Вяртаўся салдат пасля пабыўкі ўдома на вайсковую службу. Ішоў ён, ішоў і здагнала яго ноч каля нейкай вёскі. Багацей, вядома, ў хату служывага ня пусціў, на хлеў паказаў, маўляў, і там пераначуеш. Салдат ня надта пакрыўдзіўся ад такой гасціннасці - абы страха над галавою. Але ў тую ноч яму штосьці не спалася. Варочаўся з боку на бок, а заснуць ня мог.
Раптам чуе - хтосьці тупае непадалёку ад хлява. Падхапіўся служывы, давай сачыць, што тут робіцца. Ажно бачыць - ідзе па двары гаспадар, а за плячыма ў яго срэбра звініць у мяшку. Падышоў да ямы, выкапанай каля гумна, азірнуўся, прыслухаўся, потым сыпануў срэбра ў яму і вярнуўся назад у хату. Мусіць, шмат было ў багацея срэбра, бо неўзабаве яшчэ дзве меркі прынёс. І зноу падаўся ў хату. А салдат тым часам адчыніў дзверы хлява, зняў з сябе крыжык і кінуў яго на скарб. Сам не паказваецца, далей назірае.
Багацей прынёс яшчэ тры меркі срэбра. Высыпаў іх ў яму і старанна закідау скарб зямлёю. Тады узяў стрэльбу, бабахнуў з яе і сказаў:
- Як гэты стрэл пачуўся далёка, так мае грошы апусціцеся глыбока!
I срэбра адразу зазвінела, правальваючыся у падзямельную бездань. Назаўтра раніцай салдат развітаўся з гаспадаром і пайшоў далей сваёй дарогай.
Адслужыўшы ўсе двадцать пяць гадоў у войску, вяртаўся салдат назусім дахаты. І здарылася так, што трапіў ён у тую самую вёску, дзе калісці начаваў. Гаспадар, у якога ён спыняўся, даўно памёр. Дзяцям сваім ані грошыка не пакінуў, таму жылі яны вельмі бедна, ў галечы. Пашкадаваў салдат небаракаў, сказаў ім, што яны маюць скарб і павёў з рыдлёўкамі да гумна. А перад тым як паказаць, дзе капаць, сказаў:
- Дамовімся так... Тыя грошы, што да крыжыка, - мае, астатнія - вашы.
Спадчыннікі пагадзіліся. Неўзабаве скарб быу адкапаны. Узяў салдат срэбра, насыпанае да крыжыка. Надышла чарга збіраць грошы гаспадарам хаты. Толькі яны знялі крыжык з зачараваных грошай - пачуўся звон, і срэбра невядома куды знікла.
(З выдання "Заклятыя скарбы" выдавецтва фірмы "ІТЭКС" Мінск 1992)
Кoличество переходов на страницу: 3340
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |