https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Кручаная баба


Жыў на свеце адзін гаспадар, ды такі бедны - ажно страх, няхай Бог крые; але працавіты, справядлівы, цвярозы і калі б ня жонка, дык быў бы шчаслівы; на няшчасце ў жонцы яго цэлае ліха сядзела, як гэта, ня тут кажучы, часценька й бывае ў людзей...

Во гэтае ж цэлае ліха і сядзела ў жонцы, але і была ж яна шэльмай з пад цёмнай зоркі! Не кажу ўжо таго, што грызла яго, быццам соль у воку, што сакатала яму ў дзень і ў ноч над галавою, на гэтае ж бабы і родзяцца. Але галоўнае: ніякага сакрэту, крый Божа, ўтрымаць ня магла. Што толькі муж зрабіў, што толькі пастанавіў зрабіць, нават што памысліў, яна ўжо ўсё ведала ды зараз жа бегла ад хаты ў хату ды ўсім аб гэтым сакатала, дабаўляючы ў чатыры разы больш, як папраўдзе было. Гэтак і сама мужу прыносіла навіны ды малола ўсялякія брэдні: пры сакатлівасці сваёй была яна і надзвычайна легкавернай.

Здарылася неяк адзін раз, што гаспадар наш, аручы поле, пусціў валоў пасвіцца на мяжы, а сам пад кусцікам прылёг крыху адпачыць. Глядзіць, ажно надыходзіць нейкі дзядок з вялікім гаршчком пад палою сярмягі ды з рыдлёўкай ў руцэ. Гаспадар ляжыць бы мёртвы, толькі вочы, быццам рак, вытарашчыў ды вушы наставіў, як заяц. Вось дзядок выкапаў ямку, паставіў у ёй гаршчок дый пачаў закапываць, кладзючы лапатай хрэсты і балмочучы: "Той хай зможа ўзяць усе грошы, хто тут узложыць сем галоў". Закапаў, пашаптаў ды і пайшоў. Гаспадар з гэткага дзіва прызадумаўся моцна, а затым стаў чухаць голаў. "Гэй, - і думае сабе, -скуль бы мне ўзяць гэтыя сем галоў? Вось калі б гэтак жонка мая мела іх і семдзесят сем, дык не пашкадаваў бы іх, а ў яе толькі адна галава ды і тая дурная. Як бы тутака  парадзіць?"

Доўга гэтак думаў, ляжаўшы да гары пузам ды лічучы хмаркі на небе, а над ім лётала цьма аваднёў. Як толькі які з аваднёў сядзе яму на нос, ён зараз яго ўхопіць, адарве галоўку авадню, саломку ў хвосцік,  пусціць яго ды смяецца вясёла, гледзючы, як авадзень ляціць, бы ашалелы, высока-высока, пакуль ня прападзе пад небам. Шмат галоў ужо адарваў, многа
саломак ужо ўсадзіў авадням, думаючы ўсё аб сямі галавах; ажно неяк добрая думка увайшла яму ў галаву. Скочыў на ногі дый давай лавіць аваднёў; злавіўшы іх сем, пайшоў туды, дзе дзядок закапаў свае грошы ды й выкапаў іх з зямлі, а, кідаючы ў яму адна за другой галавы, якіе адрываў авадням, прыгаварываў: "Вось адна галава, вось і другая галава!". I гэтак ажна да сямі. Кінуўшы ўсе, забраў гаршчок, дзе былі адны дукаты-чырвонцы, схаваў пад палу світкі і шчасліва ўцёк да хаты. Здурэўшы з радасці, сказаў жонцы аб сваім шчасці, а як прыпомніў сабе, што зрабіў глупства, кажучы аб гэтым жонцы, падумаў сабе: "А ліха ж яе мацеры! Селі пяцігорцы макам, кабыла порах з'ела! Што я нарабіў? Як цяпер на гэта парадзіць?"

Думаў дый выдумаў. Пайшоў у мястэчка, накупіў пірагоў больш за чатыры капы дый прынёс у хату. Капу рассыпаў на двары, капу кінуў на страху, панатыкаў крыху ў плецень. дый рэшту ўзяў у хату, шыбкі ў вакнах пабіў, а пірагі параскідаў па ўслонах ды па палу. Жонкі не было ў хаце, апавядала яна ўжо ў другім канцы сяла, як гэта муж яе чатыры катлы грашэй знайшоў. чаму, вядома, ніхто веры і не даваў. Аблітая потам, прыбягае яна ў хату; глядзіць, цэлы двор усланы пірагамі, пірагі на страсе, пірагі ў плетню, а хата з пабітымі шыбкамі ў вакнах.

-  Што гэта? - пытаецца з дзівам.                                                   
-  Ці ты не бачыла, - адказвае ёй муж, - як ішла хмара з пірагамі замест граду? Збірай хуценька, каб суседзі не бачылі.

Пазбіралі ўсё дый схавалі у клеці. Жонка зараз жа пабегла з хаты ў хату дый давай апавядаць людзям, як над іх падворкам лопнула хмара з пірагамі, каторых і назбіралі поўную клець. Вяртаецца баба дамоў, ажно па дарозе сустракае мужа з гаццю на рыбы, ды вось дзіва, ў гаці чатыры шчукі ды два маладыя зайцы.

-  Што гэта? - ізноў пытаецца.                                                       
-  А  што, - адказвае муж, - паставіў я гаць на рыбы, а Бог даў рыбы ды зайцоў.
-  Ов-ва! - крыкнула жонка. - Вось дзіва так дзіва! - Зараз і пабегла хваліцца ў сяле, што муж злавіў гаццю ў рэчцы дзесяць шчук ды пяць зайцоў.

Вярнуўшыся позна ўвечары, бачыць, што мужа няма ў хаце; ўрэшце прыбягае ён мокры ад поту, быццам рудая мыш, а у руцэ трымае здор сала.                                                
-  Што гэта? - пытае ў яго жонка.
-  Маўчы дурная! - кажа ёй муж на вуха: - Пан улез у клець дый краў сала, я, дагнаўшы, адабраў ды шэльму выхвастаў, як сабаку. Ды глядзі ж мне, не расказвай нікому, бо была бы бяда!

Прайшоў адзін тыдзень, другі, гаспадар пабіў сваю жонку за нейкае там ліха. Злуючы на яго, жонка й кажа:
-  Пачакай жа, гадзюка! Пайду я да пана,  ўсё чыста скажу,  як ты знайшоў грошы.
-  Ідзі к чортавай мацеры!

Яна так і пабегла. Пан прысылае за мужыком. Калі яго спыталіся аб знойдзеных грашысках, здрыгануў ён плечыма, пачаў хрэсціцца ды клясціся, адказваючы:
-  Далібог ані чуў, ані бачыў!
-  Хлусіць, паночку! брэша! - крычала заўзятая баба. - Знайшоў, далібог знайшоў, у той самы дзень, як хмара ішла з пірагамі!
-  Ашалела баба! - кажа здзіўлены пан.
-  Скруцілася, паночку! - адказаў муж, уздыхаючы.
-  Сам ён скруціўся! - дзіка крыкнула баба. - Знайшоў, далібог, знайшоў, у той самы дзень, як
два зайцы ды чатыры шчукі ў гаць улезлі.
-  Што табе, баба? ўпілася ці ашалела? - пытаўся пан ад смеху, трымаючыся за пузо, каб не лопнуць.
-  Кручаная, паночку! - сказаў муж, ламаючы рукі. - Вось і доля мая, доля нешчасная!
-  Сам  ты  кручаны! - крычала,  быццам  ашалеўшы,  баба,  грозячы свайму мужу кулакамі:
- Знайшоў, паночку! каб я счарнела, як зямля, калі ня праўда! Знайшоў у той самы дзень, выбачай паночак, як пан сала краў!
-  Няшчасная мая доля,  горкае мае жыццё! - крыкнуў мужык са страхам.

А пан, смяючыся, як ніколі ў жыцці, загадаў бабу завясці да студні ды выліць ёй колькі вядзер вады на галаву, каб ёй глузды прыўраціць.

Адам ПЛУГ (Антон Пяткевіч)
Сноў 1849 


 

Кoличество переходов на страницу: 2457