Надзвычай ясная, спакойная раніца выдалася у гэты дзень. Возера лагодна пакалыхвала свае хвалі, і каб пачуць іх шум, трэба было дужа уважліва прыслухоўвацца да гамонкі дробных хваляў, што, як срэбра, пераліваліся на сонцы. I толькі палоска танюсенькай белай пены, нібы карункі на падоле маладзіцы, пакідала возера ўздоўж свайго берагу. Тым, хто сядзеў у гэты час над возерам і любаваўся жывым срэбрам яго дробненькіх скалак-хваляў і услухоўвауся ў іх музыку, давялося пабачыць надзвычай цікавы малюнак: з пясчанага і няглыбокага дна возера выпаўзалі на бераг дзіўныя зеленаватага колеру нейкія істоты, падобныя да вадзяных жукоў. Выпаўзшы з возера, жукі некаторы час нярухома сядзелі на цёплым пясочку. . . I тут, на вачах, з імі адбывалася дзіўная змена: шкарлупіна раскідалася, спаўзала, із жука выклёўвалася маладзенькая, далікатная страказа з празрыстымі, бы слюда, крыльцамі.
Момант пасядзеўшы, яна разгортвала крыльцы і жвава падымалася ў паветра. Так нараджалася новае стварэнне. Праз пару хвілін цэлы рой розных рухавых стракозак закружыўся над возерам і яго берагамі і далёка над полем. Як радасна і весела пачыналася маладое жыццё! Здавалася, канца ня будзе яго радасці. Стракозкі мітусіліся ў паветры, ганяліся адна за другою, лавілі камарыкаў, сутыкаліся ў паветры. Навет не заўважылі, як сонца начало схіляцца на захад і ўсе ніжэй, ніжэй спускацца над зямлёю, а потым і зусм схавалася залесам. У паветры значна пахаладзела, пацягнула вільгаццю. Кропелькі яе сталі выступаць на празрыстых крыльцах стракозак, ад чаго і лятаць ім стала значна цяжэй. Страх агарнуў маладых стракозак, бо яны ня ведалі жыцця - гэта быў першы дзень яго, першы дзень іх веку. Адна стракозка, абцяжараная кропелькамі расы, ледзь-ледзь даляцела да альховага кусціка, што стаяў над возерам, і прысела на яго лісцік ў самым зацішным месцы. Яна вельмі перапалохалася і думала, што жыццё яе ўжо скончылася. А ноч была свежая, халодная.
"Канец!" - думала стракозка. Але назаўтра мрок развеяўся, пасвятлела, і нарэшце ўзыйшло сонейка. Яно абсушыла завільгатнелыя крыльцы стракозкі, што прытулілася на альховым кусціку над возерам. Яна акрыяла. Да яе вярнулася жыццёвая сіла. Мала паслухмянымі лапкамі яна пасцірала рэшткі расы на крыльцах. Вядома, ёй дужа памагло сонца. Стракозка зусім ачуняла. Яна пачула сілу, і ёй захацелася пагуляць, пакружыцца ў паветры, дзе ўжо мітусіўся цэлы рой стракозак.
Наступны вечар, мрок, вільгаць і прахалода ўжо не палохалі яе, бо яна ведала, што надыйдзе новы дзень. I была ўпэўнена, што так будзе і далей і назаўсёды.Але яна моцна памылілася, бо таго дасветчання, што прынеслі ёй два-тры дні добрага надвор'я, было вельмі мала, каб цвяроза і разумна глядзець на жыццё і надалей.
На свеце вечнага няма нічога. Жыццё мяняецца. Адна яго форма змяняе другую, і так бесперастанку - такі ўжо закон жыцця. І гэтак здарылася і тут. Надвор'е змянілася. На неба наплылі хмары і ахінулі яго. Падзьмуў халодны вецер, некалькі дзён падрад лілі дажджы. Бедная стракозка, праз меру даверыўшыся альховаму кусту, што стаяў над возерам і на якім правяла яна некалькі начэй, зусім акалела ад холаду. Узыйшоўшае праз колькі дзён гарачае сонца ўжо не магло ажывіць зусім акалелую стракозку. І не давялося ёй ўжо весяліцца ў празрыстым паветры.
Вестка аб тым, што стракозка загінула, абляцела бераг шматвяковага возера. Магутны дуб, што стаяў над возерам, сумотна зашумеў сваім шатрыстым верхам і сказаў:
- Беднае ты стварэнне, стракозка! Чаму ты загінула бяз часу? А таму, што адным альховым кустом ня можна замыкаць і абмяжоўваць свайго жыцця. На свеце ёсць шмат прытульных куточкаў і сховішчаў, дзе можна перачакаць і схавацца ад розных нягодаў.
Якуб Колас
Кoличество переходов на страницу: 2126
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |