3 хмары Бог старому Ною гаварыў:
"Поўна з краем чаша гневу майго
На людскіяя грахі ды бясчыннасці.
Вось надойдзе часіна суворая,
Лінуць з неба залівы бязмерныя
I абмыюць ад бруду смуроднага
зямлю яны, белы-вольны свет".
Пачынаў тут Ной будаваць каўчэг
3 таго дзерава ліванскага.
Ўшыркі гэтаму каўчэгу - сто лакцёў,
А ўдаўжкі - болей тысячы.
Ды ўзяў туды Ной і птах і звяроў,
Каб не звёўся іх род на зямлі.
Ды не плыў к яму з мора сіняга
Страцім-лебедзь - горды, моцны птах.
Яго звычаі - арліныя,
Яго ўцехі - сакаліныя;
Пер'і-пер'ечкі бялеюцца
Ды на золаку агнявеюцца.
У яго ў крыле - трыста тры пяры:
Узмахне крылом - быццам бор шуміць,
Узмахне другім і што мяцель гудзіць.
Як учнуць дажджы - пацякла вада,
Разлілася горш ад павадкі.
Затапіла ўсе лугі-лагі,
Ўсе лугі-лагі, ўсе лясы-бары;
Уздымаецца вышэй ад гор.
Птахі ў небе стаяй лётаюць,
Енчаць жаласна, ад нуды крычаць,
Выглядаюць стуль прытулачку.
А па ўсёй зямлі толькі хвалі б'юць,
Толькі хвалі б'юць белай пенаю.
Ды па іх дужы, смелы плавае
Страцім-лебедзь - горды, моцны птах.
Узмахне крылом - быццам бор шуміць,
Узмахне другім - як мяцель гудзіць.
I населі тут на лебедзя
Птахі дробныя ўсёю стаяю.
Лебедзь з сілы выбіваецца,
Птахі ажна усцяшаюцца.
Дзень ён плавае, другі-трэці дзень,
На чацвёрты стаў прасіць-маліць:
"Вы ўзляціце хоць на час які,
Выбіваюся з астатніх сіл.
Дайце вы грудзям, гэй, вальней ўздыхнуць!
Дайце вы крылам, гэй, шырэй ўзмахнуць!"
Не паслухалі птахі лебедзя.
Пацямнела у яго ў вачах,
Крыллі ўрэшце падламаліся,
Галава ў ваду апусцілася.
I пайшоў на дно мора сіняга
Страцім-лебедзь - моцны, горды птах.
Ад усіх цяпер патомкі ёсць,
Ды няма адных - Страцімавых.
Максім Багдановіч
Кoличество переходов на страницу: 3101
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |