"Беларусы могуць лічыць яго сваім"
"Звязда": Аляксандр, у чым самая галоўная заслуга Вайцяхоўскага?
Аляксандр Радаеў: Гэты чалавек стаяў каля вытокаў стварэння і станаўлення чэхаславацкай арміі ў 1920-1930-х гадах. Таму чэхі вельмі яго шануюць. У 1997 годзе яны ўзнагародзілі яго вышэйшай дзяржаўнай узнагародай — Ордэнам Белага Льва, пасмяротна. Акрамя таго, ён здолеў у неверагодных умовах вывесці астаткі белай арміі ў Забайкалле, чым выратаваў тысячы жыццяў. Але самае галоўнае — ён выконваў свой доўг перад той Айчынай, на вернасць якой прысягаў, да канца, таму нам, беларусам, несправядліва не ведаць яго імя...
"З": Як генерал з'явіўся ў вашым жыцці?
А. Р.: Усё пачалося з кнігі "Дом у выгнанні", якую мы купілі ў Празе. Яна прысвечана лёсу рускай паслярэвалюцыйнай эміграцыі ў Чэхаславакіі. У гэтай кнізе мы і прачыталі пра генерала Вайцяхоўскага. Мяне ўразіў яго лёс — яркі і драматычны. Яго жыццё скончылася ў лагеры Іркуцкай вобласці — у тых мясцінах, дзе ён калісьці ваяваў у складзе арміі Калчака. Адначасова высветлілася, што ён ураджэнец Віцебска.
"З": Як хутка нарадзілася думка пра выставу?
Іна Радаева: Амаль адразу. Мы выйшлі на выдаўцоў кнігі і пазнаёміліся з вельмі цікавымі прадстаўнікамі рускай эміграцыі ў Чэхіі, якія паважаюць сваю гісторыю, захоўваюць яе, аплачваюць рускія пахаванні на Альшанскіх могілках у Празе — адным словам, выклікаюць вялікую павагу і жаданне пераймаць...
А. Р.: Тады мы і даведаліся, што аўтар нарыса пра генерала — унучаты пляменнік Вайцяхоўскага Сяргей Цылі — амаль 20 гадоў жыў у Мінску, але памёр за год да таго, як мы прачыталі кнігу. Лёс гэтага чалавека таксама вельмі драматычны.
"З": Ці ёсць сёння людзі, якія гатовы дзяліцца экспанатамі для выставы бясплатна?
А.Р.: Так. Адзін наш добра знаёмы чэх перадаў нам копію тэлеграмы тых гадоў. У ёй паведамляецца, што кавалерыйскія часці генерала Вайцяхоўскага ідуць праз Байкал. Жыхар Растова-на-Доне, які спецыялізуецца на бронецягніках часоў грамадзянскай вайны, падзяліўся не толькі фотаздымкамі і інфармацыяй пра легендарны бронецягнік "Орлік", які Чэхаславацкі корпус захапіў у бальшавікоў пад Сімбірскам, але і даў спасылку на фотаальбом, прысвечаны Вайцяхоўскаму. Гэты альбом быў у 1937 годзе падораны генералу як патрону аднаго з вайсковых парадаў. Мы спісаліся з уладальнікам альбома — рускім, які жыве ў Празе і захапляецца вайсковай гісторыяй. Ён без усякіх умоў дазволіў адсканаваць унікальныя фотаздымкі.
І.Р.: Нам удалося знайсці і некалькі арыгінальных фатаграфій Вайцяхоўскага, а таксама карткі-лісты ваеннапалонных аўстра-венгерскай арміі, чэхаў па нацыянальнасці, якія былі адпраўлены з Вілейкі і Радашковічаў.
"З": Такія чэхі і славакі склалі Чэхаславацкі корпус, якому было наканавана адыграць пэўную ролю ў расійскай і сусветнай гісторыі?
А.Р.: Першапачаткова чэхаславацкія вайсковыя часці ў складзе рускай арміі былі сфарміраваны ў 1914 годзе з чэхаў і славакаў, якія пражывалі на тэрыторыі Расійскай імперыі. Але пазней у гэтыя нацыянальныя фарміраванні сталі прымаць ваеннапалонных і беглых этнічных чэхаў і славакаў з аўстра-венгерскай арміі. У 1917 годзе яны склалі ўжо пераважную большасць. Якраз у гэты час Вайцяхоўскі становіцца начальнікам штаба 1-й чэхаславацкай стралковай дывізіі.
"З": Сынам якога народа ён сябе лічыў?
А.Р.: Ва ўсіх дакументах яго нацыянальнасць — "рускі". Ён нарадзіўся ў дваранскай сям'і з абрусеўшага польскага роду ў Віцебску, хрышчоны быў у праваслаўі. Скончыў рэальнае вучылішча ў Вялікіх Луках і Канстанцінаўскае артылерыйскае вучылішча ў Пецярбургу. Пачаў службу з ўдзелу ў руска-японскай вайне, потым паступіў у Мікалаеўскую акадэмію Генеральнага штаба ў Пецярбургу, пасля заканчэння якой размеркаваўся ў Маскоўскую акругу, дзе ў 1913 годзе скончыў яшчэ і авіяцыйную школу. Ён быў з першай сотні рускіх лётчыкаў, і хоць потым абраў для сябе службу страявога афіцэра, пацвердзіў права на нашэнне значка ваеннага лётчыка праз дзесяцігоддзе ў чэхаславацкай арміі. Гэта ж тычыцца і знака акадэміі Генеральнага штаба, які заўсёды быў у яго як на расійскім, так і на чэхаславацкім мундзіры.
І.Р. Думаю, беларусы з поўным правам могуць лічыць яго сваім. Ён не толькі тут нарадзіўся і вырас, але і паліў гэтую зямлю сваёй крывёй. У бязлітасных баях Першай сусветнай вайны пад Вілейкай і Маладзечна ён праявіў сябе як храбры афіцэр і таленавіты камандзір. Быў паранены і ўзнагароджаны.
"З": Што вас больш за ўсё ўразіла ў асобе генерала?
А.Р.: Сіла духу. Ён меў усе падставы не любіць Савецкую Расію, але пры гэтым ён адмовіўся служыць у Рускай вызваленчай арміі, якая ваявала на баку Трэцяга рэйха супраць СССР. Яго асоба выклікае пачуццё павагі: ён быў чалавекам гонару, які не ўдзельнічаў у палітычных гульнях.
Чэхаславацкі генерал
"З": І гэта ў абставінах, калі тыя ж чэхаславакі, кідаліся то туды, то сюды...
А.Р.: Чэхаславакі аказаліся заложнікамі абставін. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі і заключэння Брэст-Літоўскага міру яны аказаліся персонамі нон грата на тэрыторыі Расіі. Па юрысдыкцыі камандаванне над імі прыняла Французская Рэспубліка. Аднак у Францыю на Заходні фронт Чэхаславацкі корпус мог патрапіць толькі праз Уладзівасток і Ціхі акіян. Для гэтага яму належыла выканаць фантастычную задачу — пераадолець доўгі шлях па Транссібірскай чыгунцы.
"З": Як атрымалася, што Чэхаславацкі корпус стаў каталізатарам грамадзянскай вайны ў Расіі?
А.Р.: Усё атрымалася да банальнасці выпадкова. Паміж чэхаславакамі, якія рухаліся ў бок Уладзівастока, і палоннымі немцамі і венграмі, якія пасля Брэсцкага міру па той жа Транссібірскай магістралі рухаліся насустрач ім, існавала варожасць. І вось у маі 1918 года на чыгуначнай станцыі ў Чалябінску нехта з эшалона з ваеннапалоннымі венграмі кінуў у бок чэхаславацкіх вагонаў чыгунную ножку ад печкі і смяротна параніў чэха. У адказ чэхаславакі здзейснілі самасуд над вінаватым. На наступны дзень савецкія ўлады арыштавалі некалькіх легіянераў, але чэхі вызвалілі іх сілай і захапілі арсенал са зброяй.
З гэтага пачаўся мяцеж чэхаславацкіх эшалонаў, якія расцягнуліся на некалькі тысяч кіламетраў — ад Самары і Екацярынбурга да Уладзівастока, і змяшчалі каля 50 тысяч чалавек. Яны адмовіліся здаваць зброю Саветам і прынялі рашэнне самастойна рухацца на Уладзівасток, пры гэтым сутычкі не выклікаць. У той час гэта была адзіная баяздольная групоўка на тэрыторыі Расіі, і можна ўявіць, якія пачуцці яна выклікала як у бальшавікоў, так і іх праціўнікаў.
Нам удалося здабыць копію знакамітай тэлеграмы Троцкага, у якой паведамлялася, што "кожны чэхаславак, які будзе знойдзены ўзброеным на лініі чыгункі, павінен быць расстраляны на месцы". Так пачалося супрацьстаянне, у выніку якога чэхаславакі занялі некалькі гарадоў на сваім шляху і адкрылі сабе дарогу на Омск і далей. Цяпер яны маглі бесперашкодна выехаць з Расіі, але Антанта, у склад якой фармальна ўваходзіў Чэхаславацкі корпус, была зацікаўлена, каб Расія працягнула вайну з немцамі, а для гэтага ёй патрэбна было, каб бальшавісцкая ўлада была звергнута.
Гэта было б рэальна, калі б было патрэбна і чэхаславакам. У гарадах, якія яны займалі, фарміраваліся антыбальшавісцкія ўрады. Потым гэта распаўсюдзілася па Волзе, у Сібіры і на Далёкім Усходзе. Пад камандаваннем Вайцяхоўскага чэхаславакі без страт занялі Чалябінск, захапілі Троіцк і Златавуст, Екацярынбург і Ніжні Тагіл. Чэхаславацкім нацыянальным саветам Вайцяхоўскі быў узведзены ў генерал-маёры.
Белы генерал
Аднак чэхаславакі не адыходзілі ад чыгункі: яны не хацелі паміраць у чужой краіне. У канцы 1918 года пачаліся супярэчнасці паміж кіраўніцтвам чэхаславацкага корпуса і Калчаком. Тады Вайцяхоўскі падтрымаў Калчака і ў пачатку 1919-га вярнуўся на рускую службу ў войска Вярхоўнага Кіраўніка Расіі ў тым жа чыне генерал-маёра. Пасля гібелі генерала Капеля і расстрэлу адмірала Калчака Вайцяхоўскі ўзначаліў знакаміты Вялікі сібірскі лядовы паход і давёў свае войскі да Чыты, дзе яны сустрэліся з войскамі атамана Сямёнава.
"З": Пра тое, наколькі была складанай сітуацыя на гэтай вайне, сведчыць выпадак з расстрэлам генерала Грывіна...
А.Р.: Гэта адзін з самых супярэчлівых эпізодаў у біяграфіі Вайцяхоўскага. Войскі белага генерала Грывіна без дазволу адступілі і тым самым агалілі для чырвонаармейцаў фланг арміі. Гісторыкі пішуць, што Вайцяхоўскі асабіста застрэліў генерала Грывіна за адмову выконваць загад, але мне цяжка каментаваць гэтую сітуацыю. Нам складана сёння ўявіць, наколькі стомленыя былі ў тыя дні людзі, наколькі напружаная атмасфера, наколькі важна было ўтрымліваць дысцыпліну ў арміі і як шмат у тыя часы было здрады і мяцежных настрояў. Не бяруся судзіць ні Грывіна, ні Вайцяхоўскага.
І.Р.: Хутчэй за ўсё, у тых абставінах Вайцяхоўскі не мог паступіць інакш. Паказальна, што ён не прыняў маральна-этычных прынцыпаў вядзення вайны генералам Сямёнавым, калі пасля ўз'яднання здаў кіраўніцтва войскамі Расійскай Усходняй ускраіны і камадзіраваўся ў Крым.
"З": Паказальна і тое, што чэхаславакі не забылі свайго генерала.
А.Р.: Так. Як толькі Вайцяхоўскі эвакуіраваўся ў Канстанцінопаль, ён атрымаў запрашэнне Чэхаславацкага ўрада на службу. Гэта міжваеннае 18-годдзе ў Чэхаславакіі было, бадай што, адзіным адносна спакойным перыядам яго жыцця. Вяйцяхоўскі ў Чэхаславакіі зрабіў галавакружную кар'еру: камандзір брыгады, дывізіі, аругі, арміі... У вайсковай іерархіі таго часу ён займае чацвёртую па значнасці пасаду пасля міністра абароны, галоўнага інспектара і начальніка штаба.
І.Р.: І зноў да канца застаецца верным сабе. На вяршыні сваёй кар'еры, падчас Мюнхенскага крызісу 1938 года, ён заняў актыўную антыкапітулянцкую пазіцыю, за што быў адпраўлены ў адстаўку. Па ўспамінах сына, ён гатовы быў здзейсніць у Чэхаславакіі дзяржаўны пераварот, каб не дапусціць падзелу Чэхіі і перадачы яе пад нямецкі пратэктарат.
"З": Нягледзячы на гэта, у 1945-м яго арыштавалі савецкія органы. Чаму ён не з'ехаў разам з сям'ёй, каб пазбегнуць арышту?
І.Р.: Магчыма, таму, што быў грамадзянінам Чэхіі, адстаўным генералам чэхаславацкай арміі, з немцамі ніколі не супрацоўнічаў і не мог сабе ўявіць, што яго будуць судзіць за падзеі 25-гадовай даўніны. Яго асудзілі за службу ў арміі Калчака на 10 гадоў лагераў. Ён не дажыў да вызвалення 4 гады, памёр у 1951 годзе ад сухотаў і знясілення. У 1996 годзе быў рэабілітаваны Галоўнай ваеннай пракуратурай Расійскай Федэрацыі.
"З": Якімі вынікамі выставы вы найбольш задаволеныя?
І.Р.: Самае галоўнае — імя Вайцяхоўскага вярнулася ў Беларусь. Наведвальнікі музея не толькі даведваліся, хто такі Вайцяхоўскі, але і хто такія "белачэхі", і што ўвогуле гэта быў за перыяд у гісторыі Расіі і Беларусі. Па тэлеканале АНТ былі паказаны некалькі сюжэтаў, прысвечаных генералу, а сёння вядуцца перамовы пра стварэнне дакументальнага фільма аб Вайцяхоўскім.
Акрамя таго, знайшліся сваякі Вайцяхоўскага, якія доўгі час нічога не ведалі ні пра яго, ні пра яго сям'ю, адкрыліся новыя гісторыі і лёсы... Вяртанне працягваецца. Мы па праве можам ганарыцца тым, што Вайцяхоўскі нарадзіўся ў Беларусі. Нельга заставацца людзьмі без роду і племені.
Вольга Мядзеведзева
Звязда, 20 кастрычніка 2012
Кoличество переходов на страницу: 1486
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |