такая асоба, з’явілася такая асоба, была такая асоба. Была, але не ў мінулым часе, бо ён сёння з намі і, я ўпэўнены, будзе вельмі доўга."
( Павел Латушка. Міністр культуры Беларусі )
...Яму было пяць гадоў, калі ад хуткацечных сухотаў памерла маці. Замоўк дом, які нядаўна быў поўны весялосці. Бацька ўспамінаў: "Вяртаючыся са службы, я ўжо чуў на двары, у садзе ці ў пакоі вясёлы дзіцячы смех, валтузню, беганіну».
Цяпер быў новы пераезд сям'і - у Ніжні Ноўгарад, куды атрымаў накіраванне бацька, банкаўскі службовец. I знік з Максімавых вачэй беларускі пейзаж на краі Горадня з зубчастым поверхам лесу на краявідзе, што гадаваў яго першыя пяць гадоу... Першага пераезду - у Горадзень з Менска, дзе ён нарадзіўся 9 снежня 1891 года ("у 9 гадзін вечара, калі трэба дакладнасць", як пісаў бацька) і адкуль сям'я пераехала, калі Максіму было паўгода, ён, вядома ж, не помніў.
Гэтае ж расстанне з радзімаю назаўсёды павязалася з адчуваннем сіроцтва. Ранейшай ласкі, утульнасці ён ужо не зазнае ніколі. Чулая, спагадлівая Аляксандра Паўлаўна - другая жонка Адама Ягоравіча, Максімавага бацькі, памрэ пры першых родах. А з трэцяй бацькавай жонкаю Максім не знойдзе паразумення. I ў Максімавым сэрцы на увесь час застанецца дарагі ўспамін аб родным краі. I, як да маці, праз гады будзе імкнуцца ён на радзіму...
На шчасце, Беларусь не асталася толькі ў дзіцячай сінечы гадоў. У Ніжнім Ноўгарадзе знайшлі прыпынішча і сем'і дзвюх бацькавых сясцёр, жыццё якіх цесна перавязалася, зраслося,- гэта было як бы адна сям'я на трох кватэрах. I Максім асабліва любіў прападаць у цёткі Магдалены, дзе заўсёды спраўляліся дзяды, каляды, гуканне вясны, вялікдзень, сёмуха. Усё такое непадобнае да таго, што было навокал. Памяць учэпіста схоплівала розныя аповяды цётак - аж да самых таямнічых і фантастычных, з лесунамі, з русалкамі, з тужліва-вабнымі згадкамі пра далёкую Беларусь.
А з кніг бацькавай бібліятэкі, з уласных бацькавых запісаў у сваю чаргу прыходзілі беларускія казкі, а пасля песні, загадкі, прыказкі. Прамовяць з бацькавых вуснаў урыўкава Дунін-Марцінкевіч, Мацей Бурачок. А пазней будуць і свае шчымліва-радасныя спробы у гэтай мове казак, замоў, моўнае раянне са слоўнікам Насовіча...
Хросная цётка з Пінска Вольга Сёмава, адведаўшы Ніжні Ноўгарад, выпіша Максіму спачатку "Нашу долю", а далей і "Нашу ніву". I аднаго ліпеньскага дня 1907 года, незвычайна шчаслівы, убяжыць Максім у бацькаў пакой са сваім першым надрукаваным "Музыкам". I ўвесь лёс яго павяжацца з Беларуссю, з яе адраджэннем. Ёю будзе ён летуцець, ёй аддаваць свае шчырыя парыванні. Праўда, дома ён не знойдзе ў гэтым асаблівай падтрымкі. Старэйшы брат Вадзім быў заняты сваім клопатам, малодшага Лёву паланіла матэматыка. Бацька - сам беларускі этнограф - амаль не верыў у магчымасць адраджэння беларускага народа.
А да ўсяго - ўжо з дванаццаці год да Максіма прылепіцца спадчынная хвароба - сухоты. Як зажыў ён свядомым жыццём, смерць ужо і не адыходзіла далёка. Спачатку смерць маці, пасля смерць той, што хоць на нейкі час сапраўды паспрабавала стаць на месца маці і пры якой пачаў адтайваць душою... А пасля смерць пайшла абкладаць усё бліжэй то з аднаго, то з другога боку. Малодшы брат Шурык, старэйшы Вадзім... 3 таго часу Максім не будзе зносіць пах адэкалону, якім злівалі Вадзімаў пакой, калі той быў пры смерці.
Праз год пасля Вадзімавай канчыны і ў яго пайшла кроў... I якія ўжо ні здараліся прасветліны, на іх тут жа клаўся змрочны, трагічны водбліск.
Праляцяць гады Максімавай вучобы спачатку у Ніжагародскай гімназіі. Рэвалюцыйныя падзеі 1905 - 1907 гадоў ускалыхнуць і жыццё гімназістаў. Сярод шумлівых завадатараў будзе і Максім. А ў выніку - яшчэ адзін паўторны год вучобы. Пасля пераезд сям'і Багдановічаў у Яраслаўль. Заканчэнне тамашняй гімназіі. На момант засвеціць надзея на Пецербургскі універсітэт: акадэмік Шахматаў шукаў здольнага юнака, які б мог заняцца беларушчынаю, і рэдакцыя "Нашай нівы" парэкамедавала Максіма Багдановіча. Аднак надзея хутка згасла: бацька ані не згадзіўся. I гады пайшлі на вывучэнне нуднай юрыспрудэнцыі у Яраслаускім юрыдычным ліцэі.
Аднак не было ў гэтым нейчай ліхой волі. I тут трэба адно заўважыць: як некалі ранейшыя літаратуразнаўцы ўсё Максімава зацікаўленне беларушчынаю ставілі ў заслугу Адаму Ягоравічу, так апошнія дзесяцігоддзі некаторыя даследчыкі ўсю ўвагу спыняюць толькі на супярэчнасцях між сынам і бацькам. Можна, аднак, зразумець і Адама Ягоравіча. Вельмі добра ён ведаў Максімава здароўе, каб пасылаць сына ў Пецярбург. I, думаецца, Адам Ягоравіч мог з чыстым сумленнем пазней напісаць: "Я не перашкаджаў сваім дзецям быць кім яны хочуць..." I дадамо - вельмі шмат зрабіў, каб яго дзеці зразумелі, чаго яны хочуць,- далучаючы іх з маленства да вялікай культуры чалавецтва. I ўсе яны былі глыбока творчымі людзьмі. На жаль, жыццё не аднаго з іх дачасна абарвалася...
Максімаў брат Павел Адамавіч успамінаў пра гэта: "Я добра памятаю, як ён часта звяртаўся да бацькі, каб папытацца пра тое ці іншае слова, і раіўся, якім беларускім словам яго найлепш перадаць" - гутарка ідзе пра пераклад на беларускую мову "Слова аб палку Ігаравым". Як бачым, усё трохі складаней. I адносіны між Адамам Ягоравічам і сынам былі не такія ўжо, каб іх маляваць толькі адною чорнаю фарбаю. А што да неразумення беларускай справы Адамам Ягоравічам - то гэта адна з праяў нацыянальнай трагедыі нашага народа, якога прадумана, свядома, з прыкідваннем на стагоддзі пазбаўлялі самасвядомасці, з блізкасці мовы робячы не дружбу, а нацыянальную бяду, адмаўляючы мове ў праве нават называецца моваю, выдаючы наш народ за бясхатніка у гісторыі.
Страшэнны збег акалічнасцей даймаў Максіма з маленства: сіроцтва, цяжкая хвароба, хатняя неўладкаванасць і вечны боль па Беларусі. I можна меркаваць толькі, з якімі думкамі замыкаўся ён у сваім пакоі, якога, дарэчы, таксама не было, бо найчасцей даводзілася яго дзяліць то з адным, то з другім братам.Только вершам адкрываў ён сваю жыццёвую няўтульнасць і адзіноту.
Хваробы апошнім часам даймалі яго. Увосень 1915 года яго зваліў тыф, напэўна, схоплены ад бежанцаў, якіх усё гнала і гнала вайна. Быў ужо на валаску ад смерці. Неяк ачуняў, а ўзімку 1916 года зноў - ужо каторы раз у яго жыцці! - запаленне лёгкіх. Пасля яго, відаць, канчаткова так і не акрыяў, абліваючыся па начах потам... Дый туберкулёз рабіў сваё...
Недзе ў 1912 годзе прыехаў на Бацькаўшчыну ў Менск ужо ўвосень, так і не заспеўшы сонечных лепшых дзён.. Толькі прыязным напамінам пра нядаўнюю спеку аглянулася "бабіна лета".
Старая бабуля так яму растлумачыла назву гэтай летняй красы сярод восені. Усе людзі зжалі і звезлі з поля. Не управілася адно ўдава. I Бог даў ёй яшчэ з дзе-сятак дзён. Гэта не так бабіна, як удовіна лета, удак-ладніла яна. А можа, гэта і яго, "Максімава лета", падумалася яму тады.
Ды ўцехі не было. Зноў, як да 1905 года, быў забаронены беларускі друк: тады з-за пагрозы рускай мове, цяпер - з выпадку вайны - з-за пагрозы існавання Расійскай імперыі. Нават лекцыю пра беларускае адраджэнне не дазволілі прачытаць бежанцам.
Горад жыў прыфрантавым жыццём. Штодня ўранні амаль аб той самай пары, дражнячы рускія зеніткі, завісалі германскія аэрапланы - фронт стаяў пад Баранавічамі.
А паэт усе больш занепадаў на здароўе. Адчуваў сябе вельмі блага, нават не ўпэўнены быў, што датрывае да цёплых дзён.
Цяпер ад'язджаў у Крым. Пасля пяці турботных, дарэшты запоўненых рознымі службова-бежанскімі падлікамі, месяцаў працы ў Менску. Апошнімі днямі вочы прагна ўглядаліся ў абрысы роднага горада, як бы хацелі надоўга набрацца дарагіх уражанняў - на ўвесь час, што наканавана правесці яму ў ростані. Ідучы на вакзал паўз касцёл Св.Сымона і Алены, згадаў, як часта па дарозе на працу рад быў з Людвікаю Сівіцкаю (Зоськаю Верас) - яны кватаравалі ў адным доме - палюбавацца красою гонкіх формаў, адценняў чырвонай цэглы ў белай шэрані.
Так ён стаяў колісь перад касцёлам святой Ганны ў Вільні:
Каб загаіць на сэрцы раны,
Забыць пра долі горкі глум,
Прыйдзіце да касцёла Ганны!
Там знікнуць сцені цяжкіх дум.
Як лёгка да гары, як красна
Узносіць вежы ён свае!
Іх выраз стройны у небе ясна
Ізломам строгім устае...
Людвіка далікатна адводзіла, не даючы яму затрымацца уволю. Ён разумеў: берагла (хоць тактоўна і не казала пра гэта) яго хворыя грудзі ад холаду настылых муроў...
Люты... Праз месяц-другі падасць знаць аб сабе вясна.
Год назад у Яраслаўлі ён у студэнцкай сталоўцы, пачуўшы беларускую мову, згаладалы па родным слове, падбег да новых незнаёмцаў - гэта былі студэнты Мінскага настаўніцкага інстытута, якіх закінула сюды эвакуацыя. I тут жа кінуўся ў роспыты: пра гракоў, буслоў, пра бярозавік і пра першыя кветкі. А пачуўшы назву "пралеска", нават адгадаў яе блакітны колер. I як паэт растлумачваў сваю разгадку: зямля павінна адказаць веснавому блакіту неба якраз такою кветкаю...
А цяпер вось, не дачакаўшыся на радзіме ні гракоў, ані пралесак, ехаў у Крым, як у выгнанне. Бацьку напісаў, што ўзяў адпачынак на два месяцы. I той западозрыў благое. Праз лісты яны умовіліся сустрэцца ў Сімферопалі. А таму бацька выязджае 28 лютага ці 1 сакавіка, а Максім меўся выправіцца ў дарогу на два дні раней. За Гомелем узняліся такія снежныя завеі, што чыгуначныя рабочыя не паспявалі апратваць рэйкі. I ўрэшце заносы зусім запынілі цягнік на маленькай бязлюднай станцыі. Тры дні холаду і голаду. А пасля таксама нялёгкая дарога. У краіне ўзвірылася рэвалюцыя. Тлум на станцыях. Чатыры перасадкі з чаканнем - на станцыі Бахмач аж 18 гадзін! - моцна даліся ў знакі. У Сімферопалі бацькі яшчэ не было, і Максім паехаў адзін у Ялту: туды яму далі з Менску рэкамендацыйны ліст.
Бацька, які - таксама праз грамадскі рэзрух - толькі праз паўмесяца пасля дамоўленага тэрміну дабярэцца ў Сімферопаль, знойдзе спакойнае сынава пісьмо пра светлы сонечны пакой, наняты ў Ялце, з выглядам на мора; паўдня бывае сонца, наўкола дома сад.
А напраўду было так: знясілены дарогаю, ён чатыры дні бясплённа будзе шукаць у Ялце кватэру. Паводле тагачасных успамінаў, добрыя пансіёны, баючыся за сваю рэпутацыю, звычайна не бралі цяжка хворых. I іх нярэдка падбіралі асобныя гаспадыні, каб пасля дрэннай ядою ці благім доглядам знарок прыкараціць жыццё хворага і прыбраць сёе-тое з набытку нябожчыка. Не будзем думаць пра горшае, але зусім верагодна, што браць на кватэру чалавека, які і да цяжкай дарогі, яшчэ ў Менску выглядаў вельмі знядужана, меў бледна-васковы твар, не вельмі хацелася: напрактыкаванае вока ўладальніц пансіёнаў бачыла ўсё беспамылкова...
Нарэшце Максім натрапіў на пакой, які здавалі на другім паверсе, ззаду дома. Падняўшыся па знадворных сходах, зняможана сеў у пакоі на крэсла і сказаў гаспадыні: "Нікуды больш не пайду". Кватэра была без сталавання. Харчаваўся неўпарадкавана ў сталоўцы, а то купляў прадукты і еў сухама.
Сонечная Ялта, прытуленая маляунічымі Крымскімі гарамі да Чорнага мора, райскі куток, адна з найпрыгажэйшых мясцін Еўропы, як распісвалі рэкламныя курортныя даведнікі, расхвальваючы багатыя сады Масандры з іх алеямі ружаў, не далі, аднак, палёгкі хворым грудзям паэта.
У лісце да дваюраднага брата Пятра Гапановіча Максім пісаў (сакавік - красавік 1917 года): "Баюся аднаго - ці не шкодная блізкасць да мора: дом на гары, але да мора сажняў трыццаць-сорак...Макроты пайшло больш, тэмпература пагоршылася, хадзіць стала цяжка - пойдзеш і засапешся. Схуднеў я. А да ўсяго пайшла кроў дні на чатыры. Саслабеў я пад гэты час вельмі. Думаю, ўсё ў тым, што гаспадыня на паліве эканомію наганяла... Надвор'е агіднае - дождж, вецер, холадна. Праз хваробу і пісаць не хацелася. I гэты ліст пішу ў два прыёмы. Бацьку я пра хваробу пісаў без усялякіх падрабязнасцяў. Лячуся, маўляў, у Ялце - і усё тут. I ты не распісвай..."
Прыведзеная раней згадка пра кепскіх кватэрных гаспадынь, як бачым, мае падмацаванне і ў самім Максімавым лісце.
А ў маі, калі на кожным скрыжаванні прадаўшчыцы кветак рады былі за пяць капеек падаць букецік пахкіх ружаў, паэт зусім абнямог. I ў сваім лісце раптам мужна рашыўся адкрыцца бацьку: "Дабрыдзень, стары верабей. Маладому вераб'ю блага... Макроты у мяне шмат, тэмпературы высокія, два разы ішла кроў, другі раз адпляваў я яе дзён за дзесяць, але з гэтага крывацёку з ложка ўжо не ўстаю - аслаб канчаткова. Хутка пачнуцца спёкі, трэба будзе ад'язджаць з Ялты, а як у такім стане паедзеш?.."
Ліст так і астанецца неадасланым. Бацька прачытае яго, калі ўжо сына пахаваюць. Тэлеграма аб смерці прыйдзе ў Сімферопаль на чацвёрты дзень, бо гаспадыня адшукае толькі яраслаўскі адрас. Яна пасля і раскажа пра апошнія Максімавы дні.
За тыдзень перад смерцю пайшла горлам кроў. (Калі супаставіць прыведзеныя тут лісты, гэта быу трэці крывацёк: першы - чатыры дні, другі - дзесяць дзён і вось гэты - на працягу тыдня - трэці, апошні. Папрасіў яшчэ купіць ягад (паводле бацькавых успамінаў - суніц, паводле слоў медсястры - трускавак), узяў трохі і больш не еў.
Тут і памёр 25 мая 1917 года ўночы зусім адзін.
Бацька пасля смерці сына так убачыць гэты светлы пакой: "ззаду дома... зусім ізаляваны, глухі: хоць крычы, хоць стукай - ніхто не пачуе (гаспадыня жыла ўнізе з падходу) і дапамогі не падасць. Сама раз, каб паміраць у поўнай адзіноце".
Пахаваны Максім быў на Новых гарадскіх могілках ў Ялце. У 1924 годзе на яго магіле быў усталяваны помнік з чатырма радкамі з верша паэта «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...»
Суцешым сябе, як звычайна суцяшаюць у такіх выпадках у народзе.
Як ва ўсіх праведнікаў, можа, быу і ў Максіма Багдановіча лёгкі канец. Ціха ахінула сваёю наміткаю непрытомнасць. I прыйшла маці, такая, як і ў маленстве, і паклікала. Ён хацеў спачатку ад яе ахінуцца рукой. Памяць яшчэ як бы ў астатні раз падказала: нядобра, калі кліча да сябе нябожчык... Але маці паклікала зноў. Голас ласкавы, пяшчотны, якога ён не чуў, але на які ўсё як бы спадзяваўся праз усе астатнія гэтыя дваццаць гадоў без яе, бо пражыў 25 гадоў 5 месяцаў і 16 дзён. I ён, шчаслівы, ўжо ўпершыню бесклапотны, падаўся насустрач ёй...
А далей настала вечнасць.
Далучымся ж да гэтай багдановічаўскай вечнасці, перачытайма яго творы!
Літаратурная спадчына паэта поўнасцю выдадзена ў трох тамах у 1991 - 1995 г.г.. Створаны музеі Багдановіча ў Мінску (адкрыты 8 сн.1991), Гродна, Яраслаўлі. Імя паэта носяць вуліцы, школы і бібліятэкі ў беларускіх гарадах, у Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Ялце.
Яму прысвечаны опера «Зорка Венера» (Ю.Семяняка - А.Бачыла) і поп-опера «Максім» (І.Палівода - Л.Пранчанка).
У 1991 годзе імя Максіма Багдановіча ўнесена ў каляндарны спіс ЮНЭСКА.
( Па матэрыялах Анатоля Клышкі )
Максім Багдановіч: дарога ў Сербію Мікола Берлеж (Звязда) 6 ліпеня 2017
Выбар Багдановіча, альбо Як разумець Максіма нашым сучаснікам? Ларыса Цімошык (Звязда) 9 снежня 2011
Кoличество переходов на страницу: 5184
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |