Жыў у нашай ваколіцы ляснік. Аднойчы
ўлетку сенаваў ён непадалёку ад лесу. Цэлы дзень завіхаўся, але да
заходу сонца так і не паспеў завяршыць апошні стог. Змарыўся, а дахаты
далёка - ня хочацца ісці. Надумаўся заначаваць у сене. Памаліўся Богу,
павячэраў і заваліўся на бок. Толькі заплюшчыў вочы, чуе - ў суседняй
вёсцы шчанюк брэша. Як званок заліваецца, спаць не дае. Потым рантам па
лесе - трэсь, трэсь, трэсь - быццам хтосьці бяжыць. Падняў галаву
ляснік - аж дух заняло. Гоніць па лесе Лесавік зграю
ваўкоў. Выгнаў на луг і пытаецца:
- Чуяце, як шчанюк заходзіцца?
- Чуем, - адказваюць ваўкі.
- Дык запомніце, - кажа Лесавік, - калі да года яго ня задушыце, дык ён вас тады ўсіх перадушыць.
Сказаў так і пагнаў далей воўчую зграю.
Пераначаваў на лузе ляснік, а назаўтра раненька пабег у вёску. Прыбег і давай пытацца у людзей, чый гэта шчанюк ўсю ноч навылет гаўкаў. Пытаўся, пытаўся - і дапытаўся. Прыходзіць нарэшце да гаспадара сабакі:
- Прадай мне свайго шчанюка.
- Як жа я прадам яго, - не згаджаецца гаспадар, - калі ён такі ўдалы, як званок заліваецца...
Доўга ўпрошваў ляснік гаспадара і купіў-такі шчанюка - тры рублі за яго аддаў. Прывёў дахаты і адразу ў пограб схаваў. Карміў, а на вуліцу - ня выпускаў.
Мінуў год і аднаго дня выправіўся ляснік з маладым сабакам на паляванне. Знюхаў сабака ваўка -ўміг задушыў шэрага разбойніка. Ўбачыў мядзведзя - і мядзведзя задушыў. Натрапіў на ласіны след - і лася зарэзаў. Якую жыўнасць ня ўбачыць - не адпусціць жывою. Задушыць і кіне. Надушыў дзічыны - возам не забраць!
Прысеў ляснік адпачыць, а за спіною ў яго - трэсь, трэсь! Азірнуўся - стаіць побач Лесавік.
- Мусіць, ты летась падслухаў, - пытаецца, - што я наказваў ваўкам зрабіць з гэтым сабакам?
Бачыць ляснік - лепш адразу прызнацца:
- Вінаваты, падслухаў...
- Мне не шкада дзічыны, калі ты яе заб'еш і спажывеш, - кажа Лесавік - А вы ж душыце і кідаеце! Дык паслухай мяне... Каля тваёй вёскі ляжыць вялізны камень. Пад каменем закапаны скарб. Вазьмі яго сабе. А сабаку забі, бо ён усю жыўнасць задушыць у лесе. - Сказаў так Лесавік і знік, быцам яго і не было.
Паклікаў ляснік сабаку. Злажыўся - бэх! бэх! - і забіў са стрэльбы. Тады думае: дай пагляджу, адкуль у сабакі такая сіла вялікая? Разрэзаў, паглядзеў. А ў сабакі ажно дванаццаць нырак!
Потым вярнуўся ў вёску, выкапаў ляснік пад каменем скарб. I зажыў з таго дня прыпяваючы.
(З выдання "Заклятыя скарбы" выдавецтва фірмы "ІТЭКС" Мінск
1992)
Кoличество переходов на страницу: 3393
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |