- Пакідаю на цябе маёнтак і ўсё сваё багацце. А сама паеду на ўсяночную імшу.
Дарога да касцёла няблізкая. Юстын мігам падрыхтаваў сані, паклікаў возчыка. Неўзабаве пані паехала. Пасля яе ад'езду Юстын абышоў сядзібу, праверыў замкі на хлявах ды свірнах, потым вярнуўся у кухню і, сцягнуўшы з сябе світку, прылёг адпачыць на запечку. Ці то ад выпітай чарачкі, ці то ад дзённай стомы, але ён, мабыць, задрамаў. Пабудзіў яго моцны шум. Юстын адразу ўспомніў, што пані наказвала яму вартаваць гаспадарку, памкнуўся басанож на вуліцу, як раптам убачыў на кухні незнаёмых кабет. Спачатку ён падумаў, што пані запрасіла да сябе сябровак, а потым яму цюкнула ў галаву: "Ўсе ключы ад маёнтка пры мне! Як жа яны тут апынуліся?!"
Над галавою штосьці моцна загрукатала. Глядзіць Юстын - проста з коміна выскачыла яшчэ адна паненачка. У парабка ад страху мароз па спіне пайшоў. Сцяміў небарака, што нячыстая сіла завітала. А кабеткі скачуць па кухні нібыта яго не заўважаюць. "Хоць бы не сцягнулі панскае дабро..."- падумаў Юстын. I толькі ён так падумаў - лезуць няпрошаныя госці проста на запечак. Хочаш не хочаш, а ўплішчышся, заціснешся у самы куток. Праз хвіліну-другую запрэглася адна паненка у саху, а другая давай араць ёю, быццам поле, запечак. Ўзаралі, пасеялі проса, а яно, як у казцы, проста на вачах расце, адразу закаласілася. Крутнуліся ведзьмы па запечку, праверылі ці добра паспела проса, схапіліся за сярпы. Адны жнуць, другія малоцяць, трэція печ распальваюць... Няйнакш будуць кашу варыць! I праўда: такі смачны пах пайшоў, аж у парабкавым жываце забурчэла. Юстын даўно забыўся пра страх, цікуе, што далей будзе. Пакаштавала адна ведзьма кашу з гаршка - і ў комін. За ёю і астатнія паляцелі, бо ўсе як адна паспыталі кашу. Злез тады парабак з запечка і - за гаршчок. Ня доўга думаючы, зачарпнуў рэшткі ведзьмінай кашы ды сабе ў рот. I паляцеў у комін следам за нячыстаю сілай.
Апынуўся Юстын на нейкім балоце. Азірнуўся туды-сюды, а навокал людносці, як на кірмашы! Непадалёку грае музыка, віруюць танцы. I ніводнага мужчыны - адны кабеты танцуюць. Лыпае вачыма парабак, сам сабе ня верыць: у карагодзе таньчыць і яго пані-ўдавіца. Яна таксама ўбачыла парабка, хутчэй пашылася да яго.
- Якое цябе ліха прынесла сюды? - пытаецца. - Хто маю гаспадарку пільнуе?..
Расказаў Юстын, як усё здарылася. Азірнулася пані па баках, ці не сочаць за імі, шапнула дзецюку на вуха:
- Сядай на гэтага белага каня і ўцякай дахаты, бо не выйсці табе адсюль жывым!..
Юстыну два разы не трэба паўтараць. Скокнуў ён на каня і ўмомант апынуўся на панадворку. Прывязаў каня да плота, а сам хутчэй у панскія пакоі. Глядзіць - і пані ужо з імшы вярнулася Пазірае на яго і неяк дзіўна пасміхваецца.
- Што з канём рабіць? - пытаецца ў яе Юстын.
- 3 якім канём? - здзівілася пані.
Выйшлі яны на панадворак, а да плота - бярозавае палена прывязана.
З выдання "Заклятыя скарбы" выдавецтва фірмы "ІТЭКС" Мінск 1992)
Кoличество переходов на страницу: 1882
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |